навіны

На Каляды ў Беларусь не ўехаць. Што адбываецца на мяжы?

Чарга на ўезд у Беларусь. «Варшаўскі мост», Берасце, Беларусь. 23 снежня 2024 года. Скрыншот: Gpk.gov.by
Чарга на ўезд у Беларусь. «Варшаўскі мост», Берасце, Беларусь. 23 снежня 2024 года. Скрыншот: Gpk.gov.by
podpis źródła zdjęcia

Праблемы беларусаў з перасячэннем мяжы на захадзе і поўначы краіны не знікаюць, а ў пэўныя даты прыводзяць да калапсу: на Каляды на радзіму трапяць не ўсе. «Белсат» расказвае, што адбываецца перад каталіцкімі Калядамі.

Афіцыйна чэргаў легкавікоў няма


Паводле Памежнага камітэту Беларусі, чэргі на выезд з Беларусі 23 снежня такія:


• «Грыгораўшчына – Патэрніекі» (Латвія). Няма чаргі легкавікоў і аўтобусаў, у чарзе цякавікоў – 680–700 аўтаў.

• «Каменны Лог – Мядзінінкай» (Літва). Няма чаргі легкавікоў і аўтобусаў, у чарзе цяжкавікоў – 440–450 аўтаў.

• «Беняконі – Шальчынінкай» (Літва). Няма чаргі легкавікоў і аўтобусаў, у чарзе цяжкавікоў – 490–540 аўтаў.

• «Берасце – Тэрэспаль» (Польшча). Няма чаргі легкавікоў і аўтобусаў, хіба апоўначы сабралася чарга з трох легкавікоў.

• «Казловічы – Кукурыкі» (Польшча). «Грузавы» пераход, у чарзе 970–1250 аўтаў.


Паводле польскіх памежнікаў, раніцаю 23 снежня на выезд з Польшчы ў Беларусь не было «часу чакання» – ці то звестак не запаўнялі, ці то чакаць проста не даводзілася. 


Паводле літоўскіх памежнікаў, час чакання на выезд з Літвы ў Беларусь у Мядзінінкаі такі: да адной гадзіны для аўтобусаў, каля 200 гадзінаў для цяжкавікоў (іх у чарзе восем, зарэзерваваныя 892 месцы ў чарзе), без чакання для легкавікоў. У Шальчынінкаі: да адной гадзіны для аўтобусаў, каля 108 гадзінаў для цяжкавікоў (іх у чарзе 19, зарэзерваваныя 442 месцы), без чакання для легкавікоў. 


У латышскіх памежнікаў лічыльнік не працуе, але паводле грузавога парталу Cargo.lv, на пераход мяжы ў Беларусь стаіць чарга са 110 цяжкавікоў.

Чарга на ўезд у Беларусь. «Грыгораўшчына», Беларусь. 23 снежня 2024 года. Скрыншот: Gpk.gov.by
Чарга на ўезд у Беларусь. «Грыгораўшчына», Беларусь. 23 снежня 2024 года. Скрыншот: Gpk.gov.by

Аднак фактычна сітуацыя з уездам у Беларусь зусім іншая: чэргі ёсць, і яны немалыя. Адзін з чатаў пра пераход мяжы загадзя папярэджваў: калядны тыдзень – самы цяжкі для вяртання ў Беларусь, цяпер пік чэргаў.


Беларусь – Латвія


Чакаць уезду ў Беларусь даводзіцца вельмі доўга. Некаторыя карыстальнікі скардзяцца на латышскіх памежнікаў: доўга не пускаюць, «нібы спецыяльна». Карыстальнікі пішуць, што прайшлі латышска-беларускую мяжу за 26 гадзінаў, за 32 гадзіны, за 34, за 35… «Мы прыехалі а 5-й раніцы, перад намі 240 аўтаў». Чарга расцягнулася на 2 км, ад самых Патэрніекаў, пры тым на беларускіх нумарах адзінкавыя машыны з дзвюх сотняў. «Прыехалі на мяжу 22 снежня а 7:45, былі 202-ія, 23 снежня а 13:05 стаім пятыя перад шлагбаумам». «Знаёмыя жывуць у Патэрніеках, кажуць, гатэль іхны мясцовы бітком, поўны бардак на мяжы». У чатах наракаюць на тых, хто спрабуе праехаць без чаргі, і выказваюць падзяку валанцёрам, якія будзяць людзей, каб чарга рухалася.


Беларусь – Літва


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: lrv.lt

1 снежня ў сілу ўступіла пастанова Літвы аб электронных чэргах на межах з Беларуссю і Расеяй

навіны

На пераходзе «Каменны Лог – Мядзінінкай» аўтобусы праходзяць мяжу ў бок Літвы за паўтары гадзіны, чэргаў няма. У бок Беларусі ў чарзе бачаць пяць аўтобусаў. Але пераход мяжы ў Беларусь на аўтобусе займае 6–9 гадзінаў. Аўтамабільная чарга да мяжы з літоўскага боку расцягнулася на больш як 4 км, пераход мяжы ў Беларусь на аўтамабілі займае 34–39 гадзінаў. Аднаму з карыстальнікаў не пашчасціла чакаць аж 44 гадзіны, другому – 46. Трэці прыехаў на мяжу а 6-й раніцы 22 снежня, плануе перайсці мяжу ў той жа час 24-га. Чацвёрты згадвае: летась на Каляды пераход мяжы займаў аж 65 гадзінаў.


На пераходзе «Беняконі – Шальчынінкай» пра паездкі з Беларусі ў Літву практычна не пішуць: бяда з адваротным кірункам. Хіба адзін карыстальнік расказаў, што аўтобус з Беларусі ў Літву прайшоў мяжу за тры гадзіны, другі – што за дзве з паловай. Чарга легкавікоў у Беларусь таксама расцягнулася на амаль 4 км. Пераход мяжы займае ад 40 да 55 гадзінаў: шчаслівец, які ў ноч на 22-га наракаў на «36 гадзінаў жыцця ў нікуды», яшчэ не ведаў, што магло быць горш. Аднаму з карыстальнікаў нават з малым дзіцём давялося чакаць дзесяць з паловай гадзінаў, другому – пашчасціла праехаць за чатыры. На аўтобусе выходзіць хутчэй: пераход мяжы заняў у аднаго з карыстальнікаў усяго чатыры гадзіны. «Беражыце сябе і памятайце, што ўдома вас чакае сям’я», – пакідае пажаданне адзін з карыстальнікаў пасля закліку кантраляваць чаргу.

Чарга на ўезд у Беларусь. «Каменны Лог», Беларусь. 23 снежня 2024 года. Скрыншот: Gpk.gov.by
Чарга на ўезд у Беларусь. «Каменны Лог», Беларусь. 23 снежня 2024 года. Скрыншот: Gpk.gov.by

Беларусь – Польшча


На час пераходу з Беларусі ў Польшчу амаль не наракаюць: «дзве мяжы за 10 гадзінаў» – цярпіма, шэсць гадзінаў – выдатна. У адным з чатаў скардзяцца, што месцаў у аўтобусах з Беларусі ў Польшчу на мяжы не купіць – падсаджвацца трэба на берасцейскім аўтавакзале. І там жа адзначаюць: у Польшчу ідуць амаль пустыя аўтобусы. А вось пераход мяжы з Польшчы ў Беларусь на аўтобусе займае больш за дзень. Адзін з карыстальнікаў на аўтобусе пераходзіў польска-беларускую мяжу 26 гадзінаў, другі – 30, трэці – 33… Яшчэ адзін хваліцца: пашчасціла мець усяго толькі 14 гадзінаў чакання, але гэта каштавала 100 еўраў за месца ў 25-м ад шлагбаума аўтобусе. За 50 еўраў – падсадка ў 45-ы ад шлагбаума аўтобус і 20 гадзінаў чакання. Карыстальнікі абураюцца тым, што ў чарзе прадаюць месцы ў машынах і аўтобусах, просяць за падсадку сотню-другую еўраў.


З Беларусі ў Польшчу на аўце можна праехаць за 3–4 гадзіны. А вось аўтамабільная чарга ў Беларусь расцягнулася на больш як 5 км (паводле некаторых асобаў, даходзіла і да 11 км), чакаць даводзіцца больш за два дні – аднаму з карыстальнікаў давялося прабыць на мяжы аж 56 гадзінаў. Аўтамабілісты не толькі перапісваюць у сшытках нумары аўтаў у чарзе, а нават вядуць статыстыку таго, з якіх рэгіёнаў калі пераходзяць мяжу, і адзначаюць нумары аўтамабіляў, што рэгістраваліся ў чарзе больш за адзін раз на тыдзень. Адныя карыстальнікі заклікаюць іншых кааперавацца, каб сачыць за «праблемнымі месцамі», дзе аўты ўлазяць без чаргі: такіх называюць «улезунамі» і просяць публікаваць іхныя звесткі пад спецыяльным гэштэгам. Другія збіраюцца пісаць петыцыю да ўладаў Польшчы з просьбай паскорыць пропуск праз мяжу, арганізаваць пункты абагрэву і санітарныя зоны.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10