Заява «Моладзі БНФ» з нагоды адлічэння Ганны Смілевіч з БДУ: Універсітэты залежаць ад ідэалагічнай вертыкалі


Фота: vk.com/bnf_moladz

З нагоды пагрозы адлічэння з БДУ старшыні «Моладзі БНФ» Рада арганізацыі прыняла заяву.

«Мы, актывісты Моладзі БНФ занепакоены станам правоў і свабодаў студэнтаў(ак) і выкладчыкаў(ыц) беларускіх універсітэтаў. Сёння ў чарговы раз гэтыя правы былі парушаны. У Інстытуце журналістыкі БДУ распачаты працэс адлічэння старшыні «Моладзі БНФ» Ганны Смілевіч. Мы лічым гэтае адлічэнне палітычна матываваным, бо напярэдадні супрацоўнікі КДБ вялі адпаведную працу з выкладчыкамі, распытвалі пра тое ці не з’яўляецца Ганна Смілевіч кіраўніком нейкай моладзевай арганізацыі, як ставіцца да БНФ, БРСМ і г.д. Таксама адзначаем, што да абрання кіраўніком «Моладзі БНФ» у Ганны Смілевіч не было праблем з вучобай, а адразу пасля абрання яны з’явіліся.

Гэтае адлічэнне з’яўляецца грубым парушэннем акадэмічных свабодаў і паказчыкам адсутнасці аўтаноміі ўніверсітэтаў і цалкам пацвярджае залежнасць беларускіх дзяржаўных універсітэтаў ад ідэалагічнай вертыкалі. Па сутнасці, адміністрацыя дзяржаўных універсітэтаў прымае рашэнні па адлічэнні студэнтаў без узважанай, справядлівай ацэнкі паспяховасці вучобы, а згодна з загадамі ідэолагаў і спецслужбаў.

Таксама нагадваем, што ў 2017 годзе з гістарычнага факультэта БДУ за актыўную грамадска-палітычную дзейнасць (а менавіта за ўдзел у мірнай акцыі па абароне мемарыялу – месца расстрэлу рэпрэсаваных «Курапаты») быў адлічаны экс-кіраўнік Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч. Да гэтага моманту суд не жадае разглядаць яго справу, а кожны семестр Юрась Лукашэвіч атрымоўвае адмову ў аднаўленні. Увогуле за 2016-2018 гады з беларускіх універсітэтаў былі адлічаны каля 15 студэнтаў за актыўную грамадска-палітычную дзейнасць у тым ліку за ўдзел у мірных сходах.

У той жа момант ціску падвяргаецца не толькі кіраўніцтва Моладзі БНФ, але і шараговыя сябры арганізацыі, якія вучацца ва ўніверсітэтах ці школах і якія праяўляюць сваю актыўную пазіцыю. Выклікі да дэканата, адміністрацыі школы, абмеркаванне прадстаўнікамі адміністрацыі навучальных установаў асабістых старонак актывістаў у сацыяльных сетках сталі ўжо звычайнай справай.

Усё гэта ў сукупнасці сцвярджае тое, што рэпрэсіі ў адносінах да актыўных студэнтаў працягваюцца, ва ўніверсітэтах адсутнічае рэальнае самакіраванне, акадэміцкія вольнасці. Універсітэты цалкам падкантрольны ідэалагічным аддзелам і спецслужбам.

Мы рашуча асуджаем выключэнне Ганны Смілевіч і выпадкі палітычнага ціску на студэнтаў у цэлым і патрабуем:

Ад БДУ:

1) Спыніць выключэнне Ганны Смілевіч з Інстытуту журналістыкі БДУ

2) Аднавіць намесніка старшыні Партыі БНФ Юрася Лукашэвіча на гістарычным факультэце

Ад усіх беларускіх універсітэтаў:

3) Аднавіць студэнтаў і студэнтак адлічаных раней за грамадска-палітычную дзейнасць і ніколі ў далейшым не ўжываць рэпрэсіі ў выглядзе адлічэння ў адносінах да студэнтаў за іх грамадска-палітычную дзейнасць.

Таксама звяртаемся да міжнародных партнёраў беларускіх універсітэтаў з просьбай звярнуць увагу на дадзеныя выпадкі парушэння правоў студэнтаў і прыняць адпаведныя крокі, каб не дапускаць такіх адлічэнняў у будучым. А менавіта – звярнуцца да беларускіх універсітэтаў з патрабаваннем аднавіць усіх адлічаных студэнтаў і студэнтак за грамадска-палітычную дзейнасць, а таксама патрабаваць ад адміністрацыі беларускіх універсітэтаў зрабіць неадкладныя захады па забяспечэнню правоў і свабодаў студэнтаў і прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, замацаваныя ў Magna Charta Universitatum і згодна прынцыпаў Балонскага працэсу», – гаворыцца ў заяве «Моладзі БНФ».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары