Упершыню цырымонію праводзілі не на стадыёне, а ў цэнтры гораду.
навіны
У Парыжы прайшла цырымонія адкрыцця Алімпіяды
podpis źródła zdjęcia
У Парыжы адбылося адкрыццё летніх Алімпійскіх гульняў 2024 году. Упершыню цырымонію праводзілі не на стадыёне, а ў цэнтры гораду.
Як піша Reuters, алімпійскія каманды праплылі на флатыліі баржаў 6-кіламетровы ўчастак ракі Сена ў Парыжы. За імі назіралі каля 300 тысяч гледачоў, якія занялі месцы ўздоўж ракі. Гэта першы выпадак у гісторыі, калі цырымонія адкрыцця праходзіла за межамі стадыёну.
На цырымоніі выступілі сусветныя зоркі. Селін Дыён праспявала песню Hymne A L’Amour Эдыт Піяф, а Лэдзі Гага выканала першы музычны нумар у суправаджэнні гурта танцораў і невялікага аркестра.
Напрыканцы група сусветна вядомых спартоўцаў, уключаючы футбаліста Зінедзіна Зідана і тэнісіста Рафаэля Надаля прынесла алімпійскі факел да катла, устаноўленага ля будынку Луўра. Запалілі алімпійскі агонь дзюдаіст Тэдзі Рынер і бягунка Мары-Жазэ Перэк. Над катлом быў устаноўлены паветраны шар, і калі полымя распалілі, шар падняўся ў начное неба. Паветраны шар будзе знаходзіцца ў паветры да 2 гадзін ночы па мясцовым часе кожны дзень, паведамілі арганізатары.
Да алімпійскіх спаборніцтваў у Парыжы дапушчаны ў нейтральным статусе 17 беларускіх і 15 расейскіх спартоўцаў, аднак у парадзе атлетаў яны не ўдзельнічалі – адпаведнае рашэнне раней прыняў Міжнародны алімпійскі камітэт.
Глеб Нержын belsat.eu