Жанчына нарадзіла ў кватэры. Дзіця памерла ў больніцы. Маці знаходзіцца ў СІЗА


Ад першых боляў да нараджэння дзіцяці прайшло не больш за 10 хв. Выклікалі хуткую дапамогу, але медыкі не дапамаглі. Праз 2 гадзіны дзіця памерла ў больніцы. Цяпер жанчына знаходзіцца ў СІЗА. Яе вінавацяць у смерці дачкі.

Паводле інфармацыі УСК па Віцебскай вобласці, Вольга планавала роды дома і не перадухіліла магчымыя негатыўныя наступствы. З гэтай прычыны яе вінавацяць у смерці ейнай нованароджанай дачкі. Напрыканцы жніўня будзе суд. Ён адбудзецца ў Чыгуначным раённым судзе Віцебску. Жанчыну могуць могуць прысудзіць да папраўчых працаў тэрмінам да 2 гадоў або да абмежавання ці пазбаўлення волі да 3 гадоў.

Крымінальны кодэкс Беларусі не прадугледжвае адказнасці за хатнія роды: жанчына мае права выбіраць: нараджаць у радзільным доме або ў іншых умовах. Справу супраць віцебскай парадзіхі распачалі не таму, што роды былі хатнія, а таму, што дзіця загінула. Сваякі хочуць, каб працэс быў адкрыты, бо ня лічаць Вольгу вінаватай у смерці дачкі.

Адназначнага меркавання на гэту падзею няма

Апошні тыдзень гэтая трагедыя шмат абмяркоўваецца. Ад імя мянчанкі паўстала петыцыя ў падтрыманне жанчыны з запатрабаваннямі вызваліць Вольгу з-пад варты, бо яна не ўяўляе аніякай небяспекі для навакольных і ў ёй мае патрэбу двухгадовае дзіця.

Надзея, маці Вольгі, пісала хадайніцтвы ў пракуратуру і Следчы камітэт – і ў рэспубліканскія, і ў мясцовыя структуры гэтых ведамстваў, з просьбай змяніць меру стрымання ў дачыненні да дачкі. Але яе пакінулі ранейшай. Яна ўпэўненая, што дачка ні ў чым не вінаватая: гэта былі не запланаваныя хатнія роды, а імгненныя, падобныя на выкідыш.

Гэта не былі запланаваныя хатнія роды – гэта быў выкідыш

«Вольга сваю першую дачку нараджала дома. Яны жывуць з мужам у Санкт-Пецярбургу. Да гэтага цягам года яны праходзілі спецыяльную падрыхтоўку. Яна не выключала хатнія роды і цяпер, але не сцвярджала, што не пойдзе ў радзільню. Запланаваныя хатнія роды праходзяць зусім інакш: побач павінен быць муж, павінна быць падрыхтаванае памяшканне: гарачая вада і ўсе неабходныя інструменты, і абавязкова кветкі і музыка – гэтым і адрозніваюцца хатнія роды, каб стварыць камфортныя ўмовы. А тут адбыліся вельмі хуткія роды, больш падобныя на выкідыш», – кажа Надзея.

Па традыцыі кожную пятніцу Вольга вадзіла дачушку ў лазню

«17 лютага дачка была на планавай кансультацыі, там ёй сказалі, каб у панядзелак прыходзіла сама ў радзільны дом. Вярнулася з кансультацыі ў добрым настроі. З першага тыдня нараджэння першай дачкі яна насіла яе ў лазню. Гэтым разам пайшла з унучкай я. Вольга таксама пайшла, яна не парылася, але была непадалёк ад малой, бо Насця была вельмі прывязаная да маці і без яе нікуды не хадзіла. – распавядае Надзея. – Каля 17 гадзін вярнуліся дахаты. Павячэралі. Я з унучкай пайшла адпачываць, а Вольга прыбірала ў кватэры і закінула ў пральную машыну бялізну. Калі развешвала другую партыю, у яе рэзка забалеў жывот. Яна пайшла ў пакой. Я падумала, што ў яе пачаліся схваткі. Я ўзяла ўнучку, каб адвесці ў другі пакой да свайго сына. І тут я пачула: «Мама, выклікай хуткую!».

Паўторны тэлефонны званок у хуткую дапамогу знік

Надзея сцвярджае, што прайшло не больш за 10 хвілін пасля таго, як Вольга пайшла ў спальню і тая паклікала яе. Калі яна адчыніла дзверы, то ўбачыла, што дачушка трымае на руках дзіця сінюшнага колеру.

«Я адразу стала тэліць у хуткую. Канешне, я вельмі напалохалася і ад гэтага крыкнула: «Хутчэй прыязджайце – нарадзілася мёртвае дзіця!». На што дачка паправіла: «Мама, яна не мёртвая – яна ў асфіксіі». Я паўтарыла тое ж па тэлефоне ў хуткую. Праз 10 хвілін я яшчэ раз патэліла ў хуткую і сказала, што дзіця падае прыкметы жыцця. За гэты час дачка з нованароджанай перайшлі ў ванную, каб абмыцца пасля родаў і падрыхтавацца да прыезду медыкаў. Хуткая прыехала толькі праз 20 хвілін пасля майго другога выкліка. Але чамусьці запісу майго другога тэлефоннага званка ў хуткай дапамозе няма, хаця ён бачны ў раздрукоўцы мабільнага аператара», – распавядае жанчына.

Хуткая прыехала толькі праз 30 хвілін

Маці Вольгі была здзіўленая паводзінамі медыкаў хуткай дапамогі. Яны не аказалі на месцы ніякай дапамогі.

«І толькі пасля таго, як Вольга папрасіла мяне прынесці прыналежнасці, каб абрэзаць пупавіну, яны дасталі свае нажніцы і абрэзалі самі і проста стаялі да моманту прыезду рэанімабіля. У выніку дзіця даставілі ў больніцу толькі хвілін праз 40-50 пасля родаў».

Што вы нам прывезлі труп?!

«Прыкладна праз гадзіну ў кватэру прыйшлі працаўнікі міліцыі і усё сфатаграфавалі. Тут было бачна, што ніякіх хатніх родаў не было, – кажа Надзея. – А потым патэліў начмед з радзільні і пачаў крычаць: «Што вы нам прывезлі труп?!». А Дзіця памерла ў радзільні а 21:40».

Дома Вольгу чакала дачка, якую яна карміла грудным малаком. Менавіта таму некалькі разоў падчас цяжарнасці Вольга адмаўлялася ад гаспіталізацыі.

Вольгу арыштавалі ў дзень, на які прызначылі пахаванне дзіця

Раніцай 18 лютага прыехаў муж Вольгі з Санкт-Пецярбургу. Ён пайшоў у больніцу, каб паглядзець на дачку. Для яго гэта быў моцны шок. Дзіця ўжо аддалі на судмедэкспертызу. Ён спрабаваў больш падрабязна даведацца аб прычынах смерці, але яму ніхто не стаў тлумачыць. На што ён сказаў, што забярэ дзіця і зробіць судмедэкспертызу ў Расеі.

«Відаць гэта і была галоўная прычына, што нам так доўга не аддавалі дзіця. Яго аддалі толькі 5 траўня, калі прайшоў час і многія фактары ўжо нельга было ўстанавіць. Дзіця атрымалі ў вельмі дрэнным выглядзе: сапсаванае, скомканае цела ў звычайнай каробцы. На 6 траўня была замоўленая жалобная зала ў Віцебску і крэмацыя ў Менску. Але раніцай, 6 траўня, прыйшла міліцыя і арыштавала Вольгу. З таго дня, амаль 4 месяцы, яна знаходзіцца пад аховай у СІЗА. Ёй не далі пахаваць дзіця. Лічу, што гэта спецыяльна так здзекуюцца», – мяркуе маці пацярпелай.

Прызнай, што нарадзіла мёртвае дзіця, тады ні ў каго не будзе праблем

«Дачцэ адразу сказалі: «Прызнай, што нарадзілася мёртвае дзіця. Тады ні ў каго не будзе праблем». Але яна настойвала, што дзяўчынка была жывая, а медыкі нічога не рабілі. Следчы нам дазволіў толькі дзве сустрэчы з Вольгай каб мы ўгаварылі яе прызнаць сваю віну», – кажа Надзея.

Двухгадовую дачку пазбавілі магчымасці быць разам з маці

Маленькая Насця жыве зараз з татам і ягонымі бацькамі на лецішчы пад Санкт-Пецярбургам.

Развітацца з малодшай дачкой, якую назвалі Лізай, Вольга не змагла, родныя пахавалі яе толькі ў ліпені, бо зразумелі, што чакаць вызвалення Вольгі прыйдзецца яшчэ доўга.

Стан здароўя жанчыны патрабуе спецыяльнага харчавання і медычнай дапамогі

Адвакат кажа, што Вольга дрэнна сябе адчувае. Анемія прагрэсуе, а яна ня можа есці тое, што там даюць. Родныя маюць права на перадачы толькі да 30 кг на месяц, а гэта і ежа, і рэчы… У СІЗА кажуць, што падставаў для пераводу ў шпіталь няма.

Маці Вольгі распавяла, што дачка прайшла ў Маскве медабследаванне. Узровень гемаглабіну ў яе ўпаў катастрафічна – да 6,20 г/дл пры норме не ніжэй 11 г/дл. У такім стане здароўя яе і «зачынілі» у СІЗА.

У віцебскім СІЗА Вольга малюе алоўкамі партрэты родных.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары