Жыхароў гомельскага мікрараёну хочуць гвалтам «перацягнуць» у вёску


Гомельскі мікрараён «Прыбар-Заходні» хочуць перадаць на баланс сельсавету. На прызначаную сустрэчу-абмеркаванне з жыхарамі чыноўнікі не прыехалі.

Справа ў тым, што адміністрацыя Савецкага раёну Гомлю прызначыла сход, які сама ж адмяніла, не папярэдзіўшы пры гэтым жыхароў.

«Чаму? Чаму?! Мяне гэтае пытанне найбольш хвалюе! Што здарылася? Каму гэта выгадна?» – пытаецца жыхарка гомельскага мікрараёну «Прыбар-Заходні».

Але пытання жанчыны, як і яе землякоў, чыноўнікі не пачулі. Сход, абвешчаны адміністрацыяй Савецкага раёну гораду, адміністрацыя ж і адмяніла. Праўда, грамадзянаў папярэдзіць пра свой непрыезд нават не парупілася.

«Гэта хто павінен захварэць альбо катастрофа нейкая павінна здарыцца, каб адміністрацыя пры абвешчаным сходзе не прыехала да народу?» – пытаецца іншая жыхарка мікрараёну.

Катастрофа міжтым калі і здарыцца, то закране як раз жыхароў гэтай гарадской ускраіны. Пакуль што – гарадской. Мясцовыя ўлады разглядаюць пытанне аб перадачы мікрараёну «Прыбар-заходні» на баланс раённага сельсавету. То бок сёння ты яшчэ жыхар гораду, а заўтра – вясковец.

«Каб не рабіць тут нічога, аніякіх сродкаў не ўкладаць, яны вырашылі нас спіхнуць на гэты калгас, у якім абсалютна нічога няма, бязладдзе чыніцца. І мы заўжды казалі: мы і так сядзім на ўскрайку яміны, а цяпер яны пастанавілі нас спіхнуць цалкам у гэтую яміну!» – абураецца яшчэ адна жыхарка «Прыбару-Заходняга»

«Мы плацім падаткі ў гарадскі бюджэт. Мы за зямлю плацім па гарадскіх цэнах. Мы плацім страхоўку грамадзянскай адказнасці – гарадскую! Яны спасылаюцца на тое, што гэтая зямля не была перададзеная гораду. Тады на якой падставе мы ўсё гэта плацім?» – абураецца мужчына.

Як гараджане жыхары «Прыбару-Заходняга», дарэчы, плацілі ад самага пачатку – яшчэ калі куплялі тут, на ўскрайку Гомля, участкі з аўкцыёну. Дый крэдыты на жытло выплочвалі таксама паводле гарадскіх тарыфаў. Чыноўнікі ж абураных грамадзянаў супакойваюць… бюракратыяй: маўляў, перавод на баланс сельсавету адным росчыркам пяра не вырашаецца!

«Пасля таго, як усіх узроўняў саветы дэпутатаў ухваляць гэтае рашэнне, а без меркавання людзей яны не могуць ухваліць, толькі тады гэтае пытанне можа быць вынесенае на паседжанне сесіі абласнога савету дэпутатаў», – тлумачыць падчас размову з «Белсатам»першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёну Гомля Сяргей Кадола. І дадае, што «людзі крыху накручваюць сітуацыю».

Калі ж хвалявацца няма чаго, то чаму б не прыйсці ўсё-ткі на сход ды не супакоіць людзей? Пытанне, вядома ж, рытарычнае. А таму і апошняя надзея ў пакуль што гараджанаў – на Лукашэнку.

«Гарантам канстытуцыйных правоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з’яўляецца прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, слушна? Ну і калі мясцовая ўлада не здольная развязаць гэтае пытанне, датычнае нашых правоў, мы просім Аляксандра Рыгоравіча ўмяшацца ў гэта!» – звяртаецца да кіраўніка краіны жыхар мікрараёну.

Усё-ткі Лукашэнка і сам з вёскі перабраўся ў горад, павінен жа людзей зразумець! Ау, Аляксандр Рыгоравіч!

Стужка навінаў