Апошнімі днямі жыхары Менску пачалі часцей выходзіць на шпацыр. Даўно на сталічных вуліцах не было гэтулькі гараджанаў, колькі ў мінулыя выходныя. У цэнтры гораду з адчыненых кавярняў чулася музыка, людзі сядзелі за столікамі на дварэ. Некаторыя проста шпацыравалі. Такое адчуванне, што ўсё выдатна і чорная паласа сышла ў нябыт. Што ж адбылося? Чаму гараджане як па камандзе выйшлі на шпацыр?
Але яшчэ зусім нядаўна прыезджыя дзівіліся нябачанай пустаце. На вуліцах можна было сустрэць рэдкага мінака і тое ў гадзіну пік, а самымі ажыўленымі месцамі былі ў асноўным гандлёвыя цэнтры. Там нярэдка можна было пачуць размовы, калі сустрэліся знаёмыя: «Як вашая ўнучка? Дзе яна? У Вроцлаве? А наш цяпер у Гданьску. Вучыцца і працуе». Але яшчэ і такія: «Не, лісты не даходзяць. Перадачы не ўзялі…» Колькі менскіх бабуль, дзядуляў, бацькоў могуць сёння бачыць сваіх дзяцей і ўнукаў толькі на экране тэлефонаў? За апошнія чатыры гады дзясяткі тысяч менчукоў даведаліся пра кошт здымнага жытла ў Польшчы і Літве. Нават ведаюць нюансы арэнды ў розных гарадах і мікрараёнах еўрапейскіх сталіцаў, пра якія раней уяўлення не мелі і не цікавіліся.
Апусцелы горад быў нейкім сімвалам страшнай бяды, і здавалася, што жыццё ў яго вернецца няхутка. Мая знаёмая Ірына Данільчык (прозвішча змененае з гледзішча бяспекі) жыве ў Менску. Ейны муж сядзіць у калоніі паводле «народнага» артыкулу. Можа і не сеў бы, калі б яны з'ехалі раней, але хворы бацька, праца, лецішча, думкі «мусіць, пранесла» сваю справу зрабілі.
Ірына ўчора прайшлася са сваёй сяброўкай па горадзе і падзялілася ўражаннямі: «Надвор'е цяпер незвычайнае стаіць – няма той спякоты і горад такі цудоўны! Мы з сяброўкай сустрэліся і пайшлі спачатку выпіць кавы ў цэнтры. Шчыра скажам, нятанна. Але я нават не магу растлумачыць, чаму мне зрабілася на душы лягчэй. У маёй сяброўкі жыццёвая сітуацыя не лепшая, чым у мяне. Яна раптам сказала, што набыла спадніцу на акцыі, і мы пачалі яе абмяркоўваць. Разумееце? Не турму, не гэты жах увесь, а спадніцу. Ды калі мы ўвогуле пра спадніцы размаўлялі?! Хіба што ў іншым жыцці, якога ўжо няма. І я думала, што ўжо і не будзе. А тут проста нейкая спадніца, і ад гэтага радасць… Я паглядзела навокал: сядзяць людзі, напаўголасу размаўляюць, усміхаюцца адно аднаму, як і мы з Юлькай. Разглядаюцца на бакі, і відаць, што радыя бачыць навакольных. І ад гэтага цеплыня на сэрцы. Разумееце?»
Апошнім часам можна прачытаць у сацсетках дыскусіі на гэтую тэму. Адныя кажуць, што людзі, якія пайшлі на канцэрты, у тэатры, у рэстараны, проста па-наплявацельску ставяцца да сітуацыі ў краіне. Іншыя пішуць, што гэта ніякім чынам не сведчыць пра лаяльнасць да ўлады і прыняцця «новага парадку».
Як бы там ні было, але мы назіраем пэўнае ажыўленне гарадскога жыцця пры тым, што сітуацыя ў краіне не змянілася. Тады якое можа быць гэтаму тлумачэнне?

Псіхолаг Наталля Скібская тлумачыць гэта асаблівасцямі чалавечай псіхікі. «Праходзіць шокавы стан. Псіхіка чалавека як цягліцы – яна не можа быць увесь час у напрузе. Нельга зацыклівацца на праблеме так доўга, бо гэта можа прывесці да дэпрэсіі і цяжкіх наступстваў. Людзям неабходна радавацца нейкім дробязям, каб адцягнуцца. Калі жанчыны з радасцю абмяркоўвалі спадніцу, нягледзячы на ўсё тое, што ў іх адбываецца ў жыцці, то гэта нармальна і нават неабходна для іх. Трэба радавацца нейкім дробязям: прайсціся па горадзе, схадзіць у кафэ, паглядзець на іншых людзей, адчуць сябе часткай грамадства», – уважае Наталля.
Меркаванне псіхолага, відаць, у гэтай тэме можа быць больш важным за меркаванне палітыка. Асабліва, калі гэты палітык цяпер па-за межамі краіны і не можа адчуваць самой атмасферы, якая там пануе.
,,Мне ж цяперашнія паводзіны людзей у Беларусі нагадалі сітуацыю ў Грузіі ў 2010 годзе. Мяне здзіўляла тады, колькі гараджанаў прыходзяць вячэраць у рэстараны, нягледзячы на тое, што з грашыма тады ў іх было не надта добра. Нават хутчэй надта дрэнна. Адзін пажылы мужчына сказаў мне тады, што ён адчувае патрэбу не гэтулькі ў ежы, колькі ў зносінах са сваімі сябрамі і сваякамі. Ён казаў, што людзям трэба прыходзіць хаця б раз на тыдзень сем'ямі з дзецьмі і нават браць з сабой сабаку. Тым больш, што ў Грузіі з гэтым няма праблемаў. Людзям неабходна адчуваць «плечы і локці» суграмадзянаў, каб не пачувацца адарванымі ад народу.
Вось і мая знаёмая кажа: «Мы спачатку выпілі кавы, потым прайшліся па горадзе, потым завярнулі на Карла Маркса і проста ішлі. Спыніліся, калі вызваліўся столік, селі і замовілі піва і свіную адбіўную. Божа, у нас у рэстаранах кошты нейкія астранамічныя! Я магла купіць кілаграм мяса за тыя грошы, што заплаціла за гэты кавалачак з гарнірам са жменькі гародніны, але пляваць. Адзін раз можна. Ішла дадому ў радасным настроі, лягла спаць і спала да раніцы. Ні разу не ўставала і не глядзела ў тэлефон, каб даведацца, што яшчэ здарылася. Калі такое было ў маім жыцці апошні раз? Можа, гэта проста настальгія па мінулым? Вырашылі, што сходзім пасля выходных у філармонію. Сто гадоў там не былі».
У філармонію дык у філармонію. Там якраз у аўторак у межах міжнароднага фестывалю пачынаюцца вечарыны «У Шэметава ў Шастаковічаў». Што праўда, са спадчыны нашага славутага земляка Дзмітрыя Шастаковіча сімфанічны аркестр выканае толькі сюіту з балету «Болт». Але гледачам прапануюць рэквіем рэ мінор Габрыеля Фарэ і канцэрт № 3 сі мінор для скрыпкі з аркестрам Каміля Сэн-Санса. Зусім някепска для пачатку. Так, можна слухаць музыку і думаць пра хор, які цяпер у выгнанні, пра артыстаў, якія выступаюць на тых пляцоўках, што ім час ад часу даюць за мяжой. Аказваецца, можна і так і, як гавораць псіхолагі, нават трэба.
Народ мусіць выжыць у тых жудасных умовах, і калі для гэтага трэба хадзіць на канцэрты, у рэстараны і на шопінг, то, значыць, трэба хадзіць. І ніякага дачынення да патрыятызму і грамадзянскай пазіцыі гэта не мае. І ніякіх размоваў аб падтрыманні рэжыму рублём быць не павінна. Для беларусаў сёння самая галоўная задача – захаваць сваё здароўе, псіхічнае і фізічнае. І, калі нечая бабуля пойдзе за 10 рублёў у кінатэатр паглядзець баявік або камедыю, то трэба толькі парадавацца за гэтую бабулю.
Любоў Лунёва belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркаванне аўтара