Нягледзячы на шматлікія чуткі, «BELPOL» не зафіксаваў удзелу расейскіх сілавікоў у разгонах пратэстаў 2020 года ў Беларусі. А ў 2025-м Лукашэнка сам не зацікаўлены даводзіць сітуацыю да таго, каб давялося прасіць у Пуціна дапамогі.
Прадстаўнік арганізацыі «BELPOL» Уладзімір Жыгар звязвае новы віток рэпрэсіяў з выбарчай кампаніяй 2025 года – тым, што ён называе «самавыбарамі» Аляксандра Лукашэнкі.
Жыгар заўважае, што некаторыя людзі ў дэмакратычанй супольнасці бачаць «гуманіста Лукашэнку», які падае «таемныя сігналы, што ён хоча перамоваў». Але людзі вакол Лукашэнкі «ўсведамляюць, што яны зрабілі раней, што маюць цяпер і што трэба зрабіць, каб захаваць тое, што ёсць цяпер». Лукашэнка, падкрэслівае Жыгар, «даволі прагматычны»: робіць тое, што мусіць рабіць для захавання ўлады, а значыць, узмацняць рэпрэсіі.
Амбасадар Расеі ў Менску Барыс Грызлоў 22 кастрычніка сярод іншага паабяцаў, што Крэмль дапаможа Менску падчас выбараў у 2025 годзе, калі лукашэнкаўскія сілавікі не дадуць з гэтым рады: «Расея ў межах сваіх абавязкаў, безумоўна, дапаможа і падтрымае, калі нас папросіць наш найбліжэйшы хаўруснік і стратэгічны партнёр».
Паводле Грызлова, профільныя ведамствы дзвюх краінаў і так вядуць пастаянны абмен інфармацыяй праз аператыўныя каналы, «у рэжыме рэальнага часу» дзеляцца звесткамі пра любыя патэнцыйныя пагрозы.
Расейскія сілавікі зноў дапамогуць Лукашэнку, як у 2020-м?
Распаўсюджанае меркаванне, што без падтрымкі Расеі Лукашэнка не ўтрымаўся б у 2020 годзе пасля прайграных выбараў. Уладзімір Пуцін нават заяўляў, што Лукашэнка прасіў яго сфармаваць «пэўны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў», што гэты рэзерв сфармаваны і будзе выкарыстаны, калі «сітуацыя выйдзе з-пад кантролю». Хадзілі чуткі, што расейскія сілавікі (або былыя ўкраінскія – з «Беркуту», якія ўцяклі ў Расею пасля Рэвалюцыі годнасці 2014 года) дзяжурылі пад Смаленскам і былі гатовыя далучыццца да здушэння беларускіх пратэстаў – або нават што ўдзельнічалі ў разгонах мірных пратэстаў.
Жыгар кажа, што не можа пацвердзіць ці абвергнуць, што нейкія супрацоўнікі расейскіх спецслужбаў ці праваахоўных органаў знаходзіліся ў Беларусі ў 2020 годзе. Масавага прыезду не фіксавалі. Ён дапускае, што чуткі пра ўдзел расейцаў у разгоне пратэстаў пайшлі ад таго, што беларусам не хацелася верыць у прававое бясчынства і жорсткасць з боку такіх самых беларусаў.

Сярод байцоў АМАП ёсць былыя супрацоўнікі ўкраінскага «Беркуту», якім Лукашэнка даў беларускае грамадзянства – Жыгар прыгадвае, што такіх паказвалі і расследаванні ягонай арганізацыі. Ён не выключае, што былі і асобныя спецыялісты, якія дапамагалі ў арганізацыі разгонаў або ў выкарыстанні спецсродкаў, бо да 2020 года ў Беларусі супраць людзей не выкарыстоўвалі масава святлашумавыя гранаты, слезацечны газ і вадамёты.
Маглі быць адзінкавыя прадстаўнікі, але ў нейкі масавы заезд у Беларусь расейскіх амапаўцаў і расгвардзейцаў Жыгар не верыць. Ён не бачыў ні дакументальных пацверджанняў гэтага за час працы ў дэмакратычных сілах, ні на ўласныя вочы – калі быў затрыманы ў РУУС Ленінскага раёну Менску.
Яны там і не былі надта патрэбныя, тлумачыць Жыгар: пратэстоўцы не былі арганізаваныя, не хацелі ўступаць у канфрантацыі з сілавікамі, не хацелі праліваць кроў. Таму нават параўнальна малая колькасць байцоў АМАП ці ГУБАЗіК магла супрацьдзейнічаць агромістым натоўпам.
,,«Калі б тыя 100–150 тысяч чалавек, якія выходзілі на плошчы, хацелі бойкі, наўрад ці група з 2–3 тысяч амапаўцаў магла нешта зрабіць», – заўважае Жыгар.
Крэмль, працягвае ён, у чарговы раз дэкларуе: калі Лукашэнку спатрэбіцца дапамога, яе могуць аказаць. Ды Лукашэнка сам не надта хоча такога абвастрэння сітуацыі ў Беларусі, пры якім яму давядзецца звяртацца да расейскіх сілавікоў.
Жыгар уяўляе сцэнар, у якім Лукашэнку давядзецца звяртацца па дапамогу да Пуціна:
,,«Гэта можа выклікаць праблемы ва ўзаемадзеянні з Пуціным. Ты пяць гадоў проста закатваеш у асфальт усю грамадзянскую супольнасць, перасадзіў паўкраіны, агромістая колькасць выехала – і ўсё роўна супраць цябе выходзіць у такой колькасці, што табе даводзіцца звяртацца да Крамлю па дапамогу. Тады, можа быць, не на таго каня ставяць?»
Разам са здушэннем народу расейскія сілавікі могуць здушыць і пралукашэнкаўскія сілы – як кажа Жыгар, могуць «паставіць свайго чарговага Кадырава», які будзе падкантрольны Крамлю.
Ірына Юр’ева, Алесь Наваборскі belsat.eu