У Нямеччыне падпалілі лецішча кіраўніка канцэрну «Rheinmetall» праз пастаўкі зброі Украіне


Леварадыкальныя актывісты ўзялі на сябе адказнасць за падпал лецішча кіраўніка кампаніі «Rheinmetall», абвінаваціўшы яе ў атрыманні вялікіх прыбыткаў ад вайны ва Украіне, пішуць выданні «Bild» і «Cellesche Zeitung».

Падпаленае лецішча кіраўніка канцэрну «Rheinmetall». Гэрмансбург, Нямеччына. 30 красавіка 2024 года.
Фота: kfv-celle.de

Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 30 красавіка ў Гэрмансбургу ў Ніжняй Саксоніі на поўначы Нямеччыны. Пажарныя выехалі на выклік з прычыны ўзгарання летняга дамка кіраўніка канцэрну «Rheinmetall» Арміна Папэргера. Праз 40 хвілінаў агонь утушылі. Як паведамляе «Cellesche Zeitung», інтэр’ер лецішча «застаўся непашкоджаным». Людзі ў выніку здарэння не пацярпелі.

Сам Папэргер у гэтым дамку не жыве.

Адказнасць за падпал узялі на сябе левыя радыкалы. У адмысловай заяве, на якую спасылаюцца нямецкія медыі, адзначаецца, што «Rheinmetall» – «адзін з тых, хто нажываецца на гэтак званым пераломе. Канцэрну таксама закідаюць, што ён мае вялізны прыбытак ад продажу танкаў і боепрыпасаў Украіне.

«Кампанія плануе, вырабляе і забівае ва ўсім свеце», – сцвярджаюць аўтары.

Падпаленае лецішча кіраўніка канцэрну «Rheinmetall». Гэрмансбург, Нямеччына. 30 красавіка 2024 года.
Фота: kfv-celle.de

У заяве таксама маецца заклік «Свабоду Даньеле!» – тут, імаверна, ідзецца пра леварадыкальную актывістку Даньелю Клет, арыштаваную ў Берліне ў лютым сёлета пасля 30 гадоў пошукаў паводле абвінавачванняў у датычнасці да дыверсіяў і забойстваў.

У заяве радыкалы таксама зычаць «сілаў і поспехаў» паплечнікам, якія хаваюцца, і тым, хто «рыхтуе змову з мэтаю ўзброенага нападу на структуры ўлады».

Гэтую справу расследуюць спецслужбы і паліцыя, высвятляецца, хто насамрэч стаіць за падпалам.

«Rheinmetall» – адзін з найбуйнейшых вытворцаў вайсковай тэхнікі ў Нямеччыне і ва ўсёй Еўропе. Кампанія плануе пабудаваць ва Украіне завод, дзе будуць рабіць боепрыпасы. Раней з удзелам канцэрну было створанае супольнае з Украінаю прадпрыемства для абслугоўвання і рамонту заходняй вайсковай тэхнікі.

Hавiны
Пастаўкі зброі ва Украіну павялічацца – кіраўнік NATO
2024.04.30 08:19

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў