«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 9 снежня чытайце ў нашым матэрыяле.
Сітуацыя на паўночным усходзе
На тэрыторыі Курскай вобласці РФ найбольш актыўныя баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца ў Суджанскім раёне, пры гэтым, нягледзячы на сур'ёзную перавагу расейцаў у асабовым складзе, на асобных участках ініцыятывай валодаюць украінскія вайскоўцы.
Так, у ваколіцах сяла Дар’іна (на захадзе раёну) цягам тыдня пры падтрымцы цяжкай тэхнікі атакавалі Збройныя сілы Украіны, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі, аднак лінія сутыкнення засталася нязменнай.
Вышэй па фронце фіксаваліся сустрэчныя баі ў сяле Новаіванаўка: тут ЗСУ спрабуюць замацавацца ў заходняй частцы населенага пункту, а войскі РФ у сваю чаргу імкнуцца выбіць праціўніка з усходняй.
На самай поўначы кірунку, паводле праўкраінскіх крыніцаў, расейцы лакальна прасунуліся ў ваколіцах сяла Паграбкі, між тым сам населены пункт па-ранейшаму застаецца пад кантролем ЗСУ.
Крыніцы расейцаў пішуць, што на ўсходзе Суджанскага раёну Узброеныя сілы РФ выбілі праціўніка з ускрайкаў сяла Плехава, у выніку чаго населены пункт цалкам перайшоў пад іхны кантроль.
Падобным чынам выглядае сітуацыя і на поўначы Харкаўскай вобласці, дзе баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Глыбокае, Зялёнае, Старыца, Ціхае, а таксама на тэрыторыі гораду Ваўчанск. Тут большай ініцыятывай валодаюць украінскія вайскоўцы, якія маюць невялікія прасоўванні, але з большага фронт на харкаўскім кірунку выглядае даволі стабільным. Пры гэтым на асобных участках пашыраецца так званая шэрая зона, паколькі праз зруйнаванасць населеных пунктаў адсутнічаюць зручныя пазіцыі для замацавання.
На паўночным усходзе вобласці – купянскі кірунак – ініцыятыва захоўваецца за УС РФ, якія намагаюцца выціснуць праціўніка з плацдарму на левым беразе ракі Аскіл, якія цяпер фактычны раздзелены на дзве часткі. Цягам апошняга тыдня лакальныя поспехі расейцаў фіксуюцца на поўдні кірунку на мяжы Купянскага і Ізюмскага раёнаў.
У сваю чаргу Збройным сілам удалося выбіць праціўніка з плацдарму на правым беразе ў ваколіцах сяла Навамлынск, а таксама сур'ёзна зменшыць іншы плацдарм – каля Масютаўкі (абодва ўчасткі знаходзяцца на поўначы ад гораду Купянск).
Агулам, нягледзячы на адносна нязначныя змены па фронце, курскі, харкаўскі і купянскі кірункі па-ранейшаму бачацца важнымі для абодвух бакоў канфлікту, што пацвярджаецца наяўнымі сіламі і актыўнасцю праціўнікаў. Пры гэтым асаблівай увагі патрабуюць дзеянні ўкраінцаў, якія на іншых участках фронт сядзяць у глухой абароне ці нават адыходзяць, аднак пры гэтым не спяшаюцца здымаць частку сваіх сілаў з паўночнага ўсходу.
Прычыны такой сітуацыі ў першую чаргу варта шукаць у будучых мірных перамовах: ЗСУ намагаюцца захаваць і павялічыць сваю зону кантролю на Куршчыне, каб мець «козыры» на руках, аналагічна і расейцы, якія афіцыйна не заяўлялі прэтэнзіяў на Харкаўскую вобласць, стараюцца заняць як мага большыя тэрыторыі для будучага абмену.
Сітуацыя на Данбасе
На поўначы Данецкай вобласці па-ранейшаму фіксуецца высокая актыўнасць Узброеных сілаў РФ на ліманскім кірунку, дзе яны намагаюцца выбіць праціўніка з невялікага плацдарму на левым беразе ракі Жарабец, атакуючы ў ваколіцах населеных пунктаў Церны, Ямпалаўка і Торскае. Між тым, нягледзячы на фактычнае паўатачэнне, пакуль ЗСУ паспяхова ўтрымліваць пазіцыі.
Ніжэй па фронце – краматорскі кірунак – расейцы ціснуць у ваколіцах Часавага Яру, імкнучыся прабіцца з флангаў, а таксама ў цэнтральнай частцы самога гораду. Фіксуюцца невялікія поспехі. Агулам, улічваючы цяперашнюю канфігурацыю фронту, існуе высокая верагоднасць таго, што неўзабаве расейцам удасца або выціснуць праціўніка з Часавага Яру на захад, або атачыць яго з поўначы і поўдня.
Паступова пагаршаецца становішча Збройных сілаў Украіны і на суседнім тарэцкім кірунку, дзе цягам мінулага тыдня расейцы істотнага прасунуліся ў цэнтральнай частцы аднайменнага гораду. Разам з тым пра абвал фронту тут гаварыць зарана, паколькі ЗСУ ўдалося стабілізаваць сітуацыю на флангах агламерацыі, а баі ў гарадскіх умовах не спрыяюць хуткім зменам лініі фронту.
Куды горшымі бачацца перспектывы ўкраінцаў у цэнтральнай частцы Данбасу. Так, на пакроўскім кірунку працягваецца ўпэўны рух УС РФ да аднайменнага гораду. Як і прагназавалася, цягам тыдня расейцы зрэзалі выступ паміж сёламі Лысоўка і Грыгораўка, а таксама працягнулі рух на суседнім участку на паўночны захад у бок трасы Т 0515, якая ў выніку была перарэзаная на ўчастку паміж населенымі пунктамі Шаўчэнка і Наватроіцкае.
У выпадку захопу войскамі РФ сяла Шаўчэнка, перад імі адкрыецца аператыўны прастор для далейшага прасоўвання да паўднёвых ускрайкаў Пакроўску. Акрамя гэтага бачыцца лагічным працягам прасоўванняў расейцаў вакол гораду, з дапамогай чаго яны паспрабуюць максімальна абмежаваць лагістыку праціўніка.
Пры гэтым праўкраінскія крыніцы пішуць, што ўжо цяпер траса Т 0406 Пакроўск – Грыгораўка (Днепрапятроўская вобласць) зрабілася «дарогай смерці», а да суседняга аўташляху М 30 Пакроўск – Паўлаград пачалі далятаць асобныя БпЛА праціўніка.
Між тым найгоршыя падзеі для ЗСУ развіваюцца на курахаўскім кірунку, дзе расейцы блізкія да поўнага атачэння аднайменнага гораду.
Так, на поўначы кірунку яны цалкам занялі населены пункт Старыя Церны, і цяпер знаходзяцца прыкладна за 1,5 кіламетра ад трасы Курахава – Запарожжа, па якой ідзе асноўнае забеспячэнне гораду. Фактычна ўжо цяпер дарога непрыдатная для бяспечнага карыстання, паколькі знаходзіцца пад поўным агнявым кантролем УС РФ.
Адначасова з гэтым расейцы прасунуліся да трасы з поўдня, заняўшы населены пункт Сухія Ялы. Адсюль да важнай транспартнай артэрыі расейцам застаецца прайсці крыху больш за 5 кіламетраў. Імаверна, бліжэйшым часам абедзве групоўкі войскаў РФ пастараюцца злучыцца ў ваколіцах сяла Дачнае. Таксама існуе верагоднасць таго, што Узброеныя сілы РФ максімальна звязаць гарлавіну катла для праціўніка, аднак пакінуць вузкі калідор, эвакуацыя з гораду па якім будзе яшчэ больш небяспечнай і стратнай для ЗСУ, чым самыя баявыя дзеянні.
Паралельна з гэтым войскі РФ паступова закрываюць яшчэ адзін выступ на кірунку – з поўдня ад Курахава. Тут цягам тыдня расейцы прасунуліся ад Дальняга да Успенаўкі, у выніку чаго выхад з катла скараціўся да 1,5 кіламетра.
У такім становішчы на кірунку бачыцца лагічным тэрміновы адыход усёй групоўкі ЗСУ на захад, прынамсі за лінію населеных пунктаў Старыя Церны – Сухія Ялы, аднак пакуль выглядае на тое, што ўкраінскае камандаванне вырашыла трымаць горад да апошняга, што можа абярнуцца вялізнымі стратамі ды поўным абвалам фронту.
На ўрэмаўскім кірунку цягам тыдня асноўныя баі лакалізаваліся ў ваколіцах сяла Новы Камар, куды напачатку ўдалося прарвацца расейцам, але неўзабаве ЗСУ выбілі праціўніка ды аднавілі сваё становішча. Кантроль над гэтым населеным пунктам важны ў плане абароны суседняга пасёлку Вялікая Навасёлка.
Між тым на поўдні кірунку расейцы дасягнулі важных для сябе поспехаў, заняўшы сяло Благадатнае. Імаверна, такім чынам яны спрабуюць абысці з поўначы пазіцыі праціўніка ў сяле Макараўка, атакі на якое з поўдня не давалі выніку.
Магчымыя далейшыя поспехі расейцаў на гэтым кірунку адкрыюць для іх дарогу ў суседнюю Днепрапятроўскую вобласць. Таксама частка вызваленых сілаў можа быць перакінутая на пакроўскі кірунак, што яшчэ больш пагоршыць становішча ўкраінцаў.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu