«Здымкі Плутону будуць прыходзіць да канца лета, а «разграбаць» іх трэба будзе яшчэ 1,5 гады»


Belsat.eu пагаварыў з беларускім астраномам і фатографам Віктарам Малышчыцам пра таямніцы Плутону.

Belsat.eu: Ці варта было праляцець амаль 5 млрд кіламетраў і выдаткаваць на гэта некалькі млн долараў, каб зрабіць некалькі фотаздымкаў? Ці мела місія сэнс?

Віктар Малычшыц: Канечне мела! Справа ў тым, што, па-першае, там не пару фотаздымкаў. Гэты апарат хутка праляцеў міма Плутону, а інфармацыі было атрымана вельмі шмат. Паколькі ёсць праблемы з сувяззю з-за вялікіх дыстанцый, мы не можам там выкарыстоўваць звышхуткаснае злучэнне. Таму з-за нізкай хуткасці перадачы дадзеных, апарат будзе дасылаць іх яшчэ да канца лета. Па-другое, там жа яшчэ шмат іншага абсталявання, якое дае інфармацыю, напрыклад, пра патэнцыйнае магнітнае поле, пра хімічны склад атмасферы. Так знайшлі там уцечку азоту, большую, чым прадказвалася. Інфармацыі там будзе атрымана вельмі шмат, якую абяцаюць «разграбаць» каля 1,5 года.

Сам Плутон – гэта так званая «карлікавая планета». І ніводнае з такіх целаў, якія ўжо адкрытыя дзясяткамі, практычна ніяк не даследавалася. Яны настолькі маленькія і далёкія ад нас, што зямные тэлескопы амаль ніякай інфармацыі не могуць даць наконт іх. А тут інфармацыя аб новым класе аб’ектаў, пра якія яшчэ амаль ніхто нічога не ведаў.

А як лічыце, чаму адносна невялікі Плутон мае некалькі спутнікаў, а вялікая Зямля толькі адзін?

Вось тут, дарэчы, пакуль і загадка. Можа, цяпер і атрымаем нейкія адказы.

Ці інфармацыя, якую перадае апарат «Новыя гарызонты», вас неяк здзівіла? Выглядае на тое, што планета пакрытая гарамі і на ёй амаль няма кратараў.

Здзівіла наяўнасць лёду. Лёд – такая штука, не зусім высока трывалая, з цягам часу з ледзяной коркай могуць адбывацца нейкія метамарфозы – разломы, перасоўванні. Асноўныя кратары ўтвараліся на ўсіх аб’ектах Сонечнай сістэмы вельмі даўно – больш за 3,5 млрд гадоў таму. З таго часу, канечне, лядовая паверхня магла некалькі разоў абнавіцца, і таму кратараў там шмат не знойдзем. А тое, што ёсць горы, і высокія (да 3,5 км) – гэта здзіўляе. Гэта гаворыць пра тое, што там не проста ледзяная корка, гэтую корку прадказвалі і раней, у гэтай корцы адбываюцца нейкія тэктанічныя працэсы, сур’ёзныя. Што іх спараджае? Трэба шукаць адказ.

Што будзе далей? Цяпер зонд вырушыў да межаў сонечнай сістэмы. Што ён можа спаткаць?

Калі планаваўся сам зонд, меркавалася, што, быць можа, пасля Плутону, удасца накіраваць яго яшчэ да якога-небудзь цела з пояса Кёйпэра. На момант запуску не ведалі ніводнага аб’екта, да якога можна было б накіраваць зонд. Цяпер ёсць два аб’екты пояса Кёйпэра, да якіх амаль са 100 %-ай верагоднасцю зонд можа даляцець. Канечне, спатрэбіцца яшчэ не адзін год палёту. Пакуль усе занятыя атрыманнем дадзеных з апарата «Новыя гарызонты». Галоўнае – выцягнуць яшчэ што-небудзь пра Плутон. Пасля будзе прымацца рашэнне. Быць можа траекторыю зонда скарэктуюць, і тады мы зможам атрымаць інфармацыю пра іншае цела. А так увогуле ён можа ляцець хоць да ўскрайку Сонечнай сістэмы. Калі ўсе прыборы будуць працаваць, то есць магчымасць атрымаць некаторыя дадзеныя, напрыклад, пра стан сонечнай плазмы на ўскрайку сонечнай сістэму, што ўжо раней атрымлівалі ад іншых апаратаў.

А дзе ўвогуле могуць быць межы сонечнай сістэмы?

У астраномаў ёсць такое дакладнае вызначэнне. Ад Сонца стала ідзе плынь плазмы, зараджаных часцінак, так званы «сонечны вецер». І, канечне, паміж зорак прастора таксама запоўненая разраджанай плазмай, якая з’яўляецца зорным ветрам іншых зорак. І вось дзесьці ёсць мяжа, дзе сонечны вецер ужо перастае дамінаваць, а дамінаваць пачынае, скажам так, «зорны вецер». Гэта лічыцца мяжой сонечнай сістэмы.

Каб даляцець да Плутону, спатрэбілася 9 гадоў, хоць зонд і ляцеў з хуткасцю 60 тысячаў кіл/гадзіну. Рух з такой хуткасцю да найбліжэйшай зоркі за Зямлі забраў бы некалькі дзясяткаў тысячаў гадоў.

Згодна з нашымі цяперашнімі фізічнымі ведамі, палёты да зорак практычна немагчымыя. Але сярод фізікаў ці астраномаў у многія часы з’яўляліся такія настроі, калі пачыналі гаварыць, што, маўляў, мы амаль наблізіліся да раскрыцця ўсяго, толькі парачка дробных пытанняў засталася. А пасля гэтыя пытанні вырасталі ў цэлыя новыя раздзелы, і наша ўяўленне пра сусвет пераварочвалася. Хоць, канечне, мне ніяк не верыцца, што мы можам даляцець да зорак, але ніхто не сцвярджае, што праз 10, 20 ці 30 гадоў мы не адкрыем штосьці прынцыпова новае для нас, што дазволіць здзяйсняць такія падарожжы з лёгкасцю.

Віктар Малышчыц – выкладчык астраноміі, фатограф ды стваральнік праекту Беларусь у абдымках зорак.

Гутарыў Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў