«Здзек з іміджу Лукашэнкі»: Суд у Гомлі прызнаў экстрэмісцкім фота 18-гадовай даўніны


Фотаздымкі, якія перавозілі з Кіева ў Менск, затрымалі беларускія памежнікі.

Інцыдэнт адбыўся яшчэ ў леташнім жніўні, але вядома пра яго стала толькі цяпер.

Гаворка ідзе пра працы з выставы «Zbor. Рух беларускага мастацтва», якая праходзіла ў Кіеве мінулагодняй вясной.

«Выстава складалася з арыгінальных працаў і з серыі фатаграфічных рэпрадукцыяў. І вось гэтыя рэпрадукцыі, па тэхнічных прычынах, мы не змаглі разам з усімі працамі вывезці з Кіева і папрасілі пры нагодзе забраць маю сястру. Там было каля 20 такіх рэпрадукцыяў на пластыку. Яе спынілі, высадзілі, працы канфіскавалі, і пачалася ўся гэтая эпапея, якая цягнулася вельмі доўга», – распавядае Belsat.eu адзін з куратараў выставы Максім Тымінька.

Максім Тымінька на адкрыцці выставы ў Кіеве (злева)

Памежнікі вырашылі, што адзін са здымкаў (першы здымак вялікага памеру па спасылцы), а менавіта дакументальная фатаграфія з акцыі Алеся Пушкіна з тачкай з гноем ля адміністрацыі кіраўніка краіны (зладжаная ў 1999 годзе), мае прыкмету экстрэмізму. Фотаздымак быў адпраўлены на экспертызу ў суд Гомельскага раёну, які 13 студзеня гэтага года, пасля экспертызы, афіцыйна прызнаў працу экстрэмісцкай.

У экспертызы між іншым гаворыцца пра здзек з іміджу кіраўніка Беларусі.

Вынікі экспертызы

«Апісанне ў экспертызе было вельмі недарэчнае і незразумелае, відаць, яны пабаяліся называць Лукашэнку Лукашэнкам. Тым больш што на фотаздымку складана зразумець, што намалявана на плакаце (змешчаным у здымку). Яны пазбягалі ўсіх фармулёвак, але здымак прызналі экстрэмісцкім. Атрымліваецца, што без падставаў у прынцыпе, бо пад апісанне, якое яны напісалі, можа трапіць любая карцінка з чырвонай цялежкай з гноем», – выказваецца Максім Тымінька.

Ён кажа, што пасля кансультацыі з адвакатам куратары выставы вырашылі не аспрэчваць рашэнне суда.

«У справу была ўцягнутая мая сястра, а не сам я, напрыклад. Тады трэба было б ад яе імя ўсё гэта аспрэчваць. Тым больш адвакат сказаў, што дабіцца чагосьці нерэальна: можна пашумець, патупаць нагамі, а рашэнне застанецца ранейшым», – тлумачыць Максім Тымінька.

Глядзіце таксама:

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu, фотаздымак izolyatsia.org

Глядзі таксама
Каментары