25 красавіка агенцтва AP апублікавала матэрыял, у якім паведамлялася, што ў малацэ з фермы каля чарнобыльскай зоны, якое паступае на прадпрыемства «Мілкавіта», у 10 разоў вышэйшае за норму ўтрыманне нуклідаў стронцыю-90.
Згодна з нормамі Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі, актыўнасць стронцыю-90 у прадуктах не павінна перавышаць 3,7 бекерэля на кілаграм. У дадзеным узоры малака гэты паказчык склаў 37,5 Бк/ кг.
У адказ намеснік галоўнага доктара Менскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Пётр Амвросьеў заявіў, што па выніках тых даследаванняў утрыманне цэзію-137 склала 1,10 ± 1,77 Бк/л (норма 100 Бк/л), гэта значыць малако адпавядае норме па змесце цэзію-137. А вымярэнне ўтрымання стронцыю-90, паводле слоў Амвросьева, не праводзілася «з-за недастатковасці дастаўленага абʼёму малака».
Аўтар матэрыялу «AP», журналіст Юрась Карманаў прадставіў «НН» даведку, якую атрымаў у Менскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі па выніках аналізу малака. Пра ўтрыманне стронцыю-90 сведчыць другі знізу радок.