Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі часцей пачалі пераследаваць замежнікаў нібыта за агентурную дзейнасць – артыкул 358-1 КК. Пад яго ўжо трапілі грамадзяне Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Японіі, Нямеччыны, распавядаюць праваабаронцы «Вясны».
Агулам гэтых людзей асудзілі на 135 гадоў пазбаўлення волі, хоць за агентурную дзейнасць у Беларусі караюць тэрмінамі ад трох да сямі гадоў калоніі. Рэч у тым, што звычайна людзей судзяць адразу паводле некалькіх артыкулаў.
У Крымінальным кодэксе «агентурнай дзейнасцю» называюць «супрацу замежнага грамадзяніна або асобы без грамадзянства са спецыяльнай службай, органам бяспекі ці органам выведкі замежнай дзяржавы, міжнароднай ці замежнай арганізацыяй, звязаную з дзеяннямі, загадзя скіраванымі на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».
Але, як адзначае юрыст «Вясны» Павел Сапелка, на практыцы гэта «нявызначанае шырокае кола дзеянняў». Таму пакараць могуць за што заўгодна. На думку праваабаронцы, можна быць упэўненымі, што ў цяперашняй сітуацыі ў Беларусі «нацыянальны інтарэс будзе заменены інтарэсам кіроўнай улады».
Да таго ж часта судовыя працэсы за «агентурную дзейнасць» адбываюцца ў закрытым рэжыме і застаецца невядомым, у чым канкрэтна абвінавачваюць чалавека.
Сярод пакараных замежнікаў у Беларусі загадчыца маркетынгавай службы літоўскага санаторыю «Беларусь» у Друскеніках Элена Раманаўскіене. Паводле дзяржаўных медыяў, жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна «неаднаразова падавалі звесткі пра пастаянцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку і пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў». Элену нібыта 10 гадоў таму завербавалі літоўскія спецслужбы. Яе пакаралі шасцю гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
«Падарожнічаў з мэтаю выведкі»
У верасні 2024 года сталася вядома пра затрыманне японца Наканісі Масатосі. Ён нібыта падарожнічаў па краінах Усходняй Еўропы з мэтаю выведкі і ў Беларусі, «перабываючы на тэрыторыі нашай краіны, ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару». Наканісі ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ паводле абвінавачання ў «агентурнай дзейнасці».
А грамадзянку Латвіі Алу Сакаленку затрымалі вясною 2022 года ў межах крымінальнай справы за «агентурную дзейнасць». Пазней у прапагандысцкім фільме паведамілі, што «Сакаленка на заданне латвійскіх спецслужбаў рыхтавала да вярбоўкі беларускіх вайскоўцаў, збірала звесткі, стварала кампраметыўныя сітуацыі, што потым і служаць падставаю для вярбоўкі замежнікамі».
Восенню 2023 года Алу Сакаленку пакаралі пазбаўленнем волі ў калоніі. Тэрмін праваабаронцам невядомы.
Таксама жыхара Кобрына і грамадзяніна Польшчы Томаша Бэрозу асудзілі ў 2023 годзе нібыта за шпіянаж і агентурную дзейнасць на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У Томаша жонка – беларуска з Кобрынскага раёну.
Другога грамадзяніна Польшчы Ежы Жывалеўскага ў лютым 2023 года пакаралі чатырма гадамі калоніі.
А грамадзяніна Украіны Арцёма Макавея, які жыве ў Беларусі з 2009 года і працаваў дыджэем у Берасці і Кобрыне, асудзілі на шэсць гадоў калоніі таксама нібыта за агентурную дзейнасць. Падрабязнасці справы праваабаронцам невядомыя.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Арсен Рудэнка belsat.eu