Зварот Пуціна альбо «усе ў шакаладзе»

video

https://www.youtube.com/watch?v=cFgLnulrJOI

Алах карае кіроўную кліку Турцыі, пазбавіўшы яе розуму – гэта не словы радыкальнага імама з «Ісламскай дзяржавы», а толькі адна з тэзаў Уладзіміра Пуціна, якая прагучала падчас ягонага звароту да Федэральнага Сходу. Тэматычны дыяпазон выступу вялікі, але пры гэтым некаторыя вострыя ўнутраныя праблемы Расеі гаспадар Крамля папросту абыходзіў.

У Георгіеўскай зале, у Георгіеўскай зале. Уладзімір Пуцін, які днямі адмовіўся прымяраць карону, падарунак Генадзя Хазанава, сёння традыцыйна па-царску ўвайшоў у Вялікі крамлёўскі палац.

Пачалося дванаццатае з ліку пасланне Пуціна да Федэральнага сходу з хвіліны маўчання ў памяць пра загінулых у Сірыі расейскіх вайскоўцаў. Падтрымаць патрыятычны градус крамлёўскія спіч-райтэры пастанавілі тэмаю міжнароднага тэрарызму, паступова падабраўшыся да тэмы нумар адзін – Турцыі.

Гаворка пра збіты Анкарою расейскі самалёт, які да гэтага парушыў паветраную прастору Турцыі.

«Калі хтосьці думае, што здзейсніўшы подлае вайсковае злачынства, забойства нашых людзей, яны адкараскаюцца памідорамі або нейкімі абмежаваннямі ў будаўнічай ці іншых галінах, яны глыбока памыляюцца. Мы яшчэ не раз нагадаем пра тое, што яны зрабілі, і яны яшчэ не раз пашкадуюць» – зазначае Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі.

Пасля Пуцін яшчэ раз нагадаў пра эфектыўнасць расейскай зброі, але запэўніў – бразгаць ёю Расея не збіраецца.
На баль у Георгіеўскай зале Пуцін прыбыў з карабля пад назваю Крым. Анексаваная летась Расеяй паўвыспа – на мяжы катастрофы. Перабоі са святлом і харчамі, нястача бензіну – вынік украінскае блакады. Слова ж Крым гучыць у пасланні толькі раз і зусім не ў кантэксце сённяшніх праблемаў. Гэтак жа на другім плане апынуліся і праблемы ў эканоміцы Расеі. Сітуацыя ў ёй, паводле Пуціна, складаная, але не крытычная. Пасыл жа расейскага прэзідэнта відавочны – трэба зацягваць паясы.

«Мы павінныя быць гатовы да таго, што і перыяд нізкіх коштаў на сыравіну, і вонкавыя абмежаванні могуць зацягнуцца надоўга. Нічога не змяняючы, мы проста праядзім нашыя рэзервы, а тэмпы росту эканомікі будуць вагацца на нулявой адзнацы» – распавёў Уладзімір Пуцін.

Пры гэтым кіраўнік Крамля даручыў Генеральнай пракуратуры імгненна рэагаваць на карупцыйныя сігналы, ні словам не ўзгадаўшы прэзентаванага днямі Фондам барацьбы з карупцыяй фільму. Яго аўтары выкрываюць факты злачынных махінацыяў менавіта сына генпракурора Юрыя Чайкі.

«Чайка – гэта хросны бацька дастаткова буйной мафіёзнай структуры з дваццацігадовым стажам, у якую ўваходзяць ён і два ягоныя дарослыя сыны. Нейкія паказальныя расправы не з баярамі першага рангу будуць, але Пуцін ніколі не аддасць сваіх людзей. Таго ж Роттэнберга, супраць якога скіраваныя ўсе абурэнне дальнабойнікаў» – тлумачыць маскоўскі палітолаг Андрэй Піянткоўскі.

Дарэчы, дальнабойнікі – яшчэ адна гарачая расейская тэма, якую ў сваім спічы абмінуў прэзідэнт. Адным словам, як той казаў, усё ў шакаладзе. Як і сам Уладзімір Уладзіміравіч. Сімвалічна, што менавіта з шакаладу фігуру Пуціна ў поўны рост вырабілі днямі ў Пецярбурзе. Што ж, какава пакуль пад расейскія санкцыі не трапіла.

Алесь Яшчанка, Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары