Прэм’ер-міністр Славаччыны Робэрт Фіца апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку зварот да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з запрашэннем сустрэцца каля ўкраінска-славацкай мяжы.
У сваім звароце Фіца кажа пра спыненне транзіту газу праз Украіну ў бок Славаччыны, што, паводле прэм’ер-міністра, наносіць вялізную шкоду Украіне, Славаччыне і наагул Еўразвязу, і не спрыяе «ні двухбаковым, ні шматбаковым дачыненням».
«Я не маю намеру адказваць на вашую заяву ад нядзелі, 12 студзеня 2025 года [пост Зяленскага ў Х. – Рэд.], таму што я не збіраюся далей нагнятаць напружанасць. Я хачу цалкам засяродзіцца на вырашэнні сітуацыі, звязанай са спыненнем транзіту газу», – кажа палітык.
Фіца зазначыў, што падчас усіх сваіх замежных паездак падкрэслівае неабходнасць неадкладнага спынення баявых дзеянняў ва Украіне, падтрымлівае прадстаўленыя на дадзены момант мірныя планы і прапаноўвае, каб мірныя перамовы на любым узроўні праводзіліся сярод іншага ў Славаччыне.
Прэм’ер-міністр звяртае ўвагу на тое, што праз спыненне транзіту газу па тэрыторыі Украіны Славаччына будзе губляць штогод каля 500 мільёнаў еўраў, але гэта – не галоўная страта.
,,«Найбольш вырашальным з’яўляецца ўплыў вашага рашэння на канкурэнтаздольнасць Еўразвязу – арганізацыі, у якой вы прэтэндуеце на сяброўства, – кажа палітык. – <…> Я вёў перамовы з сябрам Еўракамісіі – камісарам па энергетыцы Дэнам Ёргенсанам і ягонай камандай. Рашэнні, прынятыя на гэтай сустрэчы, пацвярджаюць сур'ёзнасць сітуацыі, і таму я звяртаюся да ўкраінскага боку з просьбай актыўна ўдзельнічаць у далейшых перамовах і працы спецыяльнай працоўнай групы, створанай дзеля гэтага».
Фіца прапаноўвае Зяленскаму сустрэцца і амберкаваць усе гэтыя пытанні ў найбліжэйшы час «на тэрыторыі Славацкай Рэспублікі паблізу дзяржаўнай мяжы паміж Славаччынай і Украінай».
«Вельмі сімвалічна, што для праезду на тэрыторыю Славаччыны вы можаце выкарыстоўваць прамое чыгуначнае злучэнне з Кіеву ў Кошыцы, якое стала вынікам супольных намаганняў нашых урадаў», – зазначыў Фіца.
Сустрэча, паводле прэм’ер-міністра, павінна стварыць добрыя ўмовы для адкрытай размовы аб пастаўках газу ў Славаччыну і іншыя краіны праз тэрыторыю Украіны, аб магчымых тэхнічных рашэннях з улікам сканчэння кантракту паміж украінскай і расейскай кампаніямі 31 снежня 2024 года, а таксама пра ўплыў спынення транзіту газу праз Украіну на зніжэнне канкурэнтаздольнасці еўрапейскай эканомікі і на развіццё двухбаковых славацка-ўкраінскіх дачыненняў.
Украіна спыніла транзіт расейскага газу па сваёй тэрыторыі ў Еўропу 1 студзеня 2025 года пасля сканчэння пагаднення паміж «Нафтагазам Украіны» і «Газпромам» ад снежня 2019 года. Пра рашэнне не працягваць дамову Кіеў папярэджваў Расею загадзя.
Робэрт Фіца ў адказ заявіў, што спыніць пастаўкі электраэнергіі ва Украіну. Зяленскі ў сваю чаргу абвінаваціў Фіца ў тым, што Пуцін даручыў яму адкрыць «другі энергетычны фронт супраць Украіны».
Прэм’ер-міністр заявіў, што Украіна – ненадзейны партнёр, а Зяленскі – жабрак і шантажыст.
,,«Прызнаюся, што часам ён мне надакучвае. Ездзіць па Еўропе, папрашайнічае і шантажуе іншых, просіць грошай. Гэта трэба спыніць», – казаў Фіца.
Зяленскі ў адказ абвінаваціў Фіца ў ценявых схемах з Масквой:
«Добра, што прэм’ер-міністр Славаччыны Фіца ўжо вярнуўся з адпачынку ў раскошным гатэлі ў В’етнаме і цяпер у Браціславе. Відаць, для яго гэта няпроста – замест таго, каб шыкаваць, цяпер спрабаваць выправіць свае ж уласныя памылкі. Гэта было відавочнай памылкай Фіца – спадзявацца, што ягоныя ценявыя схемы з Масквой будуць працягвацца да бясконцасці», – напісаў у Х Зяленскі.
Паводле Зяленскага, Украіна прапанавала Славаччыне дапамогу, каб адаптавацца да адсутнасці транзіту расейскага газу, але «Фіца нахабна адмовіўся».
,,«Многія ў Еўропе папярэджвалі яго, што нічога не рабіць і чакаць – гэта не варыянт. Цяпер ён звяртаецца да піяру, хлусні і гучных абвінавачванняў, каб перакласці віну з сябе на іншага. Але сапраўдная праблема ў тым, што ён зрабіў стаўку на Маскву, а не на ўласную краіну, не на аб'яднаную Еўропу і тым больш не на здаровы сэнс. З самага пачатку стаўка была пройгрышнай», – кажа Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны выказаў спадзяванне, што далейшая дыверсіфікацыя крыніцаў энергазабеспячэння ў Еўропе, супраца з Еўракамісіяй і рэалізацыя палітыкі Трампа дзеля павелічэнні паставак амерыканскага газу на кантынент дапамогуць «развязаць праблемы, выкліканыя недальнабачнасцю некаторых еўрапейскіх дзеячаў».
Агенцтва «Reuters» паведамляла, што на сустрэчы з Фіца 22 снежня Пуцін паабяцаў знайсці альтэрнатыўныя шляхі паставак расейскай сыравіны ў Славаччыну, напрыклад, пры дапамозе «Турэцкага патоку».
Доля расейскага газу ў славацкім імпарце складала каля 50 %. Нягледзячы на цяперашні скандал, без паліва рэспубліка не засталася, існуюць альтэрнатыўныя маршруты, проста газ будзе даражэйшы. Паводле ацэнак кампаніі SPP, найбуйнешага пастаўніка энергіі ў краіне, Славаччына можа страціць за год каля 220 мільёнаў еўраў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu