Ёганэс Ган сустрэнецца і з Лукашэнкам, і з апазіцыяй


Камісар па Еўрапейскай палітыцы суседства абмяркуе з кіраўніцтвам Беларусі і апазіцыйнымі сіламі (паасобку) стасункі Беларусі з ЕЗ, правы чалавека і рэгіянальную супрацу.

30 студзеня Беларусь наведвае Камісар па Еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах пра пашырэнне Ёганэс Ган.

Еўрапейскі чыноўнік сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, прэм’ерам Андрэем Кабяковым і міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеям.

Візіт адбываецца ў межах рэалізацыі рашэнняў апошняга саміту Усходняга партнёрства.

Старонка прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі падае, што тэмаю размоваў будуць задачы, узгодненыя на брусельскім саміце.

Камісар таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі апазіцыі і ўдзельнікамі праекту «Мост».

Паводле Гана, апошнім часам адносіны паміж ЕЗ і Беларуссю развіліся.

«Мы значна пашырылі нашую супрацу», – заявіў камісар.

«Актывізавалася супраца ў галінах, якія ўяўляюць агульны інтарэс. Еўразвяз павялічыў падтрыманне ініцыятываў па развіцці рэгіёнаў і прыватнага сектара, падтрыманне грамадзянскай супольнасці, а таксама дапамогу ў сферы энергаэфектыўнасці. Намаганні ЕЗ і надалей будуць канцэнтравацца на актывізацыі ўзаемадзеяння з усімі сегментамі беларускага грамадства. Мой візіт будзе засяроджаны на адносінах паміж ЕЗ і Беларуссю, правах чалавека, а таксама рэгіянальнай супрацы і супольна дасягнутага прагрэсу ў рэалізацыі дакументу «20 канкрэтных задач да 2020 года», закліканых забяспечыць беларускім грамадзянам адчувальныя паляпшэнні ў штодзённым жыцці», – кажа Ёханэс Хан.

Апошні раз чыноўнік наведваў Беларусь у 2015 годзе.

ДД

Стужка навінаў