Жыхары Магілёва забілі і забетанавалі ў гаражы свайго непрыяцеля


Фота telegraf.by

У Магілёве затрымалі падазраваных у забойстве 36-гадовага магілёўца, які без вестак знік у ноч з 20 на 21 траўня. Ягоны труп выявілі ноччу 3 чэрвеня ў горадзе.

Міліцыя затрымала двух жыхароў Магілёва 1968 і 1976 гадоў нараджэння, адзін з якіх быў даўно знаёмы з пацярпелым і меў непрыязныя адносіны да яго, што магло стаць матывам злачынства, паведамілі ва Упраўленні ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму.

Забойства рыхтавалася загадзя. Злачынцы прыехалі да ахвяры і жорстка яго збілі да смерці. Труп яны перавезлі на машыне на працу да аднаго з затрыманых – у гараж дырэктара аднаго з прадпрыемстваў Магілёва. У агляднай яме гаража была выкапаная дадатковая яма, у якую закапалі труп, а паверхню якой забетанавалі.

У розных месцах гораду яны спалілі рэчы ахвяры і частку тахты, вывезеную з месца забойства. Абгарэлыя рэшткі гэтай тахты выявілі на ўскраіне лесу недалёка ад прыпынку грамадскага транспарту ў прыгарадзе Магілёва.

Паводле дадзенага факту ўзбуджаная крымінальная справа за забойства (арт.139 Крымінальнага кодэксу). Затрыманыя даюць прызнальныя паказанні.

МЯ, паводле telegraf.by

Глядзі таксама
Каментары