«Жыдамасоны» і патрыятычны імпэт


«Два арлы», «Геркулес у калысцы», «Руплівы ліцвін» – усё гэта назвы беларускіх масонскіх ложаў, пра якія дагэтуль мы маем толькі эпізадычную інфармацыю. У гісторыі Беларусі, як і ў сусветнай гісторыі, масонства надалей застаецца адной з самых спрэчных і таямнічых з’яваў. Напярэдадні тэатралізаванай містэрыі ў менскім Доме масонаў у Ноч музеяў belsat.eu пагутарыў з гарадзенскім гісторыкам Вячаславам Шведам.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

– Калі з’явілася масонства і як трапіла ў Беларусь?

– На пачатку XVIII ст. у Англіі была створаная Вялікая Ложа, якая сталася правобразам ложаў ва ўсёй Еўропе. Далей масонскія ложы з’яўляюцца ў Нямеччыне, Францыі, Італіі, Рэчы Паспалітай і Расеі. З тэрыторыі Польскай Кароны масонства трапіла ў Беларусь. Тут ложы былі ў Вільні, Горадні, Нясвіжы, Слоніме… напачатку было каля шасці асяродкаў, але ўжо ў ХІХ ст. іх колькасць значна пабольшала. У шырокім сэнсе масонства – гэта самакіраваны рух, у склад якога апроч стрыжня ўваходзіць безліч прамасонскіх аб’яднанняў, у тым ліку з акультнай містычнай афарбоўкай. Гэта і тэасофы, і розэнкрэйцэры, і спірытысты

– А вось у нашых сучаснікаў найпершая асацыяцыя, мабыць, усё ж такі з «жыдамасонскай змовай»…

– Калі кажуць пра «жыдамасонаў», то зазвычай маюць на ўвазе сусветную арганізацыю, якая мае за мэту ўзяць усё пад кантроль. Жыды тут фігуруюць, бо ў масонскіх рытуалах і ідэалогіі часта выкарыстоўваліся элементы юдаізму. Масоны – бо яны заўжды канспіраваліся, а значыць – нешта хавалі. Але ў тых краінах, дзе масоны існуюць і цяпер, яны праводзяць свае справы адкрыта: у тым ліку маюць свае газеты ды ТБ-каналы.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

– А ў Беларусі нехта забараняў масонства?

– Толькі ў Расейскай імперыі тут яго забаранялі двойчы: спачатку ў 1821-м забаранілі ў Польшчы, а частка нашых ложаў падпарадкоўвалася польскім цэнтрам. У 1822 забаранілі і ў карэннай Расеі, а з ім «накрыліся» і беларускія асяродкі, завязаныя на ўсход. Пасля забароны пачаўся наступны перыяд масонскай гісторыі ў Беларусі – яшчэ больш патаемны і схаваны ад чужых вачэй. Бо масоны ж нікуды не зніклі, проста сышлі глыбей у падполле. Напрыклад, бацька Элізы Ажэшкі, Паўлоўскі, быў сябрам гарадзенскай ложы, а пісьменніца ўзгадвала, як у 1840-я гады ў яго праводзіліся нейкія сходы…

То бок нават без шпагаў, свечак і рытуалаў масоны заставаліся моцнай сеткай на тэрыторыі краіны. І гэта непакоіла ўлады. Нават у Берштах пад Горадняй, адкуль паходзіць мой бацька і, дарэчы, Аляксандр Мілінкевіч, я сустракаў на старых надмагіллях масонскія знакі. Я неяк быў там на Дзяды, і на адным з помнікаў вісела свежая блакітная стужачка. А блакітны колер – гэта колер трэцяй ступені пасвячэння ў масонскіх ложах… Значыць нехта яе павязаў, нават у нашыя дні.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

– Думаеце, на нашых землях масонства існуе і цяпер?

– На мяжы 1980–90-х я чытаў артыкул у нейкай газеце, дзе аўтарка напрыканцы звярталася да чытачоў: «Масоны, адгукніцеся, калі вы ёсць!» Зразумела, што ніхто не адгукнуўся. Цікава, што цяпер у Расеі, у адрозненне ад Беларусі, ёсць нават нейкія афіцыйна-зарэгістраваныя масоны.

Не сакрэт, што той жа Ельцын быў масонам, як і шмат хто з расейскай палітычнай эліты. Здымак Барыса Мікалаевіча сярод французкіх масонаў я вельмі добра памятаю – ён быў у адкрытых крыніцах інфармацыі.

– А былі масоны сярод беларускіх гістарычных асобаў?

– Так, багата. Напрыклад, Эмануэль Жылібер, заснавальнік гарадзенскага батанічнага саду, чалец ложы «Шчаслівага вызвалення». Альбо Францішак Нарвойш, вядомы астраном і матэматык з Віленскага ўніверсітэту. Альбо архітэктар Джузэппэ Сака, які збудаваў Дом масонаў у Горадні. Дарэчы, майстар масонскай ложы Міхал Анджэйкавіч, які жыў у гэтым доме, быў адначасова… гарадзенскім губернатарам. Вось такія наднёманскія таямніцы!

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

– Масоны неяк праяўлялі сваю палітычную і сацыяльную пазіцыю?

Французскі лозунг пра роўнасць і братэрства не быў для масонаў пустым гукам. Былі выпадкі, калі арыстакраты з ліку масонаў, прымаючы прыгоннага ў ложу, вызвалялі яго ад прыгону. Наогул, яшчэ ў 1817 годзе масоны на нашай зямлі паднялі пытанне аб вызваленні сялянаў – за паў стагоддзі да скасавання прыгону.

Масоны не маглі абмінуць і галоўнага палітычнае пытанне на нашых землях – адраджэнне Рэчы Паспалітай. Таму і ўдзельнічалі ва ўсіх антырасейскіх паўстаннях нават тады, калі ложаў афіцыйна не існавала. Ці не самы вядомы з такіх дзеячоў – Казімір Валовіч, які адмыслова вярнуўся на Радзіму, каб змагацца з Расеяй. Тое самае з вайной 1812 года: шмат хто, як масон Габрыэль Агінскі, падтрымаў Напалеона са зброяй у руках.

– З чым звязаны такі патрыятычны імпэт?

– Не будзем забывацца, што масонскія ложы збольшага складаліся з арыстакратыі ды інтэлігенцыі – эліты грамадства. Адсюль і вялікая колькасць гістарычных персаналіяў, прапісаных у ложах. А штампы ў грамадскай свядомасці пра «змову» і «жыдамасонаў» так, найхутчэй, і застануцца штампамі для недалёкай публікі.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў