навіны

«Залатая» ікра, папрыка і бульба. Што найбольш падаражэла ў Беларусі за год

img
Крама ў Менску, Беларусь. 21 жніўня 2023 года. Фота: Contributor/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Белстат падлічыў рост цэнаў на шмат якія тавары і паслугі за мінулы год. У лідарах – ікра, салодкі перац і бульба. Яны падаражэлі больш як на 30 %.

Далікатэс, што лічыцца ў Беларусі навагоднім, ікра, у леташнім снежні падаражэла год да года ажно на 39 %. Пры гэтым моцна выраслі ў цане харчы, якія далікатэснымі ніколі і не былі: салодкі перац – на 32 %, а бульба – на 31 %.


І калі ікра ў нашай краіне імпартная, і на яе кошт улады не маюць уплыву, то вось бульба сталася «залатою» акурат праз дзеянні ўладаў. Дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў зрабіла вырошчванне нацыянальнага караняплода стратным.


Вытворцы маглі б зарабіць на экспарце (найперш – у Расею), аднак гэтую магчымасць чыноўнікі зруйнавалі, баючыся дэфіцыту на ўнутраным рынку: цяпер вывезці з краіны бульбу, а таксама буракі, капусту, моркву, цыбулю і яблыкі можна толькі з адмысловага дазволу. Пры гэтым у Расеі бульба падаражэла за год амаль удвая.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працаўнікі ААТ «Васілішкі» хваляцца ўраджаем капусты на Шчучыншчыне. Васілішкі, Шчучынскі раён, Беларусь. Фота: Алег Шышлоўскі / Dzyannica.by

Усё так кепска? У Беларусі ўвялі ліцэнзаванне экспарту буракоў, капусты, морквы, цыбулі і яблыкаў

Аналітыка

Дарэчы, эксперт даследчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык папярэджваў, што калі абмежаванні экспарту, пакуль часовыя, зробяцца сталымі, гэта можа прывесці да скарачэння вытворчасці харчоў:


«Гэта прывядзе да зніжэння інвестыцыяў у пашырэнне засеўных плошчаў, у інавацыі вырошчвання гародніны, і тады праз некалькі гадоў можна атрымаць даволі нядобрую сітуацыю з насычэннем унутранага рынку».


Акрамя таго, істотна за год падаражэла кава, шакалад, аліўкавы алей, рыс, рыба – усё тое, што Беларусь завозіць з-за мяжы.


Пры гэтым, паводле падлікаў Белстату, на 13,7 % патаннела грэчка, на 11 % – капуста, на 5,8 % – буракі, на 3,3 % – свежыя гуркі, на 1,7 % – яблыкі, на 0,3 % – цукар.


У сярэднім цэны на харчы выраслі летась на 6,5 %.


Сярод нехарчовых тавараў самае істотнае падаражэнне зазналі штомесячныя часопісы (на 20,6 %), ювелірныя вырабы (на 14,2 %), штотыднёвыя газеты (на 12 %) і жывыя кветкі (на 10,9 %).


Пры гэтым па гаманцы беларусаў заўважна ўдарылі паслугі, за якія даводзіцца рэгулярна плаціць. Халоднае водазабеспячэнне падаражэла ў леташнім снежні год да года на 15,4 %, каналізацыя – на 15 %, вываз і ўтылізацыя адкідаў – на 18,7 %, карыстанне ліфтам – на 17,2 %, тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў – на 13,2 %, «іншыя камунальныя паслугі» – на 18,2 %. 


Найбольш сярод паслуг за год падаражэлі курсы кіроўцаў – ажно на 26,5 %. Квіткі ў тэатры выраслі ў цане на 22,6 %, а паездкі ў таксоўках – на 20,5 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына выбірае сыр у супермаркеце ў Менску, Беларусь. 25 кастрычніка 2022 года. Фота: Contributor / Getty Images

Улады выканалі гадавы план росту цэнаў. Гэта кепска – і вось чаму

Аналітыка

Летась інфляцыя ў Беларусі склала 5,2 % пры плане ўладаў не больш за 6 %. Экспертка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна раней тлумачыла «Белсату», што такога выніку ўдалося дасягнуць толькі дзякуючы жорсткаму рэгуляванню цэнаў. Фактычна кошты раслі больш шпарка, толькі не для спажыўцоў, а для вытворцаў і гандлю, якія, уласна, і расплачваюцца за папулізм уладаў і страчваюць рэнтабельнасць.


У такіх умовах утвараецца інфляцыйны навес. Паводле ацэнак Харытончыка з цэнтру BEROC, калі б рэгулявання не было, цэны ў Беларусі выраслі б на 10 %.


План уладаў на гэты год – інфляцыя не больш за 5 %, меншая як летась. Пры гэтым чыноўнікі рыхтуюцца ўвесці новую сістэму рэгулявання цэнаў, яны маюць стаць «справядлівымі для ўсіх». Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч казаў, што ў кампаніі мусяць працаваць без стратаў. Аднак гэта вымагае павышэння цэнаў, таму, падобна, чыноўнікі маюць неяк змякчыць правілы цэнаўтварэння. І тут перад уладамі паўстане пытанне, як выканаць свой жа прагноз росту цэнаў.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10