Аб'яднанне былых сілавікоў «BYPOL» выпусціла заяву з нагоды хуткага пачатку прыёму заявак на пашпарт Новай Беларусі. Арганізацыя назвала гэтае рашэнне заўчасным, а сам дакумент – прыгожым сувенірам. Акрамя таго, «BYPOL» сумняецца, што база з персанальнымі звесткамі беларусаў, якія аформяць пашпарт, будзе пад надзейнаю аховаю.
«На гэты момант „BYPOL“ можа толькі парэкамендаваць прадаваць пашпарты Новай Беларусі ў сувенірных крамах. Рызыка, звязаная з іх набыццём, вельмі вялікая, а практычнай карысці ад гэтага дакументу пакуль няма і, падобна, не будзе», – адзначаецца ў заяве на сайце арганізацыі.
Аб'яднанне былых сілавікоў звяртае ўвагу, што ніводная краіна пакуль не прызнала пашпарт Новай Беларусі, а таму хуткі пачатак выдавання дакументаў – заўчасны:
,,«Навошта зараз выпускаць пашпарт Новай Беларусі, калі праца з ім яшчэ не скончаная? У цяперашні час гэта звычайны сувенір. Датэрміновы выпуск нікім не прызнанага пашпарту з'яўляецца дыскрэдытацыяй гэтай ідэі».
«BYPOL» таксама сумняецца ў неабходнасці збіраць біяметрычныя звесткі:
«Біяметрыя толькі робіць больш лёгкім працэс пашпартнага кантролю ў некаторых краінах, дзе на мяжы ўсталяваныя адмысловыя прылады. Аднак нават у гэтым выпадку ўезд у гэтыя краіны магчымы і з звычайным пашпартам».
Да таго ж, у арганізацыі не ўпэўненыя, што звесткамі беларусаў, якія праз палітычны пераслед не могуць атрымаць сіні пашпарт на радзіме, не завалодаюць сілавікі:
«Для збору і захавання асабістых дадзеных неабходна стварэнне сур'ёзнай сістэмы бяспекі. А з улікам апошніх узломаў прадстаўнікоў Кабінету і выцеку дадзеных яна, падобна, папросту адсутнічае».
Хутка станецца вядомым адрас пашпартнага цэнтру, куды можна будзе звяртацца па дакумент, і не будзе праблемы вылічыць усіх візіцёраў дзякуючы сістэме «Kipod», упэўненыя ў «BYPOL»:
«Пры выкарыстанні адпаведных тэхнічных сродкаў, у тым ліку сістэмы „Kipod“, прадстаўнікі спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі здолеюць выяўляць асобы ўсіх наведнікаў цэнтру, што можна выкарыстоўвацца як нагода для чарговых крымінальных справаў».
Пашпарт Новай Беларусі прэзентуюць 26 студзеня ў Варшаве падчас фэсту «Беларусы годныя лепшага». З таго ж дня пачнецца прыём заявак. За выдаванне дакументу будуць браць 97 еўраў.
Кіраўнік праекту Марус Гудзялайціс раней запэўніваў, што асабістыя звесткі будуць захоўвацца паводле «найвышэйшых міжнародных стандартаў», за гэта будзе адказваць Беларускі пашпартны цэнтр. З мэтаў бяспекі таксама пастанавілі не аддаваць падрадчыкам уласна друк пашпартоў – гэта будуць рабіць на месцы, у самым цэнтры.
Што да прызнання дакументу ў свеце, то праца трывае, запэўнівае старэйшы дарадца абранай прэзідэнткі Франак Вячорка. Узоры ўжо выслалі ва ўсе краіны ЕЗ, цяпер з кожнаю маюць прайсці кансультацыі.
Ідэя гэтага пашпарту ўзнікла, калі цяперашнія ўлады Беларусі пастанавілі не выдаваць дакументаў праз амбасады, дзеля замены патрабуецца ехаць на радзіму. Планавалася, што з пашпартам Новай Беларусі можна будзе легалізоўвацца за мяжою і падарожнічаць.
Сцяпан Кубік belsat.eu