ЗША нанеслі ракетны ўдар па Сірыі. Відэа


59 крылатых ракетаў «Tomahawk» былі выпушчаныя з амерыканскіх вайсковых караблёў, што знаходзяцца ў Міжземным моры, па сірыйскай урадавай авіябазе Шайрат (Shayrat) у правінцыі Хомс.

Абноўлена (09:05). Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін лічыць удары ЗША па Сірыі агрэсіяй супраць суверэннай дзяржавы і парушэннем нормаў міжнароднага права на выдуманай падставе, заявіў прэс-сакратар кіраўніка Расеі Дзмітрый Пяскоў.

«А галоўнае, як мяркуе Пуцін, гэты крок не набліжае нас да канчатковай мэты ў барацьбе з міжнародным тэрарызмам, а наадварот стварае сурʼёзную перашкоду для стварэння міжнароднай кааліцыі па барацьбе з ім і эфектыўнаму супрацьдзеянню гэтаму злу, што дарэчы прэзідэнт ЗША абвясціў як адну з галоўных задачаў яшчэ падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі», – заявіў Пяскоў.

Губернатар Хомса распавёў, што ў выніку ўдару былі забітыя 5 асобаў. 7 атрымалі раненні. Дзяржаўныя сірыйскія медыі паведамдяюць, што ў выніку ракетных удараў загінула 9 мірных жыхароў, у тым ліку 4 дзяцей. Паводле расейскага міністэрства абароны, ахвярамі ракетнага ўдару сталі 4 жаўнеры. CNN паведамляе пра 6 ахвяраў удару.

Пасля ракетных удараў кошт нафты вырас на 2 %, паведамляе CNN Money.


Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп назваў гэты ракетны ўдар адказам на хімічную атаку ў правінцыі Ідліб у аўторак. Паводле амерыканскіх уладаў, на базе Шайрат дыслакуюцца сірыйскія ўрадавыя войскі, якія ўжывалі хімічную зброю.

У выніку авіяўдару, што быў нанесены а 03:45 паводле мясцовага часу, паводле папярэдніх звестак, ёсць загінулыя і пацярпелыя. Брытанскі Сірыйскі цэнтр маніторынгу за выкананнем правоў чалавека паведамляе, што прынамсі чацвёра сірыйскіх вайскоўцаў загінулі ў выніку ўдару.

Сірыйскія ўлады, якія адмаўляюць ужыванне хімічнай зброі ў Ідлібе, паведамляе AP, назвалі авіяўдар «агрэсіяй».

НМ, ЮВ, belsat.eu, паводле BBC Russian

Глядзі таксама
Каментары