Затрыманы начальнік Столінскага РАУС – ён быў пʼяны за стырном


Фота polese.by

Начальніка Столінскага РАУСу, падпалкоўніка Вячаслава Філіпчыка затрымалі 22 красавіка ў вёсцы Галева Пінскага раёну. Ён знаходзіўся за стырном у стане алкагольнага апянення. Пра гэта сёння паведаміла прэс-служба МУС.

Затрыманне адбылося падчас сумеснага планавага рэйду. Паводле прэс-службы, затрымлівалі Філіпчыка супрацоўнікі спецыяльнага ўзводу «Буг» ДПС ДАІ Упраўлення ўнутраных спраў па Берасцейскай вобласці, супрацоўнікі ўпраўлення ідэалагічнай працы і кадравага забеспячэння, а таксама Галоўнага ўпраўлення ўнутранай бяспекі МУС.

Падкрэсліваецца, што на момант інцыдэнту, Філіпчык быў у адпачынку.

Цяпер падпалкоўніка пакараюць згодна з адміністрацыйным заканадаўствам і звольняць з міліцыі.

Начальнік прэс-службы МУС – «Белсату»: Ніякіх каментароў, пакуль не зменіце рэдакцыйную палітыку

«Змяніць рэдакцыйную палітыку» парэкамендаваў «Белсату» начальнік прэс-службы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Канстанцін Шалькевіч, калі мы звярнуліся да яго па каментар з нагоды затрымання Філіпчыка.

Мы паспрабавалі высветліць у прэс-службе МУС, ці знаходзіцца Філіпчык у ізалятары і даведацца статыстыку падобных правапарушэнняў з боку міліцыянтаў.

На просьбу «Белсату» прэс-сакратар ведамства Канстанцін Шалькевіч адрэагаваў наступным чынам: «Вашаму тэлеканалу я не буду нічога каментаваць. Па-першае, вы не маеце акрэдытацыі, па-другое – усе навіны асвятляеце тэндэнцыйна. Ніякіх каментароў не будзе, пакуль вы не зменіце сваю рэдакцыйную палітыку».

Мы папрасілі ўдакладніць, чаму і ў які бок «Белсату» трэба змяніць палітыку, аднак Шалькевіч сказаў:
«Гэта не тэлефонная размова»

Раней у Беларусі ўжо прыцягвалі да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія кіравалі ў нецвярозым стане і праз гэта трапілі ў ДТЗ. У 2008 годзе, паводле міліцэйскай зводкі, намеснік старшыні Лунінецкага РАУС пра такіх абставінах збіў 14-гадовую дзяўчынку. Трыма гадамі пазней на Случчыне ў ДТЗ з удзелам пʼянага міліцыянта загінулі 2 асобы. Летась п’яны начальнік дарожнай аўтаінспекцыі з Баранавічаў збіў на смерць жанчыну.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары