Эксперты не чакаюць рэальных захадаў цяперашніх уладаў на карысць роднай мовы.
Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой абмовіўся, што ў высокіх кабінетах абмяркоўвалі планы абвясціць 2025-ы Годам беларускай мовы. Маўляў, у краіне «высокі попыт на навучанне на беларускай мове».
«Адным з шматлікіх варыянтаў, чаму прысвяціць 2025 год, гэта быў Год беларускай мовы», – сказаў Крутой, адзначыўшы, што пастанова яшчэ не прынятая.
Раней Лукашэнка не выключаў, што і наступны год, і ўся пяцігодка можа быць прысвечаная якасці.
«Гэта перавыбарчы піяр», – упэўнены старшыня НАУ, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка. Паводле яго, з дапамогаю Крутога цяперашнія ўлады, так бы мовіць, зандуюць глебу.
«Перадвыбарчы піяр, каб загуляць з нацыянальна арыентаванай часткаю беларускага грамадства, беларускай інтэлігенцыі. Але тут не гуляць трэба, тут патрэбныя дакладныя сістэмныя дзеянні, звязаныя з аднаўленнем усіх беларускіх арганізацыяў, знішчаных цягам дзесяцігоддзяў і апошніх чатырох гадоў асабліва, бо гэта дзяржаўная мэтанакіраваная палітыка, якую ажыццяўляе Лукашэнка для знішчэння беларускасці ў Беларусі», – сказаў Латушка «Белсату».
Палітык, які падчас працы на дзяржаўнай службе ўжываў беларускую, адзначыў, што чыноўнікі роднай мовы цураліся:
«Дзяржаўны апарат карыстаўся беларускай моваю мінімальна, толькі сфера культуры больш-менш карысталася. У іншых міністэрствах, нават у міністэрстве адукацыі, практычна не было беларускай мовы. У МЗС ліставанне вялося на беларускай мове, дыпламатычнае ліставанне з амбасадамі. Напрыклад, калі пасольства Польшчы ці ЗША пісала на беларускай мове, лічылася дурным тонам не накіраваць у адказ ноту на беларускай мове».
Латушка згадаў, як аднойчы Лукашэнка яму сказаў: «Вы размаўляеце па-беларуску, я гэта цаню, гэта важна. Вось я таксама размаўляў бы па-беларуску, але колькі б каштаваў газ і нафта тады для Беларусі?»
«І ў гэты момант мне прыйшла думка: ну, ясна, то бок мы прадаём беларускую мову сёння за нафту і газ, а заўтра мы што прадамо? Дзяржаву?» – разважае Латушка.
Ён падсумаваў, што да рэальных захадаў у падтрыманні роднай мовы справа ва ўладаў не дойдзе:
,,«Яны могуць гэтыя піяр-акцыі распачынаць, але гэта будзе проста пшык, вонкавы пшык».
З выбарамі, што маюць адбыцца, заяву Крутога таксама звязаў палітолаг Павел Усаў.
«Лукашэнка жадае такім чынам засведчыць, што ён застаецца на пазіцыях нацыянальных інтарэсаў, і беларуская мова і беларуская культура з палітычнага парадку дня нікуды не дзяецца, і гэтак намагаецца праз нейкія рытарычныя выслоўі свайго атачэння прымірыць частку беларускай супольнасці, што займае беларускія нацыянальныя пазіцыі», – сказаў Усаў «Белсату».
Ён не выключыў, што за гэтай тактыкаю стаіць Наталля Пяткевіч, нядаўна прызначаная намесніцаю кіраўніка адміністрацыі.
«Акрамя нейкіх маніпуляцыйных дэкларацыяў сутнасна за гэтымі словамі нічога не стаіць. Гэта выключна слоўная эквілібрыстыка, у нейкай ступені неабходная для ўнутранага палітычнага спажыўца, бо таксама не трэба забывацца, што намесніцаю кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі ёсць Пяткевіч, якая выходзіць з таго перыяду, калі Макей і Лукашэнка актыўна выкарыстоўвалі прабеларускія наратывы дзеля таго, каб атрымаць дадатковую легітымнасць для рэжыму Лукашэнкі. Імаверна, гэтую методыку Лукашэнка і ягонае атачэнне намагаюцца ўжыць і цяпер», – рэзюмаваў палітолаг.
Пры гэтым палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч у каментары «Нашай Ніве» заклікаў не звяртаць асаблівай увагі на словы чыноўніка:
«Бывае проста, што падышоў журналіст, задаў пытанне, а чыноўнік нешта яму адказаў. Паколькі яшчэ пастанова не прынятая, то можна зразумець, што падчас дыскусіяў прагучала прапанова пра беларускую мову і яна не выклікала нейкага жорсткага аспрэчвання. Магчыма, гэтая прапанова і прагучала з боку Дзмітрыя Крутога. Але шукаць тут нейкіх падводных плыняў з гэтай нагоды не варта».
Карбалевіч падкрэсліў, што, каб казаць пра нейкі новы трэнд у стаўленні цяперашніх уладаў да роднай мовы, трэба, каб і іншыя чыноўнікі пра гэта загаварылі і пачаліся пэўныя дзеянні ў гэтым кірунку.
«А нейкіх іншых словаў, дзеянняў і заяваў няма. Таму нельга казаць, што адбываецца нейкая карэкцыя трэнду. Пакуль гэта адзіная заява, што не вельмі адпавядае рэальнасці. Бо невядома, адкуль гэтыя высновы, што ўзрастае цікавасць да адукацыі на беларускай мове. Ніякага пацверджання не бачна. Пакуль толькі, наадварот, ідзе схаванае змаганне з усім беларускім», – канстатаваў аналітык.
Ён адзначыў, што нядаўнія прызначэнцы – Круты, а таксама міністр замежных справаў Максім Рыжанкоў – «трошкі больш публічныя».
«Яны выказваюць нейкія думкі, што чапляюць журналістаў. Кажуць не казённыя фразы, а больш чапляльныя. Калі Круты быў амбасадарам Беларусі ў Расеі, то ён быў на слыху, бо выступаў з такімі заявамі, што потым перадрукоўваліся ў тым ліку незалежнымі медыямі. На іх звярталі ўвагу. Таму, магчыма, і гэтая заява з той самай серыі, бо ён разумеў, што на яе звернуць увагу дзяржаўныя і незалежныя медыі, што яна выкліча рэзананс», – падсумаваў Карбалевіч.

Дарэчы, афіцыйная статыстыка сведчыць, што рэальных крокаў дзеля захавання роднай мовы ўлады не робяць, беларуская пакрысе знікае з адукацыі.
Калі ў 2019 годзе ў дашкольных установах на беларускай мове выхоўвалі і адукоўвалі 9,2 % дзетак (астатнія – на расейскай), то летась – 8,7 %.
У мінулым навучальным годзе толькі 93 500 дзяцей навучаліся на беларускай мове ў школах (на 16,5 % меней, чымся ў 2019/20 гадах), на расейскай – 996 500 (на 8,5 % болей).
У ВНУ ў мінулым навучальным годзе толькі 200 студэнтаў атрымоўвалі адукацыю на беларускай, на расейскай – 150 300, на дзвюх мовах – 66 800. Чатыры гады таму было 200, 155 400 і 102 800 студэнтаў адпаведна.