Замест купання ў фантанах – штурм будынку і залпы артылерыі. Як у цэнтры Менску адзначылі Дзень дэсантніка


Фота - REUTERS/Vasily Fedosenko

Упершыню за шмат год святочную імпрэзу на Дзень дэсантніка і сіл спецыяльных аперацый правялі на Нямізе. Мінабароны ініцыявала маштабнае шоу ў самым цэнтры горада, якое распачалося а 10-й гадзіне раніцы і скончыцца вечаровым канцэртам.

На агароджанай пляцоўцы ля Палацу спорту прадэманстравалі новую і старую вайсковую тэхніку «у справе»: працавала артылерыя, гранатамёты, мінамёты ды зенітныя ўстаноўкі. Таксама байцы ССА паказалі гледачам элементы рукапашнага бою, эпізоды са стральбой халастымі патронамі і разбіванне прадметаў галавой.

Пад акампанемент расейскага року байцы ў масках клаліся спінай на бітае шкло і разбівалі адзін аб аднаго цагліны.

«Такім чынам байцы дэманструюць высокі ўзровень фізічнай і псіхалагічнай, маральнай падрыхтоўкі. Усім, хто хоча быць сапраўдным мужчынам, хто не баіцца праблем – шлях у спецназ», – тым часам прамаўляў са сцэны вядоўца.

Эпізод штурму будынку

А 14-й гадзіне на суседнім 10-павярховым будынку пачаўся «штурм» – дзве групы спецназаўцаў, адстрэльваючыся, на тросах спусціліся ўніз галавой і «ліквідавалі праціўніка», скочыўшы з аўтаматам наперавес у адкрытыя вокны.

Сярод удзельнікаў паказальнага выступу – 103-я Віцебская паветрана-дэсантная дывізія і 5-я асобная брыгадя спецназу з Марʼінай Горкі. Рэпетыцыя пачалася яшчэ 27 ліпеня.

Адметны момант праграмы – «вальс» на БТР-80: з дзясятак баявых машын кружлялі па пляцоўцы ў рытм музыкі.

Для гледачоў, як звычайна гэта бывае падчас масавых святкаванняў, разгарнулі палявую кухню і зладзілі розныя конкурсы. Смажылі шашлыкі, гандлявалі трыкатажам, прапаноўвалі пастраляць з пнеўматычнай зброі і раздавалі сцяжкі з эмблемай Міністэрства абароны. Уваход на пляцоўку – толькі пасля пільнага надгляду і праверкі торбаў.

Тут можна было патрымаць у руках аўтаматы Калашнікава, пісталеты сістэмы Макарава, рэвальверы і шмат іншай зброі. Усе ахвотныя маглі не толькі сфатаграфавацца на фоне вайсковай тэхнікі, але і залезці ўнутр баявых машын.

Маленькі хлопчык, якога бацькі прывялі на імпрэзу, з задавальненнем забраўся на сядзенне сучаснага беларускага браневіка Volat. Але, пачуўшы праз некалькі хвілін залпы артылерыі, спужаўся ды схаваўся за дарослых. Сапраўды, эпізоды са стральбой адбываліся ў непасрэднай блізкасці ад натоўпу, а ўзровень дэцыбелаў зашкальваў.

«Баявая» частка шоу завяршылася на вадзе. Паводле легенды, мусіла адбыцца ліквідацыя «незаконнага ўзброенага бандфарміравання, якое пранікла на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на водным транспарце і захапіла абʼект інфраструктуры». Варта падкрэсліць, што сцэнар захопу баевікамі гідравузлу адпрацоўваўся беларускім войскам падчас сёлетніх вучэнняў «Славянскае братэрства – 2017» у чэрвені.

Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін у інтэрвʼю «Белсату» выказаў меркаванне, што Дзень дэсантніка і ССА ў гэтым годзе вырашылі правесці ў цэнтры гораду і з такім размахам па шэрагу прычын. Сярод іх – жаданне прадэманстраваць абарончы патэнцыял самім беларусам і «усходняму суседу» напярэдадні вучэнняў «Захад-2017». Акрамя таго, Алесін лічыць гэта адказам улады праціўнікам правядзення парадаў.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары