Апошнім часам у Беларусі ўсё часцей паведамляюць пра выпадкі кантакту асобаў з шалёнымі жывёлінамі. Пры двух з іх адразу 70 чалавек апынуліся пад пагрозаю смерці. Расказваем, што трэба ведаць пра шаленства, як засцерагчы сябе і жывёлу, як іншыя краіны змагаюцца з шаленствам.
Рост хворых жывёлінаў на 75 %
Шаленства – цяжкае інфекцыйнае захворванне, якое практычна ў 100 % выпадкаў заканчваецца смерцю, калі як мага хутчэй пасля кантакту з шалёнаю жывёлінаю не зрабіць прышчэпкі. Толькі за першае паўгоддзе 2024 года ў Беларусі былі зарэгістраваныя 124 выпадкі захворвання на шаленства. Гэта на 75 % вышэй у параўнанні з такім жа перыядам 2023-га, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
У верасні сталі з'яўляцца гісторыі пра нават масавыя выпадкі кантактаў з заражанымі жывёлінамі. Напрыклад, у Барысаве на мэблевым прадпрыемстве прытулілі вавёрку, якая неўзабаве памерла. Пасля даследаванняў высветлілася, што яна была хворая. З жывёлінаю кантактавалі работнікі прадпрыемства і дзіця 2020 года нараджэння. Яшчэ два выпадкі былі звязаныя з сабакамі. У адным гэта быў бадзяжны сабака са шчанюкамі, якіх падкормлівалі цэлым паселішчам. У другім – хатні шчанюк хаскі, якому не зрабілі прышчэпкі. З сабакамі кантактавалі больш за 70 чалавек.
Таксама ў жніўні быў выпадак, калі жанчына прынесла дадому вавёрку, якая неўзабаве пачала паводзіць сябе агрэсіўна і пакусала яе. Высветлілася, што жывёліна таксама была хворая на шаленства.
Пра смерці сярод людзей ува ўсіх гэтых выпадках не паведамлялася. Паводле Міністэрства аховы здароўя, людзі ў Беларусі з 2012 года на шаленства не хварэлі, але прышчэпкі супраць хваробы былі прызначаныя больш як 8,2 тысячы пацярпелых ад кантакту з жывёлаю толькі ў пачатку 2024-га. Пасля масавых кантактаў з хворымі жывёлінамі Мінздароўя адзначыла, што прышчэпак у краіне дастаткова. Гэта пацвярджае крыніца «Белсату» з сістэмы беларускай аховы здароўя.
Крыніца таксама адзначае, што звесткі наконт шаленства могуць быць завышаныя. Шмат укусаў, але людзі часта забіваюць жывёліну, якая напала. Ва ўмовах, калі трэба даследаваць труп, які ўжо раскладаецца, прасцей напісаць, што жывёліна была хворая. Аднак гэта ні ў якім разе не адмяняе захадаў засцярогі.
Як пазбегчы заражэння?

Заразіцца можна пры кантакце са слінай і слізістымі залозамі шалёнай жывёліны. Міністэрства аховы здароўя раіць не кантактаваць з дзікімі і няхатнімі жывёлінамі, а калі гэта адбылося, то неадкладна звярнуцца да доктара.
Для перадухілення заражэння важна:
– кожны год рабіць прышчэпкі ад шаленства хатнім жывёлінам;
– у выпадку змены паводзінаў жывёлы трэба звярнуцца да ветэрынара, каб той усталяваў 10-дзённае назіранне: падазроныя прыкметы – трывожнасць, агрэсія, моцнае слінавылучэнне, пена, боязь святла, праблемы з глытаннем і паралюш;
– раптоўная смерць таксама можа быць сведчаннем шаленства жывёліны, таму варта звярнуцца да медыкаў;
– нельга прыносіць дзікіх жывёлінаў дадому; звычайна яны пазбягаюць людзей: калі ж прыходзяць, то гэта можа быць прыкметаю шаленства;
– калі вы забралі бадзяжную жывёліну, то як мага хутчэй яе трэба паказаць ветэрынару і зрабіць прышчэпку.
Што рабіць, калі вас пакусалі?
Нават жывёліна, якая вонкава выглядае здароваю, можа быць хворая. Таму пры ўкусе ці драпіне або нават траплянні сліны на чалавека трэба звярнуцца па дапамогу.
Папярэдне трэба:
– старанна прамыць рану, драпіну або месца кантакту струменем вады і мылам;
– калі ёсць рана, то пасля прамывання апрацаваць край настойкай ёду 5 % ці любым спіртазмяшчальным антысептыкам;
– накласці стэрыльную павязку.
«Неадкладна (цягам содняў пасля кантакту) трэба звярнуцца ў медычную ўстанову. Толькі доктар (хірург, траўматолаг) ацэніць рызыку магчымага заражэння вірусам шаленства і прызначыць, пры неабходнасці, прышчэпачны курс.
Вельмі важна адначасова са зваротам да доктара зрабіць (пры магчымасці) захады ў дачыненні жывёліны: ізаляваць і выклікаць адмыслоўца ветэрынарнай службы для кансультацыі і арганізацыі назірання», – піша Міністэрства аховы здароўя.
Нешта не так з барацьбою з шаленствам?

З 16 верасня 2024 года пры перавозе жывёлінаў у ЕЗ з Беларусі патрабуецца тэст на антыцелы да шаленства, зроблены ў акрэдытаванай лабараторыі. Галоўны дзяржаўны ветэрынар Дэпартаменту памежнага кантролю Літвы Аліцыя Заранковіч апавяла: усё таму, што «Расея і Беларусь выключаныя са спісу краінаў, што эфектыўна рэалізуюць антырабічныя (скіраваныя супраць шаленства) патрабаванні».
Хоць, калі параўноўваць Беларусь, напрыклад, з Польшчаю, то патрабаванні да ўладальнікаў жывёлы падобныя. І ў Беларусі, і ў Польшчы уладальнікі хатніх сабакаў і катоў мусяць іх вакцынаваць супраць шаленства.
Таксама ў Беларусі і ў Польшчы ёсць аднолькавая практыка – раскідваць прынады ад шаленства для дзікай жывёлы. Штогод у Беларусі раскідваюцца каля 2,7 млн такіх прынадаў, адзначыў у верасні 2023 года намеснік дырэктара Дэпартаменту ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Дарафейчык. Паводле яго ж, гэта прынады беларускай вытворчасці, то бок праблемаў праз санкцыі не мусіла ўзнікнуць.
Істотнае адрозненне хіба што ў стаўленні краінаў да бадзяжных жывёлінаў. Калі ў Польшчы забойства такіх катоў і сабакаў – нагода для расследавання, то ў Беларусі гэтым займаюцца камунальнікі.
«Неафіцыйна нам паведамілі, што ў некаторых вобласцях у работнікаў усіх "зацікаўленых" службаў ёсць сакрэтнае прадпісанне: пры магчымасці цалкам знішчаць усіх бадзяжных жывёлінаў у радыусе некалькіх кіламетраў ад "эпіцэнтру" [шаленства. – Заўвага рэд.]», – паведамляюць «Белыя халаты».
Гэта значыць, пакуль у Беларусі сітуатыўна адстрэльваюць бяздомных жывёлінаў, у Польшчы штогод выдаткоўваюць 300 млн злотых на барацьбу з праблемаю бадзяжнасці жывёлы, у тым ліку на іхнае ўтрыманне і медычнае абслугоўванне.
Таксама няясна, наколькі эфектыўныя прынады беларускай вытворчасці супраць шаленства для дзікай жывёлы. Бо, паводле Мінздароўя, найчасцей выпадкі шаленства былі заўважаныя сярод лісіцаў, а толькі потым сярод катоў і сабакаў.
Апошні смяротны выпадак ад шаленства быў у Польшчы ў 2002-м, за дзесяць гадоў да апошняга выпадку ў Беларусі. Штогод у Польшчы рэгіструюцца 8–10 тысячаў пацярпелых ад жывёлінаў з меркаваным шаленствам, то бок прыблізна столькі ж, колькі ў Беларусі за паўгода, хоць насельніцтва Польшчы больш як у 4 разы больш, чымся ў Беларусі.
Арсен Рудэнка belsat.eu