За расцяжку «Свабоду Юрыю Рубцову» затрымалі актывістаў


У Менску на Лагойскім тракце каля крамы «Гіпа» былі затрыманыя актывісты Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў і Сяргей Мацкойць.

Актывістаў затрымалі 19 чэрвеня а 21-й гадзіне падчас спробы вывесіць расцяжку «Свабоду Юрыю Рубцову», пра гэта карэспандэнту радыё «Свабоды» паведаміла праваабаронца Марыя Касцян.

Спачатку іх адвезлі ў Першамайскі РУУС, а цяпер яны знаходзяцца ў ізалятары менскай раённай міліцыі на вуліцы Францішка Скарыны, 20. Чакаецца, што суд над актывістамі будзе ў панядзелак у Менскім раённым судзе.

Актывістаў абвінавачваюць у дробным хуліганстве.

Юрый Рубцоў быў асуджаны на 2 гады зняволення ў калоніі пасля таго, як адмовіўся працаваць на «хіміі» за нізкі заробак і зрабіў на грудзі татуіроўку «Лукашэнка, сыходзь». Цяпер Рубцоў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Баранавічах. На «хімію» ён трапіў за абразу суддзі, які вёў працэс, нягледзячы на тое, што Рубцова прывезлі на працэс без верхняга адзення.

МЯ, паводле svaboda.org

Стужка навінаў