Лукашэнка прызнаў, што 30 гадоў «сядзіць на антыкарупцыйным кані». І назваў новых вінаватых


Аляксандр Лукашэнка 14 чэрвеня сабраў нараду з Саветам Міністраў, каб наскардзіцца на карупцыю сярод прызначаных ім чыноўнікаў і распавесці міністрам, які ён незамяняльны. 

Савет Міністраў на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Менск, Беларусь. 14 чэрвеня 2024 года.
Фота: president.gov.by

У 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады з пасады кіраўніка парламенцкай антыкарупцыйнай камісіі. Хоць той парламент ён неўзабаве знішчыў, ад антыкарупцыйных лозунгаў не адмовіўся. І ўсе 30 гадоў ва ўладзе не пераставаў апавядаць пра барацьбу з карупцыяй, хоць прытым новыя гучныя карупцыйныя справы з’яўляліся адна за адной, а Беларусь не падымалася на высокія пазіцыі ў антыкарупцыйных рэйтынгах. Гэтак, у Індэксе ўспрымання карупцыі Беларусь цяпер на 98-м месцы са 180 краінаў свету, між Аргентынай і Эфіопіяй, з 2020 года здае пазіцыі. І ў Лукашэнкі знаходзяць палац за палацам.

«Я вельмі не хацеў бы, каб мяне чарговы раз ці то папракалі, ці то нагадвалі, што перад нейкім электаральным цыклам ці падчас яго я саджуся на антыкарупцыйнага каня, – казаў Лукашэнка. – Праўда, разумныя журналісты даўно заўважылі, што Лукашэнка даўно на ім ужо гадоў 30 сядзіць».

І дадаў, што часта чуе ад ураду, быццам «дзесьці кагосьці пераціснулі», але спыняцца не збіраецца. І прывёў прыклады нядаўніх карупцыйных справаў.

• Першы намеснік начальніка Беларускай чыгункі Пётр Дулуб, паводле Следчага камітэту, меў у схованках у кватэры і загарадным доме больш за $ 3,2 млн.

• 26 студзеня Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за хабар супраць былога намесніка міністра энергетыкі Міхаіла Міхадзюка – пра гэта стала вядома з тлумачэнняў словаў Лукашэнкі ў дзяржаўным выданні «СБ. Беларусь сегодня». Сам Лукашэнка даведаўся пра гэта ад віцэ-прэм’ера:

– То бок на табе падстанцыю, ідзі і мадэрнізуй, але ты мне дай хабар. Дзясяткі тысяч долараў! Чалавек усё жыццё адпрацаваў у міністэрстве… Дзе ён цяпер?

– Ён там.

– Дзе «там»?

– У СІЗА.

– Я цябе папярэджваў не адзін раз! Гэта твае падначаленыя.

• Факты карупцыі выявілі ў менскім «Гаррэмаўтадары». Як выявілася пазней, гаворка пра справу супраць кіраўніка «Гаррамаўтамаста» Паўла Важніка, пра затрыманне якога стала вядома 12 лютага.

• Адзін з экс-памочнікаў Лукашэнкі ў Віцебскай вобласці – як стала вядома пазней, гаворка пра затрыманага ў мінулым лістападзе Ігара Брыло, разам з ім прыцягнутыя да адказнасці «тры дзясяткі чалавек».

• Таксама штосьці звязанае з карупцыяй было ў Берасцейскім аблвыканкаме – як стала вядома пазней з тэксту дзяржаўнай кампаніі БелТА, гаворка была пра першага намесніка старшыні Берасцейскага аблвыканкаму Валянціна Зайчука, зніклага ў студзені.

• Лукашэнка пацвердзіў чуткі пра затрыманне першага намесніка кіраўніцтва ягонымі справамі Дзмітрыя Рыбка: «Хабарнік, таўра ставіць няма дзе, сядзіць».

«Больш я вас угаворваць і прасіць не буду, – пагражаў Лукашэнка ўраду. – Крок налева, крок направа – да сценкі паставім. Публічна вам заяўляю.

Як пытанні нейкія развязаць – ну проста бяда: сам вызначаеш пытанні, сам ставіш заданні і сам едзеш правяраеш і потым робіш замест вас. Апошняя размова з вамі. Якая б электаральная кампанія ні была. Я вам ужо неяк казаў часам. Я тут асабліва не пераймаюся наконт таго, падтрымаеце вы мяне ці не. Я дамоўлюся з беларускім народам. Я знайду з ім агульную мову. Я тры дзясяткі гадоў знаходжу з ім агульную мову. А вось вы падумайце, з кім вы будзеце працаваць».

Аналітыка
Ад прастытутак да трэцяй сусветнай вайны. Як мяняліся страшылкі Лукашэнкі цягам 30 гадоў
2024.02.22 06:00

Лукашэнка ў прыватнасці раскрытыкаваў працу пелетных заводаў (пелеты – біяпаліва ў гранулах, якое вырабляюць з адкідаў драўніны і іншых рэчываў). Абураўся, што ў іх былі інвеставаныя вялікія сродкі, але праз «вонкавыя абставіны» (імаверна, санкцыі) яны працуюць сяк-так, а захады ўраду пакуль не далі вынікаў. Ён загадаў, каб заводы працавалі, раз ужо былі створаныя, і не прыносілі стратаў.

Таксама закрануў справы «Белаграсэрвісу»: нагадаў, што ў 2019 годзе прадпрыемству рэструктурызавалі буйную запазычанасць перад бюджэтам, і падкрэсліў, што аграрныя сэрвісы ўсё роўна працуюць абуральна, у даўгу як у шаўку. Заявіў, што гэтая рынкавая эканоміка спрабавала разбурыць аграсэрвісы. Ізноў загадаў прыйсці да жорсткай дысцыпліны ў разліках.

І прыгразіў: каб не было на 1 жніўня ніякай запазычанасці перад сялянамі, калгасамі і саўгасамі ні з малаком, ні з мясам. Прапанаваў, адкуль узяць грошы: «У жулікаў забірайце грошы, якія раскралі, і аддайце сялянам за пастаўленую прадукцыю».

Пасля пелетаў і аграсэрвісаў ён перайшоў да пытанняў праекту спадарожнікавай сувязі. Згадаў, што беларускі спадарожнік сувязі запусцілі ў космас у 2016 годзе, і назваў яго галоўнай задачай акупальнасць і камерцыялізацыю. Урад прапанаваў Лукашэнку скарэктаваць парадак выканання фінансавых абавязкаў адносна праекту.

Агляд
Ён яшчэ і паэт! Што Лукашэнка нагаварыў пра журналістаў, інфармацыйную вайну і свае вершы
2024.05.28 19:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў