Жонка стралка з Арланда ведала пра ягоныя намеры


Амерыканскія ўлады могуць прадʼявіць крымінальныя абвінавачванні жонцы Умара Матыйна, які зладзіў тэракт у гей-клубе ў Арланда.

Пра гэта паведамляе NBC News са спасылкай на неназваных супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Прычынай абвінавачванняў можа стаць тое, што Нур Матыйн не паведаміла ўладам пры планы мужа, хоць ведала пра іх. Канчатковае рашэнне ў гэтым пытанні пакуль не прынятае, адзначае тэлеканал.

Паводле звестак NBC, жонка Матыйна распавяла ФБР, што была ў краме са сваім мужам, калі ён купляў боепрыпасы і кабуру. Адзін раз яна падвезла яго да клубу «Pulse», дзе і адбыўся тэракт, бо Умар Матыйн хацеў наведаць яго.

Пра тое, што Нур Матыйн можа стаць фігурантам справы, паведамляе і ABC News. Па словах крыніц тэлеканалу, жанчына сцвярджае, што спрабавала адгаварыць мужа ад нападу. Першапачаткова, кажуць суразмоўцы ABC, Матыйн не ішла на кантакт са следчымі, аднак пагадзілася супрацоўнічаць пасля таго, як на яе аказалі ціск.

Раней былая жонка стралка заявіла, што Умар Матыйн быў псіхічна неўраўнаважаным. Некалькі сведак пацвердзілі, што бачылі раней Умара Матыйна ў гей-клубе. Яшчэ адзін сведка заявіў, што Матыйн каля года таму прапаноўваў яму сустрэцца праз мабільнае прыкладанне для гей-знаёмстваў, але сустрэчы не адбылося.

Тэракт у клубе «Pulse» адбыўся 12 чэрвеня, калі Матыйн, амерыканец афганскага паходжання, адкрыў стральбу па яго наведніках. Ахвярамі страляніны сталі 49 чалавек, яшчэ звыш 50 атрымалі раненні. Адказнасць за напад узяла на сябе экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава». Сам Матыйн быў застрэлены, па факце, які адбыўся, узбуджаная крымінальная справа па артыкуле аб тэрарызме.

МЯ, паводле rbc.ru

Стужка навінаў