навіны

Латвія не прызнае легітымнымі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі

Сейм Латвіі
Сейм Латвіі. Фота: saeima.lv
podpis źródła zdjęcia

Сейм Латвіі 23 студзеня апублікаваў заяву, у якой адмаўляецца прызнаваць легітымнымі выбары прэзідэнта ў Беларусі, што адбудуцца 26 студзеня.

Латвійскі парламент тлумачыць, што не будзе прызнаваць вынікі беларускіх выбараў, бо яны «не маюць нічога агульнага са свабодным і справядлівым выбарчым працэсам».


Сейм заяўляе, што ў Беларусі працягваюцца маштабныя рэпрэсіі, распачатыя ўладамі пасля выбараў 2020 года, больш за 1200 чалавек за кратамі прызнаныя палітвязнямі, і на гэтым фоне тое, што адбудзецца 26 студзеня – гэта «псеўдавыбары, для якіх характэрная адсутнасць свабоды слова і сходаў, ігнараванне прынцыпаў дэмакратыі і верхавенства закону, дзе вынік ужо прадказаны». Такія выбары не могуць і не павінны лічыцца легітымнымі, заявіла Інара Мурніеце, старшыня адказнай за заяву Камісіі замежных справаў Сейму.


Асобна ў заяве згадваецца, што на так званых выбарах у Беларусі не будзе міжнародна прызнаных назіральнікаў, у краіне задушаныя апазіцыя і незалежныя медыі, а народ пазбаўлены любых магчымасцяў свабодна выказваць сваю палітычную волю.

,,

«Аляксандр Лукашэнка страціў сваю легітымнасць у 2020 годзе, і гэтыя выбары служаць толькі сімвалічным жэстам, каб пакінуць рэжым ва ўладзе», – заяўляе Сейм.


Адначасова ў заяве гаворыцца, што Латвія падтрымлівае дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць Беларусі ў іх імкненні да стварэння свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай дзяржавы і заклікае міжнародную супольнасць узмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і супрацьдзейнічаць любым спробам яго легалізацыі на міжнароднай арэне.


Латвійскія дэпутаты патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, спыніць рэпрэсіі і выконваць міжнародныя абавязальніцтвы ў дачыненні правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў.


Аб непрызнанні вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі заявілі таксама Украіна, Польшча, Літва, ЗША. 22 студзеня Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю з заклікам не прызнаваць выбары ў Беларусі. Дакумент не падпісалі Вугоршчына і Славаччына.


Прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў пра «грубае ўмяшальніцтва ў сувярэнныя справы» Беларусі.


Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у нядзелю 26 студзеня. 21 студзеня распачалося датэрміновае галасаванне. У ім прынялі ўдзел 27,15% ад агульнай колькасці выбарцаў за тры дні, сцвярджае ЦВК.


Марыя Міхалевіч belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10