Затрыманне Чубакі ды парушэнні. Ва Украіне прайшлі мясцовыя выбары

photo

У нядзелю ва Украіне прайшлі выбары ў мясцовыя органы ўлады, падчас якіх абіралі мэраў 358 гарадоў абласнога і раённага значэння, а таксама дэпутатаў абласных і раённых саветаў.

Да сярэдзіны дня, як паведамляе аператыўны штаб МУС Украіны, паступіла 470 паведамленняў аб парушэннях падчас выбарчага працэсу – гэтак, правяраюцца 54 факты подкупу выбарнікаў. На ўчастку ў Мікалаеве заўважылі ўключаную над кабінкамі для галасавання відэакамеру.

Спробы выдаваць бюлетэні без прадяўлення пашпарта – самае распаўсюджанае парушэнне на выбарах, заяўляе грамадзянская ініцыятыва «Опора». Такое парушэнне назіральнікі заўважылі на кожным сёмым участку, падае Бі-Бі-Сі.

У Адэсе паліцыя затрымала чалавека ў касцюме Чубакі з цыклу «Зорныя войны». Чубака быў за рулём адной з машын, якая прывезла каманду Дарта Вэйдэра (адзін з кандыдатаў у мэры Адэсы балатуецца пад імем гэтага персанажа) на ўчастак. Аднак у кіроўцы не было пры сабе дакументаў. Акрамя таго, ён адмовіўся прадстаўляцца паліцыі і добраахвотна ехаць у аддзяленне.

Выбарчыя ўчасткі ў Марыупалі і Чырвонаармейску не змаглі пачаць працу праз адсутнасць бюлетэняў. Па дадзеных МУС Украіны, па ўсёй краіне не адкрыліся 237 участкаў: 235 у Марыупалі і Краснаармейску, яшчэ два ў Сумах.

МУС мае намер пачаць расследаванне ў дачыненні да чальцоў Марыупальскага гарадскога выбаркаму па падазрэнні ў зрыве выбарчага працэсу.

Выбары не праводзяцца ў частках Данецкай і Луганскай вобласцяў, якія кантралююць самаабвешчаныя ДНР і ЛНР, а таксама ў 91-ым населеным пункце Данецкай і 31-ым – Луганскай вобласці на падкантрольнай Кіеву тэрыторыі, у якіх, як адзначаюць украінскія ўлады, немагчыма гарантаваць бяспеку выбарнікам і чальцам выбарчых камісіяў.

Паводле экзіт-полаў, у выбарах на пасаду мэра Кіева лідаруе дзейны галава гораду Віталь Клічко з 38,4 % галасоў, ягоны супернік Сяргей Гусоўскі набраў 9,2 %. Сталіцу Украіны можа чакаць яшчэ другі тур выбараў.

Найбольшае падтрыманне ў блоку Пятра Парашэнкі «Салідарнасць», за якім ідуць ягоныя партнёры па ўрадавай кааліцыі «Самапоміч» і «Бацькіўшчына».

Міжтым прадстаўнікі ДНР заяўляюць, што Кіеў на фоне выбараў у рэгіёнах «ігнаруе замацаваны ў Менскіх пагадненнях працэс мірнага ўрэгулявання», не адводзячы цяжкага ўзбраення ад лініі размежавання.

Вынікі выбараў павінны быць вызначаныя да 4 лістапада і апублікаваныя цягам пяці дзён, а ў выпадку правядзення другога туру выбараў мэра ў вялікіх гарадах – не пазней за 20 лістапада.

МЯ, паводле Бі-Бі-Сі

Тэгі: ,
Глядзі таксама
Каментары