Алесь з цікавасці зрабіўся чальцом выбарчай камісіі ў Польшчы. Калі ён пабачыў, як празрыста там адбываюцца выбары, то пастанавіў стартаваць у выбарчай гонцы як кандыдат у мясцовую раду. Мы распыталі Алеся пра ягоны досвед удзелу ў польскім палітычным жыцці.
Госць гэтага выдання – беларус Алесь Зімніцкі, які зрабіўся польскім палітыкам. Ён выдатна валодае беларускай мовай і распавёў нам пра выбары ў Польшчы, каб мы маглі параўнаць іх з «бязвыбарамі» ў РБ.
У граматычнай частцы Віктар Шукеловіч распавёў, хто з магнатаў Радзівілаў дакладна мог гаварыць па-беларуску.
Самы знакаміты з Радзівілаў, Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, будаўнік Нясвіжскага замка і касцёла Божага Цела, пісаў сваё прозвішча на беларускі манер – з адно літарай «l» на канцы: Radzivil. Убачыць гэта можна на мармуровых табліцах часоў Сіроткі ў тым самым нясвіжскім касцёле. Варыянт Radziwiłłз’явіўся значна пазней найперш у польскай мове, а потым гэты паланізаваны варыянт патрапіў у расейскую і ангельскую. Таму некаторыя лінгвісты перакананыя, што мы, беларусы, павінны і цяпер пісаць па-ангельску Radziwil – натуральна, калі лічым гэты славуты магнацкі род беларускім.
Дык ці размаўлялі Радзівілы па-беларуску? Толькі ў ХХ стагоддзі мы маем два такія выбітныя прыклады. Адзін – Магдалена Радзівіл з роду Завішаў. У сваім маёнтку Кухцічы пад Уздой княгіня вывесіла абвестку «Прашу размаўляць са мной не па-польску, не па-руску, а па-беларуску». Разам з мужам Мікалаем яны збіралі беларускі фальклор, размаўлялі між сабой на нашай мове. Шчодра падтрымлівала беларускую культуру, выдавецтвы, адкрывала беларускія школы. Прафінансавала першыя кнігі Канстанцыі Буйло і Максім Багдановіча. Страшна ўявіць, колькі б страціла нашая літаратура, каб княгіня Радзівіл не падтрымала адзіную прыжыццёвую кнігу Багдановіча «Вянок».
Іншы прыклад – князь Альбрэхт Радзівіл, які быў нясвіжскім ардынатам у 1914-1935 гадах. Ягоная дачка Эльжбета, якая пражыла 103 гады, шмат успамінала, як у Нясвіжы бацька размаўляў з гараджанамі па-беларуску, хоць сярод шляхты збольшага гучала польская і французская мова. Альбрэхт Радзівіл разам з Раманам Скірмунтам падтрымалі Беларускую Народную Рэспубліку і нават спрабавалі знайсці для маладой дзяржавы крэдыты за мяжой.
Захаваліся сведчанні, што Караль Станіслаў Радзівіл, больш вядомы як Пане Каханку, менавіта па-беларуску вітаў у сваім замку ў Нясвіжы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце штонядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.
Калаж з фота: bip.brpo.gov.pl, sb.by