Жонка фігуранта «справы патрыётаў» Ганна Дундукова адмовілася даваць паказанні


Жанчыну выклікалі на допыт у КДБ.

Ганна прыйшла на допыт з адвакатам і адмовілася даваць паказанні. Сама яна сказала, што «ўсё прайшло добра, хутка, ставіліся вельмі прыязна», піша «Новы час».

Паводле актывісткі Ніны Шыдлоўскай, тое, што цяпер пачалі выклікаць родных затрыманых пацвярджае, што доказную базу так і не сабралі.

«Але запушчаная машына павінна працаваць, і следчыя спрабуюць хоць нешта атрымаць з паказанняў родных. Але не можа з’явіцца ніякіх доказаў віны там, дзе іх не было», – сказала яна.

Ніна Шыдлоўская не выключае, што бліжэйшым часам пад падпіску аб нявыездзе выйдзе яшчэ некалькі не ключавых фігурантаў справы патрыётаў.

Актывістка спадзяецца, што нават тыя, хто не вытрымаў ціску (псіхалагічнага і фізічнага) і мог сябе агаварыць падчас допытаў, на судзе распавядуць пра тое, што адбывалася і адмовяцца ад выбітых паказанняў.

На волю апошнімі днямі выпусцілі двух фігурантаў «справы патрыётаў» – Андрэя Бяляўскага і Сяргея Кунцэвіча.

Некалькі дзён таму Сяргей Кунцэвіч распавёў пра здзекі, з якімі сутыкнуўся ў СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску.

«Зайшлі два чалавекі ў масках, падобныя на тых, што прымалі мяне ў гаражы, і пачалі цягаць мяне за валасы. І доўгім працяглым токам мяне катавалі ды сказалі, каб я распавёў, дзе знаходзіцца Мікола Статкевіч. Я не сказаў, дзе ён знаходзіцца», – кажа Кунцэвіч.

6 чэрвеня Сяргей Кунцэвіч звярнуўўся да праваабаронцаў. Ён просіць Следчы камітэт узбудзіць крымінальную справу ў сувязі з катаваннямі ў СІЗА КДБ.

Такім чынам пад вартай застаюцца 14 асобаў, якія праходзяць па «справе патрыётаў» – крымінальных справах, звязаных, меркавана, з колішнім «Белым легіёнам» і спартовым клубам «Патрыёт» з Бабруйску.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары