За ўдзел у акцыях з бел-чырвона-белым сцягам у пенсіянеркі канфіскавалі мікрахвалёўку


На фота: Ніна Багінская на акцыі «Праспект нацыянальнага сцягу» ў Менску

З менскай кватэры 69-гадовай актывісткі Ніны Багінскай судовыя выканаўцы вынеслі бытавую тэхніку.

З менскай кватэры 69-гадовай актывісткі Ніны Багінскай судовыя выканаўцы вынеслі мікрахвалёўку і пральную машыну ў лік штрафаў за акцыі, атаксама наклалі арышт на дачныя ўчасткі актывісткі. Пра гэта паведамляе сайт «Беларускі дакументацыйны цэнтр».

«Штрафаў за ўдзел у акцыях у мяне ўжо набегла на 40 мільёнаў, на судовыя паседжанні я ўжо не хаджу – ня бачу сэнсу, навошта марнаваць час? Першы раз судовыя выканаўцы прыйшлі ў маю адсутнасць. У хаце быў сын. Яны правялі вопіс маёмасці. Я напісала заяву ў суд, што я ня згодная, бо гэта не мая маёмасць, а маіх дзяцей. У адказ атрымала звычайную адпіску, на іх думку – усё законна. Праз тыдзень прыйшлі забіраць апісанае: двое ў цывільным і двое ў форме судовых выканаўцаў. У кватэру я іх не пускала, выклікала міліцыю. Судовыя выканаўцы ўсё здымалі на відэакамеру. Прыехаў нарад міліцыі, я ім паведаміла, што мяне хочуць абрабаваць. На якой гэта падставе гэтыя людзі хочуць забраць рэчы, якія нават мне не належаць? Дзяржава рэпрэсуе мяне, дык з маёй пенсіі і вылічваецца! Пры чым тут мае дзеці, унукі і праўнукі?».

20 траўня судовыя выканаўцы і забралі з яе кватэры пральную машыну і мікрахвалевую печ.

«Але як жа так? Гэта ўсё належала маім дзецям, унукам, праўнукам. Унучка цяпер рукамі мые адзежу для майго сямімесячнага праўнука. Яны ў чым вінаватыя? Пазней я атрымала ліст пра тое, што і на мае дачныя ўчасткі накладзены арышт – у Дамашанах і Мар’інай горцы. Я рыхтую пратэст у пракуратуру», – кажа Ніна Багінская.

Сёлета актывістка атрымала чарговую судовую позву – за ўдзел у акцыі «Праспект нацыянальнага сцягу» яе будуць судзіць за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» ды «непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні службовых паўнамоцтваў».

ЮВ, belsat.eu, паводле bydc.info

Стужка навінаў