З 23 чэрвеня беларусы будуць рабіць адбіткі пальцаў у візавых цэнтрах Польшчы


Амбасада Польшчы ў Беларусі аб’явіла тэндэр на аказанне паслуг візавых цэнтраў.

Пра гэта паведамілі агенцтву БелТА ў польскім пасольстве.

Візавыя цэнтры Польшчы адкрыюцца ў Менску, Берасці, Горадні, Гомлі, Магілёве, Пінску, Баранавічах і Лідзе. У іх мае знаходзіцца як мінімум 42 вокны для прыёму дакументаў на візы і 20 месцаў для збору біяметрычных дадзеных заяўніка.

З 23 чэрвеня беларусы дзеля атрымання шэнгенскай візы павінны будуць падаць біяметрычныя дадзеныя – адбіткі ўсіх пальцаў рук і лічбавую фатаграфію. Згодна з умовамі тэндэру ў візавых цэнтрах мусіць быць неабходнае для гэтага абсталяванне. Заяўкі на ўдзел у тэндэры будуць прымацца да 10 чэрвеня.

Мяркуецца, што візавыя цэнтры змогуць штогод прымаць 290 тыс. хадайніцтваў на атрыманне віз, у тым ліку цэнтр у Менску мае прыняць 80 тыс. Заяўкі можна будзе падаваць з панядзелка да пятніцы (акрамя дзяржаўных святаў) ад 9.00 да 17.00. Рашэнне аб выдачы візы будзе прымацца цягам дзесяці рабочых дзён. Пры неабходнасці разгляд дакументаў можа быць падоўжаны да 30 дзён.

МЯ, паводле БелТА

Глядзі таксама
Каментары