Жэрар Дэпард’ё адказаў беларускай журналістцы ў Канах: Слава Украіне


Французскі актор Жэрар Дэпард’ё, які праславіўся сваймі прарасейскімі сімпатыямі, падчас прэс-канферэнцыі ў Канах на пытанне пра адносіны да Уладзіміра Пуціна сказаў: «Слава Украіне».

Ці змянілася стаўленне Дэпард’ё да расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і Украіны, запыталася карэспандэнтка радыё «Свабода» Ганна Любакова.

«Я, як і ўсе, лічу, што канфлікты – жахлівая рэч. Я ведаю спадара Пуціна добра і вельмі яго люблю. Я дагэтуль прыязджаю ў СССР… [выпраўляецца – рэд.] у Расею», – адказаў Жэрар Дэпард’ё.

Калі вядоўца даў слова наступнаму журналісту, Дэпард’ё ў мікрафон шапнуў: «Слава Украіне».

Пазней Жэрар Дэпард’ё дадаў, што «ніхто не разумее таго, што адбываецца ва Украіне»:

«Я люблю Украіну, люблю ўкраінцаў. Я ведаю асабіста Віктара Юшчанку, мы дагэтуль сустракаемся. Гэта чалавек, які ніколі не хацеў быць ва ўладзе. Я не люблю вайны, я не люблю тых, хто ўцягнуты ў канфлікт. Я не магу сказаць, што не разумею таго, што адбываецца ва Украіне. Але я ведаю, што калі б Крым быў амерыканскі, гэта была б зусім іншая справа», – сказаў Жэрар Дэпард’ё.

Актор з’ехаў з Францыі, выказаўшыся супраць падаткавых новаўвядзенняў прэзідэнта Франуса Алянда. У пачатку 2013 года Дэпард’ё асабіста з рук Уладзіміра Пуціна атрымаў расейскі пашпарт. Дэпард’ё неаднаразова заяўляў, што з расейскім прэзідэнтам у яго шмат агульнага. Летась у Рызе Дэпард’ё заявіў, што «Украіна з’яўляецца часткай Расеі». Пазней шмат якія медыі пісалі, што актор з’ехаў з Расеі.

МЯ, паводле svaboda.org

Стужка навінаў