«Адпрацоўка Баранавічаў» і крымінальная справа за ўдар па фота кандыдатаў. Рэпрэсіі 12 лютага


Больш за тры гады ў Беларусі штодня адбываюцца палітычныя рэпрэсіі, затрыманні і суды. «Белсат» расказвае, што стала вядома за адзін толькі дзень 12 лютага.

Кіроўн склад органаў унутраных справаў Магілёўшчыны
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наведнікі інструктажу кіроўнага складу органаў унутраных справаў Магілёўшчыны з нагоды выбараў у Палату прадстаўнікоў. Магілёў, Беларусь. 9 лютага 2024 года.
Фота: МВД Беларуси / Telegram

Сілавікі праз ананімны Telegram-канал пахваліліся чарговаю хваляю затрыманняў, «адпрацоўкаю Баранавічаў». Чатырох затрыманых назвалі ўдзельнікамі масавых закалотаў – гэтак сілавікі называюць мірныя пратэсты пасля выбараў-2020.

Дзве звязаныя з Беларуссю навіны з’явіліся ад Федэральнай службы бяспекі Расеі. Спачатку там апавялі, што затрымалі жыхара Калінінградскай вобласці, які нібыта перадаваў Службе бяспекі Украіны звесткі пра сацыяльна-палітычную і эканамічную сітуацыю ў Беларусі і Расеі. Затым паказалі відэа затрымання мужчыны – як сцвярджаецца, грамадзяніна Беларусі, які ўчыніў дыверсію ў Туле для ўкраінскіх спецслужбаў.

З афіцыйна апублікаванага рашэння суда Цэнтральнага раёну Менску стала вядома, што аднойчы ўвечары пасля хакейнага матчу каля «Менск-арэны» мужчына правёў «несанкцыянаванае пікетаванне», бо выкрыкнуў лозунг «з мэтаю публічна выразіць грамадска-палітычныя настроі». За гэта яго асудзілі на 13 дзён арышту. Суд адбыўся 19 студзеня, дата затрымання і сам лозунг, як і шмат якія іншыя падрабязнасці справы, зацэнзураваныя.

Адносна некаторых затрыманняў няясна, ці быў у іх палітычны падтэкст.

Гэтак, Следчы камітэт апавёў, што ў Менску затрымалі 36-гадовага мужчыну, які ўначы 9 лютага ўдарыў кулаком стэнд з улёткамі кандыдатаў на дэпутацтва. Паводле сілавікоў, мянчук не здолеў растлумачыць учыненага, на момант удару быў п’яны. Супраць яго распачалі крымінальную справу за хуліганства (ч. 1 арт. 339 КК РБ), яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Hавiны
Беларускі спецназ у Дубаі паспаборнічаў з чачэнскім, амерыканскім і канадскім
2024.02.12 20:49

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», у судзе Ленінскага раёну Менску яшчэ 17 студзеня 2024 года асудзілі прадаўніцу з Менску Сняжану Марозаву: суддзя Юлія Шчоткіна прызнала жанчыну вінаватай у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК РБ), за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе. Сцвярджаецца, што жанчыну пазналі па фота з інтэрнэту. Марозаву асудзілі на 2,5 года абмежавання волі без скіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія») і вызвалілі ў зале суда.

Паводле «Вясны», 12 лютага меў адбыцца суд аб пераводзе на турэмны рэжым палітычнага вязня Паўла Савы, асуджанага ў «справе Аўтуховіча» на 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама 12 лютага мелі судзіць палітычнага вязня Рыгора Гунька, піша «Вясна», якога ў межах «пінскай справы» ўжо асудзілі на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але збіраліся перавесці ў турму. Вынікі абодвух судоў яшчэ не вядомыя.

Магілёўскім праваабаронцам «Mayday Team» сталі вядомыя падрабязнасці справы супраць былога аператара і тэлежурналіста Яўгена Глушкова: яго затрымалі ў пачатку студзеня, штурмавалі кватэру, бо ён не адчыніў сілавікам, выцягнулі надвор у хатнім адзенні. Паводле праваабаронцаў, ягоны пераслед можа быць звязаны з журналісцкаю дзейнасцю, а справу маглі пачаць паводле арт. 361-1 КК РБ («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»).

Імаверна, за апошні час было істотна больш палітычных затрыманняў і судоў – далёка не ўсё становіцца вядома праваабаронцам адразу. Гэтак, гарадзенскія праваабаронцы «Права маюць» толькі 12 лютага апублікавалі звесткі пра студзеньскі штраф за надпіс «Живе Беларусь» (менавіта праз «И») і пяць штрафаў за «экстрэмісцкія матэрыялы» ў сацсетках толькі ў Лідскім раёне.

Таксама ў Горадні 12 лютага мелі судзіць унесенага ў спіс тэрарыстаў жыхара Ваўкавыску Віктара Баркета (яго вінавацяць у абразе Лукашэнкі, глумленні з дзяржаўнай сімволікі, распальванні варожасці і абразе прадстаўніка ўлады) і абвінавачаных у паклёпе на Лукашэнку Таццяну і Сяргея Чыжоў.

Hавiны
Як судзяць за «Е-дастаўку» сваякоў палітвязняў. «Вясна» апублікавала аўдыязапіс з суда
2024.02.12 17:34

Акрамя таго, паводле «Еўрарадыё», нядаўна затрымалі дырэктара менскай кампаніі «Гараўтамост» Павел Важнік, у яго ўдома і на працы адбыліся ператрусы. У кампаніі журналісту выдання паведамілі, што Важніка «няма» і «больш не будзе». Прычыны затрымання невядомыя, але яно можа быць звязанае са справаю супраць «Гараўтамосту» за абвал маста на Нямізе 8 студзеня 2022 года: вінаватым тады назвалі намесніка Важніка – Мікалая Дзядзюлю, якога асудзілі на 5 гадоў «хатняй хіміі», таксама яму выставілі рахунак на 128 тысячаў рублёў.

27 лютага пачнуцца электронныя гандляванні ў продажы кватэры «даўжніка», кандыдата на прэзідэнта ў 2020-м Валерыя Цапкалы. Год таму на аўкцыён выставілі кватэру іншай кандыдаткі-2020, выбранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай (і ейнага мужа, палітычнага вязня Сяргея Ціханоўскага). Кватэру Ціханоўскіх прадалі з трэцяй спробы, бо не адразу знайшліся пакупнікі.

Тым часам «Наша ніва» звярнула ўвагу на тое, што былая фатографка дзяржаўнай інфармацыйнай кампаніі БелТА Аксана Манчук, якая здымала акцыі пратэсту і суды над палітвязнямі, цяпер шукае працу ў Варшаве. Былога месца працы ў допісе пра пошук новых прапановаў у Варшаве фатографка не называе.

Ёсць і ўмоўна добрыя навіны. Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак расказаў у Facebook, што 6300 еўраў дапамогі для сям’і блогеркі і былой палітычнай зняволенай Вольгі Такарчук сабралі ўсяго за 10 гадзінаў. Такарчук правяла ў няволі больш за год, але па вызваленні сілавікі зноў прыйшлі да яе падчас хвалі затрыманняў, звязаных з дапамогаю палітвязням праз сэрвіс «INeedHelpBY». Затрымалі маці Вольгі, якая дасюль застаецца пад следствам. Такарчук пастанавіла з’ехаць з Беларусі з дваімі дзецьмі і бацькам-пенсіянерам, супраць якога таксама маглі б завесці крымінальную справу.

Hавiны
Карпянкоў напярэдадні выбараў палохае беларусаў вагнэраўцамі
2024.02.12 10:20

Алесь Наваборкі belsat.eu

Стужка навінаў