«На сустрэчы з Олафам Шольцам Святлана Ціханоўская ўзняла пытанне пра расейскіх палітвязняў». Нешта ў гэтай фразе не так, пагадзіцеся? Але што менавіта? Зразумела, што сітуацыя ўмоўная, такой навіны ў незалежных (і не толькі) медыя не праходзіла, але калі б прайшла? Што нас, беларусаў, у гэтай фразе так хвалюе?
Здаецца, што Святлана Георгіеўна павінна была б турбавацца і займацца выключна лёсам беларусаў? А чаму, уласна? Гэта хто так вырашыў?
Ды зразумела, што калі б выбар стаяў паміж лёсам Машы Калеснікавай і каго-небудзь з больш чым 700 расейцаў, якія таксама ж знаходзяцца ў турмах за наяўнасць сумлення, то нам Маша бліжэй, але ці сапраўды ёсць выбар «або–або»? Здаецца, яго няма.
І калі маецца сёння звяз двух дыктатараў, якія адзначыліся выключнымі рэпрэсіямі ў дачыненні да ўласных народаў, то, можа быць, і з нашага боку павінен існаваць нейкі звяз? Можа быць, так было б зручней супраціўляцца? І тут узнікае яшчэ адзін тэзіс: «Дык яны ж імперцы»! Дзіўны аргумент.
Так, цяпер нябожчык Аляксей Навальны (ды іншыя) выказваўся пра лёс Крыма ў «выдатнай Расеі будучыні» так, што лепш бы маўчаў (гэта не так: у расейскай апазіцыі меркаваннем «Крым наш» адзначыўся толькі Ілля Панамароў – Рэд. «Белсат»), але ці сапраўды хтосьці з расейскіх дэмакратаў адмаўляў самой Рэспубліцы Беларусь у суб'ектнасці, а народу Беларусі – у праве прымаць самастойныя рашэнні?
Стаўленне як да «малодшых братоў», безумоўна, праскоквае ў зносінах, ды і няведанне сапраўднай гісторыі беларускага народа таксама накладвае адбітак. Дзіўныя бываюць адкрыцці, калі распавядаеш расейцам, што Смаленск 500 гадоў запар быў памежным горадам (першы шок) і толькі пасля акупацыі цяперашняй тэрыторыі Беларусі (другі шок – «Якая акупацыя?») страціў гэты статус.
Але ад гэтай недасведчанасці і паблажлівага (без усялякіх падстаў) стаўлення да беларусаў праз «імперскія амбіцыі» і «каланіяльнае мысленне» ўсё ж такі, на маю сціплую думку, ёсць досыць значная адлегласць.
Такія думкі выклікала ў мяне некалькі дзікая рэакцыя беларускай дэмакратычнай супольнасці на гэтыя словы расейскага палітыка Іллі Яшына: «Некалькі дзён таму я сустракаўся з прадстаўнікамі польскага МЗС і прасіў іх садзейнічаць абмену расейскіх і беларускіх палітвязняў. Гэта было б разумна, гуманна і правільна».
Ды сустракаўся ён, праводзіў нейкія перамовы, прасіў не толькі за сваіх, але і за нашых – і ў чым праблема? Калі пачытаць каментатараў, то складваецца адчуванне, што Віктар Бабарыка або Сяргей Ціханоўскі адмовіліся б ад такога «расейскага» варыянту вызвалення, аддалі перавагу б застацца ў турэмных засценках.
Можа быць, справа не ў імперскасці? Можа, мы маем справу з зусім недарэчнай палітычнай канкурэнцыяй? У якой беларускія дэмакратычныя сілы некалькі прайграюць расейскім. Тым, пры дапамозе абмену палітвязняў на сапраўдных злачынцаў, удалося вызваліць хаця б некалькі знакавых постацяў. У нас жа такіх зрухаў няма. І іх не проста няма. Лукашэнка, які бачыць, што ягоны «жэст добрай волі» ў бок Захаду не прывёў да якіх-небудзь вынікаў, мабыць, збіраецца зусім спыніць працэс памілавання. Няма ў яго матывацыі да далейшых крокаў.
Канкурэнцыя ў справе барацьбы за вызваленне палітвязняў зусім недарэчная. І калі на сустрэчах з заходнімі палітыкамі (якія сёння з'яўляюцца бокам перамоваў і для Пуціна, і для Лукашэнкі) і Ціханоўская, і Юлія Навальная, ды і ўсе палітыкі, якія займаюцца гэтай тэмай, будуць уключаць у абмеркаванне і беларускіх, і расейскіх палітвязняў, то відавочна, што шанцаў на іх вызваленне будзе больш, а не менш.
І такі падыход будзе ўдвая правільны, калі мы ўспомнім, што ў беларусаў, у адрозненне ад расейцаў, у праблемы адразу два імя – і Пуцін, і Лукашэнка, а значыць, на гэтым адрэзку шляху тое, што выгодна расейскаму дэмакратычнаму руху, выгодна і беларускаму.
Размову ж пра будучыя адносіны паміж нашымі краінамі варта пакінуць на потым. Урэшце, у новай Беларусі ёсць дзве стратэгіі, два варыянты выбудоўвання стасункаў з Расеяй: альбо роў з кракадзіламі ў раёне Смаленску і мінімальна магчымыя кантакты, альбо Расея стане дэмакратычнай дзяржавай, адпавядаючай XXI стагоддзю. Першы варыянт нашмат даражэйшы за другі.
belsat.eu / МВ