Жыхарка Менску запазычыла $ 40 000 і аддала ўсе грошы злодзею


Рамантычнае знаёмства ў інтэрнэце скончылася буйнымі пазыкамі ў банкаў ды сяброў.

Паводле «БелаПАН», 50-я гадовая мянчучка пазнаёмілася ў сацсетках з замежнікам. Мужчына распавёў, што жыве ў Вялікай Брытаніі, мае ва ўласнасці нерухомасць і вялікі рахунак у банку, што часта ходзіць у марское плаванне, што вельмі самотны ды шукае партнёрку, якая б чакала яго на беразе.

Адносіны ў сацыяльнай сетцы развіваліся імкліва, і неўзабаве мужчына пачаў запэўніваць жанчыну, што праз некалькі месяцаў пасля таго як ён вернецца з чарговага рэйса, яны пабяруцца шлюбам.

Пазней будучы «муж» папрасіў аплаціць страхоўку ягонай маёмасці, якая знаходзіцца ў сховішчы. Жанчына вырашыла яму дапамагчы ды перавяла на ягоны рахунак грошы. Пазней мужчына паведаміў, што ўсе запазычаныя грошы выслаў сваёй выратавальніцы.

Праз некаторы час жанчыне патэлефанавала дзяўчына, якая назвалася супрацоўніцай мытні, і сказала, што на яе імя з-за мяжы прыйшла пасылка, у якой знайшлі $ 45 000 – у сувязі з гэтым бандэроль арыштавалі, а жанчыне трэба заплаціць штраф.

Пацярпелая зноў пералічыла грошы, аднак пасылку з грашыма ад каханага так і не атрымала.

Высветлілася, што гэта быў падман. У агульнай колькасці жанчына страціла больш як $ 40 000. Гэтыя грошы яна пазычыла ў знаёмых і ўзяла ў некалькіх банках крэдыт.

ДД

Стужка навінаў