АБСЕ адмовілася накіроўваць сваіх назіральнікаў на прэзідэнцкія выбары ў Беларусь праз позняе запрашэнне.
Адпаведнае паведамленне з’явілася на старонцы арганізацыі ў Х 17 студзеня.
,,«Позняе запрашэнне ад Беларусі, усяго за 10 дзён да прэзідэнцкіх выбараў, не дазваляе БДІПЧ (Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека. – Заўв. рэд.) атрымаць доступ да ключавых этапаў выбарчага працэсу, што робіць немагчымым істотнае назіранне», – гаворыцца ў паведамленні АБСЕ.
9 студзеня, у супольнай заяве БДІПЧ і Парламенцкай асамблеі АБСЕ выказвалася шкадаванне ў сувязі з пастановаю ўладаў Беларусі не запрашаць незалежных назіральнікаў. У заяве ўдакладнялася, што БДІПЧ прыкладала намаганні для ўзаемадзеяння з уладамі Рэспублікі Беларусь, але да дню выбараў заставалася «менш за тры тыдні» і БДІПЧ «не здолела ажыццявіць маніторынгу ключавых этапаў працэсу».
Пасля выбараў 2020 года АБСЕ заклікала ўлады Беларусі правесці новыя выбары, а вынікі галасавання 9 жніўня ануляваць у сувязі з «парушэннямі на ўсіх этапах» выбарчага працэсу. Сёлета АБСЕ заклікала да правядзення свабодных выбараў у Беларусі.
17 студзеня МЗС Беларусі напісала ў Фэйсбуку, што накіруе запрашэнне ў БДІПЧ для назірання за галасаваннем. Менск адзначыў, што ЦВК ужо акрэдытавала 456 міжнародных назіральнікаў з 49 краінаў свету. Запрашэнні атрымалі Выканкам і Міжпарламенцкая асамблея СНД, Парламенцкая асамблея АДКБ, Парламенцкі сход Саюзнай дзяржавы, Шанхайская арганізацыя супрацы.
Улады Беларусі запрасілі назіраць за галасаваннем на прэзідэнцкіх выбарах БДІПЧ АБСЕ, каб паставіць арганізацыю ў няёмкае становішча і з прапагандысцкімі мэтамі, а не дзеля празрыстасці – запрашэнне зрабілі позна і цяпер арганізацыя мусіла б адмовіцца. Такую думку выказаў «Белсату» эксперт у справе выбараў, спецыяльны дарадца Святланы Ціханоўскай у справе выбараў Аляксандр Шлык яшчэ да таго, як АБСЕ агучыла, што не будзе накіроўваць назіральнікаў у Беларусь.
,,«Калі ў назіральнікаў няма магчымасці назіраць за ўсім выбарчым працэсам, то назіраць толькі за працэсам галасавання не мае ніякага сэнсу», – казаў эксперт.
АБСЕ зазначыла, што, нягледзячы на тое што БДІПЧ не будзе назіраць за выбарамі, арганізацыя працягне сачыць за падзеямі ў Беларусі ва ўсіх сферах, што ўваходзяць у яе мандат.
Марыя Міхалевіч belsat.eu