«З меркаванняў бяспекі»: ФСБ забараніў выдаць харвацкім футбалістам ровары для трэніровак


Харвацкай зборнай па футболе, якая падчас Чэмпіянату свету размяшчаецца ў Выбаргскім раёну Ленінградскай вобласці, адмовілі ў выдачы ровараў для трэніровак.

Як паведамляе расейскае выданне «47news», у канцы мінулага тыдня менеджмеры зборнай Харватыі па футболе, якая размяшчаецца ў санаторыі «Лясная рапсодыя» пасёлку Іллічова, папрасілі выдаць для трэніровак 30 ровараў. На сабранай міжведамаснай нарадзе, якой кіраваў супрацоўнік ФСБ, вырашылі выдаць харватам толькі два ровары.

Як патлумачылі «47news» у кампетэнтных органах, справа не ў эканоміі. Прычына адмовы – складанасці ў забеспячэнні бяспекі ў выпадку, калі 30 спартоўцаў сядуць на ровары. Калі б іх суправаджалі паліцыянты, то апошнія маглі б папросту не паспяваць за спартоўцамі.

Увогуле зборную Харватыі ахоўваюць на самым высокім узроўні.

«Як пажартавалі на нарадзе, калі харвацкаму футбалісту мясцовыя, пагарачыўшыся, праломяць галаву ў сельскай краме, то ўсе, хто забяспечваюць бяспеку зборнай, з’едуць ахоўваць шахматны турнір у Сібір», – напісала расейскае выданне.

І дадала, што замест ровараў харватам прапанавалі ў поўнае распараджэнне басейн, які лёгка кантраляваць. Ад басейну менеджары балканскай зборнай адмовіліся, як і ад двух ровараў.

«На гэта, зрэшты, і быў разлік», – пракаментаваў адзін з супрацоўнікаў.

НМ, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Alexander Demianchuk/TASS/Forum

Стужка навінаў