Грамадзяніна Беларусі затрымалі ў расейскім Варонежы – нібы за дыверсіі для Украіны


Федэральная служба бяспекі Расеі паведаміла ТАСС пра затрыманне грамадзяніна Беларусі ў Варонежы. Сцвярджаецца, што ён датычны да падпалу падстанцыі ў Туле, яму пагражае пазбаўленне волі на працяглы тэрмін.

Затрыманне, як сцвярджаецца, грамадзяніна Беларусі, які ладзіў у Расеі дыверсіі для ўкраінскай выведкі. Варонеж, Расея. Люты 2024 года. Скрыншот: ФСБ / ТАСС

Пра затрыманага паведамляецца толькі, што ён грамадзянін Беларусі 1998 года нараджэння, раней яго судзілі за хуліганства з ужываннем зброі, выбуховых або гаручых рэчываў. Твар затрыманага на відэа ФСБ не разглядзець.

Адносна яго распачалі крымінальную справу за «Дыверсію» (ч.1 арт. 281 КК РФ). Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў. Пры тым з апісанага ФСБ абвінавачвання вынікае, што справу могуць перакваліфікаваць на больш жорсткую частку 2 таго ж артыкулу, паводле якой пакаранне – ад 12 да 20 гадоў.

ФСБ сцвярджае, што затрыманы выйшаў на кантакт з украінскімі спецслужбамі праз жыхара Харкава Атары Данько на мянушку Грыша (гэта сапраўдны чалавек, якога ва Украіне называюць «крымінальным аўтарытэтам», і ён выказваўся супраць расейскага нападу на Украіну, звяртаўся да расейскіх зняволеных з заклікам не ісці ваяваць). Украінскія спецслужбы нібыта паставілі затрыманаму задачу за грошы рабіць дыверсіі і тэракты на аб’ектах грамадзянскай інфраструктуры ў Расеі.

Як заяўляюць расейскія сілавікі, затрыманы вырабіў запальную прыладу і 5 лютага 2024 года падпаліў цягавую электрападстанцыю «Тульскіх гарадскіх электрасетак», а пасля паехаў у Варонеж дзеля падпалу трансфарматарнай электрападстанцыі і помпавай станцыі.

На апублікаваным відэа ФСБ бачна, што мужчыну затрымліваюць некалькі ўзброеных байцоў у поўным рыштунку. Заяўляюць, што ў затрыманага канфіскавалі тэлефон з «перапіскай з куратарам» і «тры гатовыя да ўжывання запальныя сумесі».

Hавiны
ФСБ вінаваціць жыхара Калінінграду ў тым, што ён паведамляў СБУ звесткі пра Беларусь і Расею
2024.02.12 15:38

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў