Аўстралія, Канада, Еўрапейскі Звяз, Новая Зеландыя і Вялікая Брытанія выступілі з заявай, у якой асудзілі «выбары» і рэпрэсіі ў Беларусі. Напярэдадні некаторыя з гэтых краінаў увялі санкцыі супраць кампаніяў і асобаў з Беларусі.
У заяве, апублікаванай вонкавапалітычным ведамствам Аўстраліі, выказваецца адзінства «ў асуджэнні фіктыўных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 26 студзеня і працягу парушэнняў правоў чалавека, якія здзяйсняюцца беларускім рэжымам».
«Ніякія выбары не могуць лічыцца свабоднымі, справядлівымі ці адпаведнымі міжнародным стандартам, калі яны праводзяцца ў атмасферы рэпрэсіяў, якія працягваюцца, адзначаныя прыгнечаннем грамадзянскай супольнасці, адвольнымі затрыманнямі і абмежаваннямі на сапраўдны палітычны ўдзел», – гаворыцца ў заяве.
Падпісанты заявы заклікалі ўлады Аляксандра Лукашэнкі вызваліць больш як 1250 несправядліва затрыманых палітычных вязняў.
,,«Мы заклікаем Беларусь выконваць яе міжнародныя абавязкі ў галіне правоў чалавека і абавязкі ў рамках АБСЕ ва ўсіх адносінах, уключаючы аднаўленне адкрытай грамадзянскай супольнасці, каб стварыць асяроддзе, у якім могуць быць праведзеныя новыя выбары, якія адпавядаюць міжнародным стандартам. Мы падтрымліваем беларускі народ і прызнаем яго права вызначаць сваю будучыню сапраўды свабодным і справядлівым чынам, без страху, прыгнёту ці вонкавага ўмяшання», – абвяшчае дакумент.
Падпісанты заявы таксама паабяцалі «падтрымліваць імкненні беларускага народу да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі».
Нагадаем, што Вялікая Брытанія 27 студзеня дадала ў санкцыйны спіс у дачыненні Беларусі яшчэ дзевяць пазіцыяў. З кампаніяў пад санкцыямі апынуліся ААТ «АЛЕВКУРП», КБ «Беспілотныя верталёты» і ААТ «Завод «Легмаш»», а персанальна ў спіс трапілі кіраўнік ГУБАЗіКу Андрэй Ананенка, ягоны намеснік Міхаіл Бедункевіч, начальнік менскага СІЗА № 1 Андрэй Цэдрык, старшыня ЦВК Ігар Карпенка, начальнік турмы № 1 у Горадні Павел Казакоў, начальнік калоніі № 11 у Ваўкавыску Віктар Дуброўка.
Канада пасля «выбараў» у Беларусі ўвяла санкцыі супраць жонкі Лукашэнкі Галіны і яшчэ шэрагу асобаў і кампаніяў. Сярод іх – АМАП, ГУБАЗіК, КДБ, «СтанкаГомель» і яго дырэктар Анатоль Савянок, Беларускі металургічны завод, «Легмаш» і яго дырэктар Уладзіслаў Паўленка, КБ «Беспілотныя верталёты» з дырэктарам Уладзімірам Чудаковым, ТАА «Лабараторыя адытыўных тэхналогіяў», «Рухсерваматар», Менскі падшыпнікавы завод, Менскі завод шасцерань і «Вістан». Таксама пад санкцыі трапілі сваякі камандзіра менскага АМАПу Дзмітрыя Балабы і намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова, начальнік ГУБАЗіКу Андрэй Ананенка.
Якуб Хруст belsat.eu