Зямля як мадэлька: 12 фотасесій штодня


Касмічная агенцыя NASA запусціла старонку, дзе онлайн выкладваюць фотаздымкі нашай планеты, зробленыя з адлегласці 1,5 млн кіламетраў.

Гэта той выпадак, калі «па-першае, гэта прыгожа». Кожныя дзве гадзіны на адмысловай старонцы публікуецца партрэт нашай планеты, зроблены спадарожнікам DSCOVR, які запусцілі ў лютым 2015 года дзеля назірання за сонечным ветрам і атмасферай Зямлі. Спадарожнік знаходзіцца ў кропцы Лягранджа, на лініі Зямля – Сонца, у 1,5 млн кіламетраў ад нас. У сонечным святле планета выглядае як пад студыйнай лямпай.

Фотаздымкі робяцца з вельмі кароткай вытрымкай, ад 20 да 100 мілісекундаў. Камера EPIC, што ўсталяваная на спадарожніку, робіць дзесяць здымкаў у розных частках спектру – ад ультрафіялетавага да інфрачырвонага. Іх камбінацыя дае каляровую выяву нібы з рэкламнага плакату.

Нарэшце Зямля будзе мець найлепшае партфоліа сярод усіх касмічных целаў.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары