навіны

«Пакуль працуем, але ўсхваляваныя». Што зменіцца для маршрутак з новым указам аб перавозах?

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Відэаназіранне ў салоне, захоўванне інфармацыі пра паездкі пасажыраў, дзяржаўны рэестр.

Анансаваны ўвосень указ аб перавозах пабачыў свет 25 студзеня. Плануецца: рэестр перавознікаў, сістэма відэаназірання ў кожным транспартавым сродку і захоўванне цягам года інфармацыі аб паездках пасажыраў. Некаторыя перавознікі, з якімі карэспандэнт «Белсату» паразмаўляў як прыватная асоба, запэўнілі, што працягнуць працу паводле новых патрабаванняў, некаторыя такога аптымізму не выказалі.
Менск, Беларусь. 9 сакавіка 2021. (Фота: ТК / Белсат)
Менск, Беларусь. 9 сакавіка 2021. (Фота: ТК / Белсат)
Указ, падпісаны Лукашэнкам, прадугледжвае стварэнне дзяржаўнага рэсурсу «Рэестр аўтамабільных перавозаў пасажыраў у нерэгулярных зносінах». У гэты пералік будуць залучаць звесткі пра:
Праца без рэгістрацыі ў гэтым рэестры будзе забароненая. Працэдура платная: напрыклад, за залучэнне ў базу аднаго кіроўцы давядзецца заплаціць адну базавую велічыню, за кожны транспартавы сродак – дзве, а за кожнага дыспетчара – сто базавых.
Праўда, прадугледжана «акцыя»: з 1 жніўня, калі рэестр запусцяць, да 1 лістапада, калі ўказ цалкам набудзе моц, грошы за залучэнне браць не будуць.
Весці рэестр будзе транспартавая інспекцыя Міністэрства транспарту, а доступ да інфармацыі атрымаюць «надзораныя ды іншыя дзяржаўныя органы пры наяўнасці падставаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі».
Замежныя кампаніі, каб працаваць на гэтым рынку ў Беларусі, мусяць ствараць у тут юрыдычную асобу. Перавознікі, дыспетчары і агрэгатары абавязаныя карыстацца «інфармацыйнымі сістэмамі і рэсурсамі, што знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі», «здзяйсняць фіксацыю, весці ўлік замоваў, у тым ліку нявыкананых, і захоўваць гэтую інфармацыю цягам 12 месяцаў». Доступ да гэтых звестак (таксама аддалены) змогуць атрымаць «надзораныя ды іншыя дзяржаўныя органы паводле іх патрабавання».
Таксама ўказ патрабуе ўсталявання ў кожнай машыне сістэмы відэаназірання, што ахоплівае салон. Гэты пункт асобна абмеркавалі надоечы на сустрэчы чыноўнікаў з перавознікамі, піша «Office Life». Бізнесоўцы скардзяцца, што камеры і захоўванне запісаў – дорага і складана. Адпаведна, давядзецца павышаць тарыфы, каб скампенсаваць выдаткі.
Адзін перавознік, які ініцыятыўна абсталяваў свае маршруткі сістэмаю відэаназірання, апавёў, што за содні рэгістратар толькі ў адным мікрааўтобусе генеруе 128 Гб дадзеных. І калі ў парку багата машынаў, то для захоўвання гэтых запісаў спатрэбіцца ледзь не дата-цэнтр і штат айцішнікаў.
Чыноўнікі прызналі, што сапраўды спатрэбяцца «нейкія дадатковыя высілкі і сродкі», але заявілі: у гэтым маюць быць зацікаўленыя самі перавознікі. Маўляў, кіроўцы будуць на віду і не стануць падманваць ды хаваць прыбыткі.
Менск, Беларусь. 9 сакавіка 2021. (Фота: ТК / Белсат)
Менск, Беларусь. 9 сакавіка 2021. (Фота: ТК / Белсат)
Указ прадугледжвае і санкцыі за парушэнне правілаў перавозаў: «прыпыненне знаходжання ў рэестры» і вылучэнне з гэтай базы. Адпаведна, у абодвух выпадках вазіць пасажыраў будзе забаронена.
Напрыклад, «сяброўства» кіроўцы ў рэестры прыпыняць за выключаную касу, таксометр або відэарэгістратар, за прыём замоваў праз тэлефон або мабільную праграму, не залучаныя ў рэестр.
Знаходжанне кампаніі-перавозніка ў рэестры прыпыняць за неаднаразовыя парушэнні, выяўленыя цягам 12 месяцаў: праца кіроўцы без медычнага агляду, неналежны кантроль за тэхнічным станам аўтобуса перад выхадам на лінію, падатковая запазычанасць на суму больш за тысячу базавых велічыняў ды іншыя падставы.
Транспартавы сродак трапіць у няміласць, калі выйдзе ў рэйс без страхоўкі, з няспраўнасцю або будзе самавольна пераабсталяваны.
«Сяброўства» у рэестры ўзновяць пасля таго, як усе праблемы будуць развязаныя.
Адразу з рэестра вылучаць за рэгулярныя рэйсы пад выглядам нерэгулярных, за два і болей парушэння цягам 12 месяцаў, звязаных з выкарыстаннем касы і выдачы чэкаў, за працяг працы ў той момант, калі знаходжанне ў базе прыпыненае.
Менск, Беларусь. 9 сакавіка 2021. (Фота: ТК / Белсат)
Менск, Беларусь. 9 сакавіка 2021. (Фота: ТК / Белсат)
Некаторыя перавознікі, як можна меркаваць, яшчэ прыглядаюцца да новых патрабаванняў. Прынамсі ў дыспетчарскай службе адной кампаніі карэспандэнту «Белсату», які званіў як прыватная асоба, сказалі, што нічога не ведаюць і нічога наконт далейшай працы паведаміць пакуль не могуць.
Іншы перавознік запэўніў, што дасць рады ў новых умовах:


,,

«У нас усё нармалёва. Аніякіх праблемаў не бачым».


У яшчэ адной кампаніі былі вельмі аптымістычнымі:


,,

«Нічога не зменіцца і нічога не падаражэе. Ніякіх цяжкасцяў не чакаем. Мы працуем афіцыйна, легальна, сумленна, таму ў нас нічога не зменіцца».


Чацвёрты перавознік такой упэўненасці ў будучыні не выказаў:


,,

«Што будзе заўтра, даведаемся паслязаўтра. Пакуль мы працуем у штатным рэжыме. Колькі будзем працаваць, не ведаю. Супакоіць вас не магу, бо мы самі неспакойныя. Мы працуем, пакуль маем дазвол».


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10