ЗША прадоўжылі санкцыі супраць Беларусі на год


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/hPwuIp_BcNg”][vc_column_text]Барак Оўбама лічыць дэмакратызацыю Беларусі недастатковай.

Амерыканскі прэзідэнт Барак Оўбама вырашыў не здымаць з Беларусі эканамічныя санкцыі, а з нашых чыноўнікаў – візавыя абмежаванні, ды працягнуў іх яшчэ на год. Адпаведнае пасланне прэзідэнта Кангрэсу ЗША размешчанае на афіцыйным сайце Белага дому.

«Дзеянні і палітыка пэўных чальцоў ураду Беларусі ды іншых асобаў падрываюць дэмакратычныя працэсы, парушаюць правы чалавека, бяруць удзел у карупцыі ды працягваюць уяўляць надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы ды вонкавай палітыцы Злучаных Штатаў», – лічыць Оўбама.

Санкцыі ў дачыненні Лукашэнкі ды яшчэ шэрагу беларускіх чыноўнікаў тагачасны прэзідэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш увёў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006-га года. Яны прадугледжваюць блакаванне рахункаў названых асоб у амерыканскіх банках, забарону ім на ўезд у ЗША, забарону амерыканскім кампаніям весці з імі справы.

У 2010 годзе, пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў, спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША, пашырылі. У чорным спісе знаходзяцца Аляксандр Лукашэнка і ягоны сын Віктар, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман, былы намеснік кіраўніка Адміністрацыі кіраўніка Беларусі Наталля Пяткевіч ды іншыя. Поўны спіс чыноўнікаў, якія трапілі пад санкцыі ЗША, не агалошваюць паводле закону.

«Гэтыя санкцыі непрыемныя беларускай уладзе з псіхалагічнага гледзішча, бо з эканамічнага беларускія ўлады ўжо больш-менш прыстасаваліся», – каментуе рашэнне Оўбамы палітолаг Валер Карбалевіч.

Прадаўжэнне санкцыяў у дачыненні беларускіх чыноўнікаў з боку ЗША адбылося на фоне адмены адпаведных захадаў з боку Еўрапейскага Звязу. Гэтак, у траўні Лукашэнка разам з малодшым сынам Мікалаем упершыню з 2009-га года змог наведаць Італію і Ватыкан. А старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына пасля адпаведнага кроку ЕЗ праводзіць усе свае адпачынкі ў Еўропе.

«Беларусь займае ў замежнай палітыцы ЗША вельмі малое месца», – кажа Карбалевіч.

«Яны рэагуюць на вельмі значныя падзеі тут. Еўропа ж гатовая рэагаваць на больш дробныя падзеі – такія, як апошнія прэзідэнцкія выбары, калі ў турму нікога не пасадзілі, нікога не пабілі, а выбарчая кампанія была даволі вольнай. Еўропе дастаткова, каб гэтыя санкцыі зняць», – лічыць палітолаг.

Нягледзячы на няпростыя стасункі паміж Злучанымі Штатамі ды Беларуссю, у красавіку гэтага года часовы павераны ў справах ЗША Скот Ролэнд заявіў, што ўжо сёлета Менск і Вашынгтон абмяркуюць вяртанне амбасадараў у абедзве краіны. А ў чэрвені штат амерыканскай амбасады ў нашай краіне папоўніўся сёмым дыпламатычным прадстаўніком.

Віталь Бабін

Стужка навінаў