Прэмʼера на «Белсаце»: як «самаходы» пабудавалі Беларусь за 3 тыс. км ад Менску


«Самаходы» жывуць больш чым за 3 тыс. км ад Менску і лічаць сябе беларусамі. Яны не купляюць піва ў краме, бо самі вараць лепшае – паводле старадаўняга рэцэпту. З хмелю, прывезенага прадзедамі з Магілёўшчыны. 

Каб трапіць да «самаходаў», спачатку трэба пераадолець каля 3 тыс. км да Цюмені, адтуль 400 км аўтам да райцэнтру Вікулава і яшчэ 70 – па грунтоўцы, да Ермакоў і Асінаўкі. Сцэнарыстка Вольга Лабачэўская вырашыла завітаць да іх у госці з відэакамерай. Так, у супрацы з рэжысёркаю Ірынай Волах ды аператарам Юрыем Плюшчавым, паўстаў фільм для «Белсату». Так што вам зусім неабавязкова ехаць туды самім. Глядзіце прэм’еру (відэа вышэй)!

Продкі «самаходаў» гэты шлях пераадолелі напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ ст. Яны прыйшлі сюды з Магілёўскай, Віцебскай і Гарадзенскай губерняў у пошуках лепшай долі. Як сустрэлі землякоў з відэакамерай іхныя нашчадкі, мы размаўляем з Вольгаю Лабачэўскай і Ірынаю Волах.

Вольга Лабачэўская і Ірына Волах

Калісьці перасяленцы з чарнобыльскай зоны частавалі мяне сокам з бярозкі, якая прыехала з імі ў ваколіцы Горадні з забруджанага Брагіна. Хмель у Сібір беларусы таксама прывезлі свой?

Вольга Лабачэўская: Так. Без піва ў «самаходаў» няма свята. Адна з гераіняў фільму Алена варыць яго навучылася ад сваёй маці Домны, тая – ад сваёй маці Марыі. Алене заўсёды дапамагае муж Мікалай. Гатаванне піва – гэта сапраўдны рытуал: не толькі таму, што хмель, ячмень, зёлкі трэба класці ў акрэслены час, але і па словах, якія трэба сказаць.

«Самаходскае» піва

Гэтае піва жывое, густое і адчуваецца, што яно з зерня, якое ўвабрала смак зямлі. Гэта не толькі напой, а пэўная сімвалічная повязь з традыцыямі продкаў і сваёй гістарычнай радзімай. Таму працэс яго прыгатавання – як кропля, якая, дзякуючы сродкам кінамовы, набывае на экране памеры павелічальнага шкла. Яно дазваляе спачатку ўгледзецца ў асобных герояў, а пасля перайсці да лёсу цэлай групы людзей, з’яднаных памяццю аб сваім беларускім паходжанні.

Чым адметныя беларускія хаты ў Сібіры?

Вольга Лабачэўская: Этнаграфічнымі дэталямі ў сенцах (роспіс, драўлянае начынне), разьбою на драўляных ліштвах аканіц. Партрэты першых беларусаў-перасяленцаў на сценах у кожным доме. З іх сурова і строга пазіраюць тыя, хто здолеў вытрымаць першыя сібірскія зімы, раскарчаваць непраходны лес і пабудаваць свой дом. Домна Лашакова (1925 года нараджэння) распавяла, што маці паходзіла з в. Усушкі Прапойскай вол. Быхаўскага павета (цяпер Чавускі раён Магілёўскай вобласці), адтуль прывезла свой дзявочы пасаг – багата вышываныя сарочкі, фартухі, хусткі. Замуж выйшла ўжо ў Сібіры. У вышываных рэчах яе і пахавалі, як яна і загадала. Ручнік і сёння вісіць на іконе ў куце.

Ірына Волах: У кожнага вяскоўца ёсць прыхаваны мяшэчак з фотаздымкамі, лістамі, рэчамі продкаў з Беларусі.

Падчас здымкаў фільму

А што ставяць на стол, калі запрашаюць гасцей?

Вольга Лабачэўская: Спадарыня Алена, дачка Домны, частавала сібірскімі шанюшкамі з бульбай і печанымі вушкамі з морквай, рыбай з ракі Тэніс, на якой самаходы заснавалі сваё вёску. Грыбамі і ягадамі з навакольных лясоў, кедравымі арэшкамі.

Ірына Волах: У «самаходаў» захаваліся ўсе беларускія стравы з бульбы, мяса, сала ці кіслай капусты.

Ці размаўляе хтосьці па-беларуску?

Ірына Волах: Канешне, гаварыць пра нейкую цэласнасць мовы ў нашчадкаў самаходаў у трэцім ці чацвёртым пакаленні не выпадае. Захаваліся толькі фрагменты і асобныя словы. Але адрознасць гаворкі жыхароў вёсак Ермакі, Ялоўка і Асінаўка – відавочная. Тыя, хто служыў у савецкім войску ці працаваў на буйных сібірскіх будоўлях, кажуць, што беларусы з Беларусі, якія там былі, іх заўжды вылучалі і далучалі да свайго зямляцтва.

Калі паслухаць размову, скажам, у ялоўскай краме, то ствараецца абсалютнае ўражанне магілёўскай вёскі.

Ніякіх моўных курсаў, на жаль няма. Пасля таго, як разваліліся калгасы і не стала працы, моладзь зʼязджае з вёсак.

Якія беларускія словы захаваліся ў сібірскай глушы?

Ірына Волах: І ганак, і патэльня, і столь, і мост (на Магілёўшчыне так называлі падлогу), і цыбуля, і яечня… Ёсць і архаічныя выразы, напрыклад, «пайсці ў прочкі» – гэта калі жонка сыходзіць ад мужа, маючы на тое важкія прычыны.

Падчас здымкаў фільму пра «самаходаў»

Што для «самаходаў» значыць «быць беларусам»?

Ірына Волах: Гэта адметнасць, якая шануецца і падкрэсліваецца, каб не згубіцца ў тамтэйшых прасторах. Спачатку былі самаходы, якія «самохаць», па сваёй волі, прыйшлі з Расейскай імперыі – Магілёўскай і Гомельскай губерні. Яны пасяліліся ў Сібіры кампактна, таму трымаліся сваіх традыцый і звычаяў, адрозных ад карэннага мясцовага насельніцтва – чалдонаў. Ідэнтыфікацыя нашчадкаў перасяленцаў як беларусаў узмацнілася, калі паўстала БССР, і асабліва – часы незалежнасці Беларусі.

Каштоўна тое, што іх традыцыі, і песні, і гаворка не наноў вывучаныя на курсах, а натуральныя, прынесеныя яшчэ ў канцы ХІХ ст.

Як традыцыя гатавання хатняга піва ці ўрачыстага штогадовага перанясення іконы з хаты, дзе яна захоўвалася ўвесь папярэдні год, да новага гаспадара. Дзея адбываецца на Раство і збірае багата народу не толькі з беларускіх вёсак. Ікона называецца «Свяча». Такая традыцыя да сёння захавалася ў Магілёўскай вобласці Беларусі.

Вольга Лабачэўская: Прадстаўнікі сярэдняга і малодшага пакаленняў беларусаў стварылі ў Цюменскай вобласці музеі гісторыі ды культуры перасяленцаў, а таксама фальклорныя калектывы, якія абапіраюцца на мясцовы спеўны матэрыял і беларускія выданнямі па фальклоры. Гэты рух падтрымлівае грамадская арганізацыя «Нацыянальна-культурная таварыства «Аўтаномія “Беларусь”», якая дзейнічае ў Цюменскай вобласці з 1997 года.

Дарэчы, ці важная для «самаходаў» незалежнасць Беларусі? Ці яны бачаць яе, хутчэй, у складзе Расеі?

Ірына Волах: Незалежнасць Беларусі вельмі важная для гэтых людзей. Гэта цяжка растлумачыць, але ўсведамленне таго, што недзе далёка ёсць іх гістарычная радзіма – зямля продкаў, зямля запаветная, вельмі падтрымлівае сібірскіх беларусаў у штодзённым жыцці.

Беларусь і мара калі-небудзь там пабываць – гэта часцінка душы кожнага «самахода».

А як сібірскія беларусы ставяцца да Лукашэнкі?

Ірына Волах: Лукашэнка – частка агульнага міфу пра «райскую зямлю Беларусь, дзе дзякуючы прэзідэнту пануе лад і парадак».

Гурт «Россияночка»

Іронія лёсу: фальклорны гурт з Ермакоў называецца «Россияночка». Ягоная кіраўніца Надзея Вычужаніна (1966 года нараджэння) ведае пра свае беларускія карані і нават зрабіла прысвечаны продкам альбом, які назвала «По дорогам воспоминания». Два гады таму яна са сваім калектывам была на фальклорным фестывалі ў Менску: «Душа играла, на родину деда приехала!». Захапленне ад сустрэчы з Радзімай не прайшло дагэтуль.

Інга Астраўцова, belsat.eu, фота Ірыны Волах і Вольгі Лабачэўскай

Стужка навінаў