23 кастрычніка нечакана стала вядома, што праз тры месяцы ў Беларусі адбудзецца галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах. Аляксандр Лукашэнка ўжо пагадзіўся ўдзельнічаць у іх. Але як дэмакратычныя сілы, гэтак і незалежныя эксперты сумняваюцца ў іх дэмакратычнасці і выказваюць свае здагадкі адносна прычынаў прызначэння менавіта гэтай даты.
Палітычны аналітык, гісторык Аляксандр Фрыдман звязвае прызначэнне даты выбараў у Беларусі на 26 студзеня перадусім з замежнапалітычным чыннікам. Ён нагадвае, што менш як за тыдзень да таго, 20 студзеня, мае адбыцца інаўгурацыя новага амерыканскага прэзідэнта. І да яе, маўляў, і плануе падрыхтавацца Аляксандр Лукашэнка.
Фрыдман адзначыў у каментары «Белсату», што палітык хоча браць удзел у магчымых мірных перамовах адносна Украіны, якія могуць быць звязаныя з вынікамі выбараў у ЗША і магчымай перамогай Доналда Трампа.
,,«І вось, калі такія перамовы будуць, то для яго важна быць на гэтых перамовах не толькі тым чалавекам, які яшчэ вылучаецца на пасаду прэзідэнта, але чалавекам, які ўжо на гэтых выбарах і ў найбліжэйшай перспектыве будзе заставацца на чале Беларусі», – падкрэсліў палітычны аналітык.
Такую паспешлівасць ён звязвае і з магчымым станам здароўя Лукашэнкі, пра які нічога не вядома, але які можа пагоршыцца. Магчыма, для ўладаў «важна завяршыць гэты працэс яшчэ да таго, як праблемы з’явяцца», – сказаў Фрыдман.
Апроч таго, аналітык не выключае абвастрэння ў вайне ва Украіне і больш актыўнага ўцягвання Беларусі ў яе, у выніку пазней можа стаць «не да выбараў».
А вось у прызначэнні выбараў на зіму мэты паўплываць на магчымыя пратэсты Фрыдман не бачыць. На ягоную думку, гэта для Лукашэнкі не прынцыпова, бо «цяпер ён катралюе сітуацыю ў Беларусі».
Як пройдуць выбары
Самі выбары ў Беларусі пойдуць паводле прынцыпу «любімага не аддаюць», што ўжо прасочвалася ў прапагандысцкіх рэсурсах, мяркуе Фрыдман.
У сваю чаргу палітычны аналітык Вадзім Мажэйка сказаў «Белсату», што тое, што абвешчана ў Беларусі, хоць і называецца выбарамі, імі не з’яўляецца: «толькі іх імітацыя», нават паводле ранейшых беларускіх стандартаў. У выніку, дадаў ён, не відаць, каб хтосьці апроч Лукашэнкі пагадзіўся на вылучэнне сваёй кандыдатуры на выбары.
«Няма ніякага палітычнага працэсу ў грамадстве. Усё ліквідавана, закатана ў асфальт. Таму няма ў грамадстве і магчымых кандыдатаў, бо людзі сёння ў Беларусі баяцца заяўляць пра сваю палітычную пазіцыю», – кажа аналітык.

Мажэйка падкрэсліў, што выбарчая сістэма ў Беларусі зачышчаная, «рэжым баіцца нават суперкантраляваных камісіяў», пабачыўшы ў 2020 годзе, што яны «могуць даваць сапраўдныя вынікі, дэманстраваць паразу рэжыму». Ён адзначыў, што ў Беларусі зачышчаныя медыі, немагчыма арганізаваць вулічныя мерапрыемствы, і нават таямніца галасавання пад пагрозай, а ў выніку немагчыма і арганізаваць нармальнага галасавання, «якое б магло адлюстроўваць дэмакратычны выбар грамадства».
Выбарчая кампанія, на ягоную думку, толькі ўзмоцніць рэпрэсіі, будзе мабілізаваны сілавы апарат, і «таму тыя, хто не будзе ўзгоднены лукашэнкаўскай адміністрацыяй, або ў турмах, або выціснутыя за мяжу, або ім будзе страшна вылучацца на такой імітацыі выбараў».
Мажэйка мяркуе, што ўлады не будуць рабіць такіх памылак, як у 2020 годзе, і не будуць рэгістраваць нікога няўзгодненага:
«Лукашэнкаўцы пабачылі, што бывае, калі яны рэгіструюць, хай сабе нікому не вядомую хатнюю гаспадыню, – чым гэта можа скончыцца».
Аналітык адзначыў, што ўсё было «максімальна зачышчана» нават падчас мінулых парламенцкіх і мясцовых выбараў у 2024 годзе. Цяпер жа, заявіў ён, «будзе проста суперніцтва паміж рознымі гатункамі ябацек».
,,«Можна будзе разбірацца ў гатунках ябацек ці не разбірацца, але на палітычную канкурэнцыю гэта не цягне», – сказаў ён.
Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Такое рашэнне 23 кастрычніка, за тры месяцы і пяць дзён да падзеі, прыняла Палата прадстаўнікоў. Адбылося гэта на наступны дзень пасля выхаду інтэрв’ю расейскага амбасадара ў Менску Барыса Грызлова, які паабяцаў дапамогу РФ у разгоне магчымых пратэстаў.
Ужо пасля таго, як была абвешчаная дата выбараў, самалёт Лукашэнкі вылецеў у расейскую Казань – там другі дзень праходзіць саміт БРІКС. Менавіта там ён заявіў расейскай жа журналістцы, што сам будзе ўдзельнічаць у выбарах.
На правядзенне выбараў застаецца фактычна тры месяцы, у тым ліку дзесяць дзён – на збор і рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Сама агітацыя пачнецца ў часе навагодніх і калядных святаў.

Пры гэтым, як прызнаў старшыня ЦВК Ігар Карпенка, прызначаная дата выбараў «скароціць на шэсць месяцаў тэрмін паўнамоцтваў дзейнага кіраўніка дзяржавы». Зроблена, паводле яго, гэта таму, што «ў 2025 годзе заканчваецца рэалізацыя пяцігадовага плану сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь». А ў іншы час «правядзенне выбараў вясной і ўлетку спалучана з загружанасцю мясцовых органаў улады ў сферы сельскай гаспадаркі, адпускным часам, уступнай кампаніяй у каледжы і ВНУ, падрыхтоўкай да новага навучальнага года ўстановаў адукацыі».
Стратэгія дэмакратычных сілаў
Каардынацыйная рада большасцю галасоў прыняла агульную стратэгію дзеянняў дэмакратычных сілаў Беларусі на выбарах. Яна была распрацаваная супольна з Офісам Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінетам і Каардынацыйнай радай як «адказ недэмакратычным „бязвыбарам“ Лукашэнкі».

Дэмсілы патрабуюць спынення ўсіх відаў рэпрэсіяў, вызвалення ўсіх палітзняволеных, рэалізацыі права ўсіх грамадзянаў Беларусі на паўнавартасны ўдзел у выбарах незалежна ад месца жыхарства, забеспячэння свабоды сходаў і роўнага доступу да медыяў і правядзення выбараў згодна з міжнароднымі стандартамі АБСЕ і пад кантролем назіральнікаў.
«Калі гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя рэжымам, мы лічым тое, што адбудзецца ў 2025 годзе, імітацыяй выбарчага працэсу і прапануем выказаць свой пратэст шляхам галасавання супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу», – заклікаюць дэмсілы.
Аўтары заявы абяцаюць прапанаваць іншыя варыянты выказвання пратэсту ў залежнасці ад развіцця сітуацыі.
Падрабязней глядзіце ў сюжэце:
Макар Мыш, Віталь Бабін, Кацярына Гардзеева belsat.eu