Яго судзілі паводле шасці артыкулаў, сярод якіх ёсць «Акт тэрарызму» і «Агентурная дзейнасць».
навіны
Грамадзяніна Нямеччыны збіраюцца пакараць смерцю ў Беларусі
podpis źródła zdjęcia
Грамадзянін Нямеччыны быў асуджаны ў Беларусі да найвышэйшай меры пакарання, піша тэлеграм-канал «Мотолько. Помоги».
Паводле звестак аўтараў тэлеграм-каналу, Менскі абласны суд 21 чэрвеня асудзіў да смяротнага пакарання грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера.
Мужчыну выставілі абвінавачанне паводле некалькіх артыкулаў: «Незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» (арт. 295 КК РБ), «Наўмыснае прывядзенне ў нягоднасць транспарту і шляхоў спалучэння» (арт. 309 КК РБ), «Стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» (арт. 361-1 КК РБ), «Агентурная дзейнасць» (арт. 358-1 КК РБ), «Найміцтва» (арт. 133 КК РБ) і «Акт тэрарызму» (арт. 359 КК РБ).
У Нямеччыне ў мужчыны засталося няпоўнагадовае дзіця.
Пакуль невядома, ці быў вынесены прысуд абскарджаны або апратэставаны, роўна як няма інфармацыі пра тое, ці набыў ён законную сілу.
Абноўлена. Праваабаронцы «Вясны» таксама атрымалі пацвярджэнне інфармацыі пра смяротнае пакаранне для Рыка Крыгера. Акрамя таго, «Вясне» стала вядома, што справа вайсковага лекара з Нямеччыны мае дачыненне да палка Каліноўскага, у прыватнасці, яго структурнага падраздзялення: замежнага механізаванага батальёна «Western».
Аднак, на запыт журналістаў «Нашай Нівы» ў палку Каліноўскага адказалі, што Рыка Крыгер не мае да іх дачынення. Такім чынам, пакуль незразумела, ці сапраўды грамадзянін Нямеччыны браў удзел у ПКК, ці толькі выказваў намеры аб гэтым.
Рыка Крыгер – нарадзінец Берліна, яму 30 гадоў. Ён некаторы час быў супрацоўнікам службы бяспекі ў аддзяленні Дзяржаўнага дэпартамента ЗША ў Берліне. Пасля працаваў медыкам у доме састарэлых, у 2021 годзе Крыгер уладкаваўся на працу ў нямецкі Чырвоны крыж спецыялістам па экстранай медыцыне.
Раман Шавель belsat.eu