У Беларусі зменшылася колькасць выбарнікаў, а арганізацыя выбараў непразрыстая і выклікае шмат пытанняў. Праваабаронцы «Вясны» падрыхтавалі справаздачу пра ўтварэнне ўчастковых камісіяў на прэзідэнцкіх выбарах. Расказваем пра галоўнае з дакументу.
Праваабаронцы адзначаюць, што слова выбары ў сваім дакуменце яны выкарыстоўваюць за знакам «*», каб падкрэсліць умоўны характар гэтага працэсу.
Менш выбарчых участкаў, больш скрытасці
Да выбараў 2025 года ў Беларусі было ўтворана 5325 участковых выбарчых камісіяў (УВК), якія і будуць праводзіць выбары. Гэта на 86 менш, чым было падчас адзінага дня галасавання 2024 года, і на 398 менш, чым на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года (без уліку ўчасткаў за мяжой у 2020 годзе). У 2025 годзе выключаныя згадкі пра ўтварэнне ўчастковых камісіяў за межамі Беларусі.
У склад УВК увайшлі 56 550 чалавек (супраць 57 233 асобаў у 2020 годзе). Выходзіць, што сярэдняя колькасць чальцоў УВК у 2025 годзе трохі павялічылася (10,61 чалавека на камісію супраць 10,57 у 2020 годзе).

Гэта сведчыць пра скарачэнне малалікіх участкаў і ўзбуйненне іншых, лічаць праваабаронцы.
«Скарачэнне колькасці УВК можа быць звязана са скарачэннем насельніцтва Беларусі ды паказваць на змяншэнне колькасці выбарнікаў, што, у сваю чаргу, часткова можа быць абумоўлена такімі фактарамі, як вымушаная эміграцыя», – адзначае «Вясна».
Захавалася тыповая для Беларусі імітацыя дэмакратычных працэсаў, лічыць праваабаронцы. Ва УВК вылучылі кандыдатаў «іншыя грамадскія аб'яднанні», палітычныя партыі, грамадзяне і працоўныя калектывы.
Большасць чальцоў УВК – гэта прадстаўнікі «іншых грамадскіх аб'яднанняў» (49,4 %). Сярод іх толькі праўладныя аб’яднанні: «Белая Русь», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі саюз жанчын, Беларускі фонд міру, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў і прафсаюзы, што ўваходзяць у дзяржаўную Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі.

Другая паводле велічыні група – прадстаўнікі ад грамадзянаў – 29,1 % ці 16,5 тысячаў. У сітуацыі татальнай зачысткі гэтая лічба выглядае сумнеўнаю, лічаць праваабаронцы. Тым больш, што кожнаму з гэтых людзей трэба было сабраць 10 подпісаў. «Вясна» звяртае ўвагу на тое, што працэс вылучэння быў непублічным і ўвогуле не прасоўваўся ўладамі.
«На сайтах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў была размешчаная інфармацыя толькі пра час і месца прыёму дакументаў аб вылучэнні ў сябры ўчастковых выбарчых камісій.
,,«Пры такім фактычным замоўчванні этапу фармавання УВК выклікае абгрунтаваныя сумневы наяўнасць нізавой ініцыятывы, якая дазволіла аб'яднацца грамадзянам, каб вылучыць больш за 16,5 тысячы сваіх прадстаўнікоў, асабліва ў параўнанні з кампаніяй 2020 года, калі ад грамадзян было вылучана 35 355 чалавек і была актыўная кампанія прыцягнення грамадзян да працы ў камісіях», – піша «Вясна».
Камісіі для выгляду
Ненатуральна выглядаюць паводзіны палітычных партыяў. Тры з чатырох, якія яшчэ засталіся ў Беларусі, выставілі сваіх лідараў кандыдатамі на прэзідэнцтва. У рэальным палітычным працэсе яны былі б зацікаўленыя ў актыўным удзеле сваіх прадстаўнікоў у працы УВК, аднак вылучылі ў камісіі толькі 5548 чалавек (9,8 %).
Прыкметнай застаецца роля праўладных прафсаюзаў, якія атрымалі 15,7 % месцаў ва УВК.
«Што пацвярджае ролю прафсаюзаў як адной з асноўных крыніц "працоўных рук" для парушэння выбарчага заканадаўства і пры гэтым стварэння карцінкі дэмакратычнага працэсу», – піша «Вясна».
Цікава, што практычна ўсе, хто вылучаўся ў склад УВК, прайшлі – 99,5 %. Гэта адбылося ў выніку непразрыстага разгляду вылучаных прадстаўнікоў і сведчыць пра адсутнасць канкурэнцыі і незацікаўленасць уладаў у тым, каб людзі былі ўключаныя ў працэс, адзначаюць праваабаронцы.

На дадатак, няма ніякіх звестак пра абскарджанне пастановаў аб фармаванні УВК, што звычайна назіраецца ў дэмакратычных сістэмах.
У ананімных камісіях амаль адныя жанчыны
Колькасць жанчын ва УВК па-ранейшаму застаецца высокаю (74,8 %). А вось у ЦВК іх толькі 33 %.
Паводле «Вясны», гэта сведчыць пра дамінаванне класічных патрыярхальных установак, у якіх жанчыны пераважна прыцягваюцца да выканання бюракратычных функцыяў, а кіраванне і прыняцце рашэнняў на вышэйшых узроўнях застаюцца пераважна мужчынскай прэрагатывай.
Улады на публікуюць пайменных спісаў сябраў УВК. Гэта значна ўскладняе ацэньванне складу камісіяў.
«У прыватнасці тое, наколькі захоўваецца "вытворчы прынцып", што звычайна практыкуецца ў час фармавання выбарчых камісій, калі сябры камісіі лічацца прадстаўнікамі розных суб'ектаў (партыі, грамадзяне, грамадскія аб'яднанні), але набраныя з аднаго працоўнага калектыву, а іх непасрэдныя начальнікі з'яўляюцца кіраўнікамі гэтых выбарчых камісій», – адзначае «Вясна».
Улічваючы ўсе заўвагі праваабаронцаў, незалежнага грамадскага кантролю за фармаваннем камісія не было.
«Нельга выключаць, што склад камісій сёлета можа не моцна адрознівацца ад мінулых гадоў, калі здзяйсняліся грубыя парушэнні выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў правядзення сумленных і свабодных выбараў, што таксама пагаршае праблему непразрыстасці і ўмацоўвае існыя сувязі ўнутры сістэмы», – падводзіць рысу «Вясна».
Арсен Рудэнка belsat.eu