Меркаваннi
Naviband на дзень КДБ Беларусі: Хто каго вярбуе?
podpis źródła zdjęcia
Аднак, як падаецца, мы не назіраем «здраду» з боку Naviband, мы назіраем трансфармацыю ў самім КДБ.
Скажам шчыра, найбольш неасцярожна робяць тыя, хто праводзіць гістарычныя паралелі паміж сучасным беларускім КДБ і супрацай з нацысцкімі спецслужбамі. Толькі гэтыя паралелі сведчаць на карысць Naviband, а не наадварот.
Папракаюць гурт у выступе на канцэрце перш за ўсё нашыя самыя зацятыя антыкамуністы (зрэшты, антыкамуністам з’яўляецца і аўтар гэтых радкоў). Аднак нашыя антыкамуністы ў часе Другой сусветнай вайны паводзілі сябе як прагматыкі і рэалісты, калі трэба было рабіць карысную для народа справу.
Яны, напрыклад, імкнуліся не толькі ваяваць супраць СССР, але і атрымліваць зброю ад нацысцкай Нямеччыны, імкнуліся… выступаць з канцэртамі, лекцыямі, выступамі перад набранымі з беларусаў батальёнамі, якія ваявалі супраць савецкіх партызан і дыверсантаў. У тым ліку перад 13-м беларускім паліцэйскім батальёнам пры СД – то бок пры выведцы СС.
Чаму? Таму што нацыянальная інтэлігенцыя разумела, што мясцовыя людзі з паўнамоцтвамі і зброяй, якімі б гэтыя людзі не былі, павінны стаць беларускімі патрыётамі, жыць у кантэксце беларускай культуры. Толькі гэта давала шанец на тое, што ў выпадку краху Масквы і Нямеччыны (як у Першай сусветнай вайне, калі па чарзе разваліліся і Германская, і Расейская імперыі) незалежная Беларусь будзе мець шанец на існаванне.
Знакамітая Наталля Арсеннева напісала ў 1943 годзе ў акупаваным Менску духоўны гімн «Магутны Божа», які друкаваўся ў цэнзураванай нацыстамі беларускай прэсе, а зараз гэты гімн спяваюць і беларускія праваслаўныя, і католікі, і пратэстанты.
Мужам паэткі быў Францішак Кушаль – кадравы вайсковец, які ўдзельнічаў у арганізацыі ці не большасці беларускіх антысавецкіх частак, пад уласнай рэдакцыяй выдаваў спецыяльна разлічаны на беларускіх паліцэйскіх і вайскоўцаў на службе Трэцяга Райху часопіс «Беларус на варце».